27 красавiка 2024, Субота, 22:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бежанцаў з Усходняй Украіны пасялілі ў «Межыгор'і»

Бежанцаў з Усходняй Украіны пасялілі ў «Межыгор'і»

Першым бежанцам, якія прыехалі ў Кіеў з усходніх рэгіёнаў Украіны, вырашылі даць прытулак у былой рэзідэнцыі Януковіча.

Дзесятак перасяленцаў з Луганска, Данецка і Краматорска і каля 20 крымчан рассялілі ў двухпавярховым доме, дзе раней жыла самая набліжаная прыслуга экс-прэзідэнта, перадае "Сегодня".

"Бежанцаў прывезлі ў "Межыгор'е". Мы часова выдзелілі ім дом для прыслугі Януковіча. Яго пабудавалі акурат перад уцёкамі экс-гаранта, так што ў доме нават яшчэ толкам не паспеў ніхто пажыць", - распавёў камендант "Межыгор'я" Дзяніс Тарахкацелік.

"Людзі бягуць у Кіеў не толькі з Крыма, але і з усходніх рэгіёнаў. Мы спачатку вырашылі пасяліць бежанцаў у доме экс-пракурора Пшонкі, але ўжо на наступны дзень туды наляцела самаабарона Майдана, і бежанцаў разам з рэчамі з дома вынеслі. З-за гэтага ў сямейнай пары пенсіянераў з Данецка здарыўся сардэчны прыступ, і іх забралі ў шпіталь", - кажа Гаідэ Рызаева, член каардынацыйнай рады Майдана.

Жывуць бежанцы ў пакоях па два чалавекі. Тут ёсць усе выгоды - душ, туалет і нават міні-кухня з газавай плітой. Ежу (сняданкі і абеды) прыносяць са сталовай, дзе сілкуюцца валанцёры і супрацоўнікі "Межыгор'я".

"На ўмовы грэх скардзіцца! У шафах нават была новая пасцельная бялізна, падушкі, коўдры. Апартаменты - як у чатырохзоркавай гасцініцы, а кормяць проста "на забой". Учора давалі макароны па-флоцку, сёння - бульбу з мясам", - кажа Сяргей П., бежанец з Макееўкі, і тут жа са слязамі на вачах дадае: "Але дома ўсё роўна лепш. Там у мяне дзядуля і бабуля засталіся, іншых родных у мяне няма".

У Кіеве хлопец ужо некалькі тыдняў - з роднага горада бег без рэчаў, прыхапіўшы толькі самае неабходнае. "З'ехаць прыйшлося з-за пагроз, бо я падтрымліваў Майдан. Калі прыехаў у Кіеў, спачатку здымаў недарагое жыллё, потым прыйшлося перабрацца на Майдан, а цяпер вось у "Межыгор'і" пасялілі. Як на працу ўладкуюся, то і родных у Кіеў забяру, баюся я за іх. Ды і вучобу скончыць трэба, дыплом атрымаць. Я ж на юрыста вучуся", - кажа Сяргей.

У 25-гадовага луганчаніна Сяргея Лабаноўскага на радзіме засталася 18-гадовая сястра, маці і старэйшы брат. "У Кіеў прыехаў некалькі дзён таму, таму што ў родным горадзе жыць стала немагчыма. Пастаянна чуваць стрэлы, рабуюць крамы, кватэры, - распавёў Сяргей. - Мой старэйшы брат і мама хочуць у Расею і не падтрымліваюць маіх поглядаў, так што дадому ўжо не паеду, хачу ў Кіеве працу знайсці і сястру з Луганска забраць, яна падтрымлівае мяне і Украіну. У "Межыгор'і", вядома, добра, але царскі палац не па мне - я не хачу на шыі ў кагосьці сядзець".

Таксама, як паведамілі валанцёры, 48 бежанцаў з Усходняй Украіны за апошнія дні экстрана вывезлі ў Іванкоўскі раён Кіеўскай вобласці, у прыватны дзіцячы лагер. "З іх 19 дзяцей - ад 2 да 14 гадоў з мамамі (бацькі засталіся ў Славянску). Акрамя іх, яшчэ 18 дзяцей з дзіцячага дома ва ўзросце ад 5 да 7 гадоў з выхавацелямі. Ім вельмі неабходныя грошы, прадукты і адзенне", - распавялі валанцёры.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках