2 траўня 2024, Чацвер, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бабруйскія актывісты адкрыюць Музей рэпрэсій

4
Бабруйскія актывісты адкрыюць Музей рэпрэсій

Экспазіцыя ахопіць рэпрэсіі 1920-1950 гадоў.

Прапанова стварэння Музея рэпрэсій прагучала на вечары памяці, які адбыўся ў мінулую восень на офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП). А на 19 траўня яго стваральніца, грамадская актывістка Вольга Піманава, запланавала адкрыццё, з прэзентацыяй сабранага за гэты час матэрыялу, паведамляе ПЦ «Вясна».

- Адкрыццё пастанавілі прымеркаваць да Міжнароднага дня музеяў, - адзначыла Вольга Піманава. - У экспазіцыі ахоплены перыяд рэпрэсій 1920-1950 гадоў. Я ўзялася за гэтую тэму, бо ў Бабруйску ніхто грунтоўна не займаецца ёй. Нават у краязнаўчым музеі ўсяго адна шыльдачка вісіць. І гэта нягледзячы на тое, што яго заснавальнік і першы дырэктар Цодык Славін быў рэпрэсаваны, загінуў у ГУЛАГу. Таму экспазіцыя прысвячаецца ўсім рэпрэсаваным Бабруйшчыны - святарам, культурным дзеячам і простым грамадзянам, якія былі прынесеныя ў ахвяру таталітарызму.

Вольга Піманава нагадвае, што менавіта ў Бабруйску з'явіўся першы на постсавецкай прасторы Музей ахвяр палітычных рэпрэсій, які стварала і ўзначальвала Ганна Бокач, і які быў гвалтоўна зачынены ўладамі.

- Мы, атрымліваецца, пераемнікі Ганны Бокач. Адзначу, што адзін з чальцоў Бабруйскай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, журналіст Анатоль Санаценка, вельмі дапамог мне ў стварэнні экспазіцыі. На адкрыцці мы з ім раскажам гасцям аб рэпрэсаваных земляках, пра музей падрабязней, - адзначыла актывістка.

Вольга Піманава дадае, што яе мэта - не толькі ўшанаваць памяць землякоў, але і нагадаць пра іх іншым.

- Чорныя старонкі гісторыі нельга забываць. Бо такое забытае мінулае нязменна вяртаецца. Буду радая, калі хтосьці адгукнецца, падзеліцца з нашым музеем матэрыяламі, бо адной мне давялося цяжкавата, - кажа Вольга Піманава.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках