2 траўня 2024, Чацвер, 21:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі «хуткай» прайгралі бітву за зарплаты

42
Медыкі «хуткай» прайгралі бітву за зарплаты

Віталь Агеенка, які быў актыўным удзельнікам пратэстаў медыкаў хуткай дапамогі, звальняецца з працы.

Каб зарабіць нармальныя грошы, у аўтамабілі хуткай трэба ў літаральным сэнсе жыць, кажа фельчар - нягледзячы на неаднаразовае павышэнне зарплаты медыкам за апошні час, пішуць «Беларускія навіны».

Медыкам пачалі павышаць зарплату як раз на хвалі пратэсту лекараў і фельчараў хуткай медыцынскай дапамогі. Першыя заявы работнікаў сталічнай службы хуткай меддапамогі аб недапушчальных умовах працы з'явіліся ў СМІ ў снежні мінулага года.

У пачатку студзеня збор подпісаў перайшоў на інтэрнэт-пляцоўку change.org, дзе была размешчана петыцыя работнікаў хуткай медыцынскай дапамогі да Лукашэнкі і міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Праз два дні петыцыя была закрытая без тлумачэння прычын, за гэты час яе падпісала звыш пяці тысяч чалавек. Беларускі прафсаюз работнікаў аховы здароўя падаў Міністэрству аховы здароўя свае прапановы ў паляпшэнні ўмоў працы работнікаў службы хуткай дапамогі. Далей былі перамовы, якія, здавалася, увянчаліся поспехам.

У пачатку года сталічным медыкам былі павялічаны даплаты да акладаў.

Далей, 1 красавіка тарыфная стаўка першага разраду вырасла на 2000 рублёў - з 260 да 262 тысяч рублёў, а 1 траўня - да 275 тыс. рублёў.

У адпаведнасці з пастановай Савета міністраў №303 ад 2 красавіка 2014 года, на 40% павялічаны тарыфныя стаўкі ўчастковым лекарам-тэрапеўтам, педыятрам, лекарам агульнай практыкі, а таксама лекарам, якія аказваюць хуткую медыцынскую дапамогу.

Фельчарам, якія выязджаюць на выклікі самастойна (фактычна выконваюць увесь комплекс абавязкаў лекараў), тарыфную стаўку паднялі на 30%.

І ўсё ж бітва прайграная, мяркуе Віталь Агеенка. Каб атрымаць такую надбаўку, медыкі хуткай выдаткавалі нямала сіл, але матэрыяльнага задавальнення не атрымалі.

Як распавёў Агеенка, яго зарплата павялічылася на 320 тысяч рублёў і склала ў красавіку 3 млн. 746 тыс. рублёў. Гэта крыху больш за 26 рублёў у гадзіну пасля выліку падаткаў.

Пры гэтым ужо ў пачатку года сярэдняя заработная плата работнікаў сістэмы аховы здароўя склала 3,9 млн. рублёў: у медыцынскіх работнікаў з вышэйшай адукацыяй - крыху больш за 6 млн. рублёў з улікам сумяшчальніцтва на 1,4 стаўкі.

Віталь Агеенка растлумачыў, што яго зарплата паказвае, колькі атрымлівае фельчар, які выязджае на выклікі самастойна, працуючы на стаўку. Ён працаваў па слізгаючаму графіку - 12 гадзін змена - 144 гадзіны за месяц: «На хуткай, як і ў лякарні, паліклініцы, можна зарабіць значна больш, чым я атрымаў. Каб зарабіць 7 млн, трэба працаваць на дзве стаўкі. Такі рэжым можна параўнаць з працай па 16 гадзін у дзень пяць дзён у тыдзень. І для таго, каб карміць сем'і, медыкі хуткай працуюць з вельмі высокай нагрузкай».

Віталь Агеенка так больш не хоча. Ён напісаў заяву аб звальненні, якое кіраўніцтва падпісала без каментароў. Ужо ў чэрвені на хуткай ён працаваць не будзе.

Паводле слоў медыка, яму вядомыя факты звальнення са службы хуткай дапамогі і іншых медыкаў: «Крыўдна сыходзіць, бо хуткая - гэта як сям'я, якой аддадзена значная частка жыцця. Аднак відавочна, што сітуацыя з заработнай платай не зменіцца бліжэйшым часам. Хоць, на мой погляд, людзі ўсведамляюць і з часам зразумеюць, што адбываецца. Ужо ўсведамляюць - глядзяць разліковыя лісты і могуць падлічыць, колькі каштуе іх гадзіна працы».

Ці развітаўся Агеенка з медыцынай канчаткова, ён не кажа. Аднак на хуткую ў агляднай будучыні не вернецца, у яго няма магчымасці чакаць гадамі, калі памер зарплаты стане годным.

Аддаўшы шмат гадоў службе хуткай дапамогі, ведаючы гэтую сістэму знутры і бачачы, што адбываецца цяпер, Віталь непакоіцца за будучыню службы: «Цяпер прыходзяць людзі без практыкі, набіраюцца навыкаў і сыходзяць. Каб працаваць на хуткай, патрэбен досвед, які дапамагае ратаваць жыцці».

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках