26 красавiка 2024, Пятніца, 20:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Небяспечныя гульні з дыктатарам (Відэа)

13

У інтэрнэце з'явіўся відэаролік, прысвечаны ЧС па хакеі ў Менску.

Яго аўтарства належыць творчай групе Беларускага Свабоднага тэатра, кіраўніцтва якога яшчэ ў 2011 годзе пачало кампанію за перанос чэмпіянату ў іншую краіну.

Адзін з каардынатараў кампаніі «Не гуляйце з дыктатарам» і кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін адказаў на пытанні charter97.org.

- Вы мэтанакіравана вялі кампанію па пераносе чэмпіянату ў іншую краіну, але, тым не менш, чэмпіянат усё ж адбываецца ў Беларусі. Ці не лічыце вы кампанію няўдалай?

- Безумоўна, не. Сацыяльныя кампаніі праводзяцца з рознымі мэтамі, і, вядома ж, галоўная мэта іх - дамагчыся выніку. Праграмай максімум для нас быў перанос чэмпіянату ў іншую краіну, але не менш важным вынікам мы лічым інфармаванне беларускага грамадства аб тым, што адбываецца ў краіне: інфармаванне як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. Вельмі шмат зроблена, і я рады, што ў кампанію ўключылася велізарная колькасць простых грамадзян, творчых асоб, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і сусветных зорак. Так, мы не дасягнулі максімальнага выніку, але сітуацыя ўнутры міжнародных спартыўных структур такая, што яны па-канфармісцку настроены ў дачыненні да выбару краін-партнёраў, і фармальны лозунг «Спорт па-за палітыкай» пакуль дазваляе ім ігнараваць грамадскае меркаванне.

- А вы лічыце, што спорт не павінен быць па-за палітыкай?

- Тут існуе падмена паняццяў. Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Файзэль, прамаўляючы гэтую фразу, спрабуе зрабіць з нас палітыкаў ад спорту, але, на самой справе, сёння хакей у Менску абслугоўвае не заўзятараў, якіх, дарэчы, на матчах практычна няма, а Лукашэнку і яго капрызы.

- Але ёсць і станоўчыя моманты чэмпіянату - прыехала шмат заўзятараў з розных краін, беларускія аматары хакея з імі маюць зносіны.

- Так, ёсць пабочныя станоўчыя эфекты - і зносіны з замежнымі заўзятарамі адзін з іх. Але мы прытрымліваемся жорсткай пазіцыі: ніякая радасць заўзятараў не вартая арыштаў невінаватых людзей. А лік неабгрунтаваных арыштаў ідзе ўжо на дзесяткі. Атрымліваецца, што людзі сядзяць у турмах, забяспечваючы камусьці радасць ад прагляду хакея.

- Адным з тых, хто абвясціў пра старт кампаніі «Не гуляйце з дыктатарам», быў памерлы прэзідэнт Вацлаў Гавел. Ці не падаецца вам, што калі б ён быў сёння жывы, і сітуацыя магла быць іншай?

- Гавела будзе не хапаць заўсёды - такіх людзей у свеце адзінкі, і менавіта яны вызначаюць тую максімальную вышыню, на якой павінна знаходзіцца планка маральнасці ў палітыцы, у грамадскім жыцці. Я не ўпэўнены, што вынік быў бы іншым, бо перамагчы цынізм спартыўных чыноўнікаў сёння не могуць нават дзейсныя прэзідэнты і кіраўнікі парламентаў. Але я ведаю дакладна - хакейным чыноўнікам дакладна было б цяжэй адказваць на пытанні, пастаўленыя Гавелам.

- Ліст сусветных зорак мастацтва - гэта вынік той жа кампаніі, ці гэта іх спантаннае рашэнне звярнуцца да хакеістаў?

- Наўрад ці яго можна назваць спантанным, але калі мы размаўлялі з большасцю з іх, яны казалі: «Так давайце што-небудзь зробім - людзі не могуць сядзець у турмах за наша жаданне глядзець хакей». Мы пачалі збіраць подпісы, і раптам сталі далучацца людзі, якія раней ніколі не ўдзельнічалі з намі ў падобных акцыях: Эндзі Самэрс, які іграў са Стынгам у групе Police; Х'ю Грант вельмі актыўна ўключыўся ў беларускую праблематыку, і разам са Стывенам Фраем яны твіцяць хакейную тэму і нашу кампанію; Кім Катрэл вельмі дапамагае, пастаянна на сувязі і пытаецца чым можа яшчэ дапамагчы. Я ўжо не кажу пра нашых сяброў, якія пастаянна ўключаныя ў беларускую тэму: Том Стопард, Джуд Лоў, Кевін Спэйсі, Майкл Атэнбора, Дэвід Лэн. Гэта вельмі магутны зорны «інтэрнацыянал», які можа шмат зрабіць для прыцягнення ўвагі да праблем Беларусі сёння, і можа яшчэ больш зрабіць для краіны, стань яна вольнай.

- Натуральнае пытанне, якое любяць абмяркоўваць беларускія дзяржаўныя выданні: хто аплачваў усю гэтую працу?

- Гэтую працу аплачвалі мы ўсе са сваёй кішэні. Нейкія грошы на зыходныя матэрыялы падкідвалі мастакам сябры ці знаёмыя, якія жадалі далучыцца, але ў цэлым агульны масіў працы людзі робяць на валанцёрскай аснове. Мы практычна не выпускалі ніякай прадукцыі прамысловым шляхам, таму асноўныя ўкладанні - гэта наш прафесійна затрачаны час.

- Хто працаваў над ролікам «Не гуляйце з дыктатарам», і дзе ён будзе транслявацца?

На жаль, я не магу назваць усіх імёнаў, якія маюць дачыненне да кампаніі, паколькі камусьці з людзей можа пагражаць небяспека - і нават тым, хто жыве за мяжой, але час ад часу прыязджае ў Беларусь. Магу сказаць, што цяперашняя кампанія дапамагла мабілізаваць вельмі магутны патэнцыял для далейшай працы - праверыць камунікацыю, адзін аднаго ў справе. У выніку, некалькі інфармацыйных кампаній зліліся ў адну плынь, якая прабівалася з памножанай энергіяй да аўдыторыі. Асобнае дзякуй Марыне Напрушкінай, якая прыдумала лозунг для кампаніі некалькі гадоў таму; мастаку-мультыплікатару Алегу Мінічу, вымушанаму з'ехаць з краіны, які працягвае актыўна жыць яе праблемамі; Юлі Ляшкевіч, якая змагла мабілізаваць і заразіць велізарную колькасць творчых асоб. З гэтымі людзьмі, і з тымі, каго я не назваў, можна працаваць у будучыні, і мы ўжо намецілі цэлы шэраг новых праектаў. Так што, чэмпіянат і для нас не прайшоў дарма.

Цэлы шэраг тэлеканалаў і сайтаў буйных выданняў з розных краін папрасілі нас даслаць ролік і постэры для публікацыі і размяшчэння ў сваіх эфірах, таму, я мяркую, наша праца не застанецца незапатрабаванай.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках