29 красавiка 2024, панядзелак, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Турчынаў: Наступ на тэрарыстаў працягваецца

11
Аляксандр Турчынаў: Наступ на тэрарыстаў працягваецца

Усе блокпосты вакол Славянска знаходзяцца пад кантролем украінскіх сілавікоў.

У ходзе антытэрарыстычнай аперацыі ў Славянску загінулі двое ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ сямёра пацярпелі, заявіў выконваючы абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў у звароце да ўкраінцаў 2 траўня. Пра гэта паведамляе яго прэс-служба.

«Падчас сённяшняга этапу аперацыі атрымалася захапіць усе ўмацаваныя агнявыя апорныя пункты і блокпосты тэрарыстаў вакол горада Славянск», - заявіў Аляксандр Турчынаў.

Разам з тым, ён адзначыў, што аперацыя разгортваецца не так хутка, як хацелася б, і значна ўскладняецца тым, што базы тэрарыстаў размешчаныя ў шматнаселеных гарадах, а яны самі хаваюцца за спінамі мірных жыхароў, прыкрываюцца закладнікамі, вядуць агонь са шматкватэрных жылых дамоў.

«Сілавыя структуры вядуць барацьбу з наймітамі замежнай дзяржавы, з тэрарыстамі і злачынцамі, якія захопліваюць закладнікаў, забіваюць і катуюць людзей, якія са зброяй у руках пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці і стабільнасці ва Украіне. На вялікі жаль, мы маем інфармацыю пра двух загінулых і семярых параненых нашых вайскоўцаў» - сказаў Аляксандр Турчынаў.

Старшыня Вярхоўнай Рады таксама паведаміў, што падчас аперацыі злачынцы таксама панеслі значныя страты: шмат загінулых, параненых і арыштаваных. Ён таксама агучыў патрабаванні па вызваленні закладнікаў, адмінбудынкаў, здачы зброі.

«Мы патрабуем ад тэрарыстаў, дыверсантаў, усіх тых, хто падняў зброю на нашу краіну, скласці зброю, здацца, вызваліўшы закладнікаў і адміністрацыйныя будынкі. Тыя, хто здасць зброю і не маюць дачыненьня да цяжкіх злачынстваў, будуць амніставаныя, хто вінаваты ў забойствах і катаваннях - будуць пакараныя», - падкрэсліў Аляксандр Турчынаў.

Паводле яго слоў, нягледзячы на ўсе намаганні і спробы арганізаваць правакацыі і беспарадкі, дэстабілізаваць сітуацыю і ў іншых рэгіёнах на ўсходзе і поўдні краіны, у прыватнасці, у Харкаве, Адэсе ўлады забяспечылі там спакой і стабільнасць.

«Наступ на тэрарыстаў працягваецца», - адзначыў выконваючы абавязкі прэзідэнта Украіны.

Ён падкрэсліў, што асноўная мэта - абараніць людзей і не дапусціць ахвяраў сярод насельніцтва.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый у гарадах усходніх абласцей Украіны. Журналісты заходніх СМІ паведамлялі, што сярод баевікоў прысутнічаюць і беларусы.

У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку. 24 красавіка ўкраінская армія пачала вызваленне Славянска.

29 красавіка сепаратысты захапілі ключавыя адміністрацыйныя будынкі ў Луганску - самым ўсходнім абласным цэнтры Украіны. Штурм праходзіў з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. Пад кантролем захопнікаў - абласная адміністрацыя, пракуратура, СБУ, МУС і тэлерадыецэнтр горада.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках