4 траўня 2024, Субота, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters выкрыла схему фінансавання будаўніцтва «палаца Пуціна»

18
Reuters выкрыла схему фінансавання будаўніцтва «палаца Пуціна»

Скандал з маёнткам на беразе Чорнага мора зноў усплыў пасля расследавання агенцтва Reuters.

Два паплечнікі прэзідэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, Нікалай Шамалаў, які з'яўляецца акцыянерам банка "Расія", і Дзмітрый Гарэлаў, палкоўнік КДБ у адстаўцы, якіх раней абвінавачвалі ў фінансаванні будаўніцтва палаца за кошт ахвяраванняў бізнэсоўцаў, маглі накіроўваць на "прэзідэнцкую" будоўлю частку прыбытку ад угод з медыцынскім абсталяваннем, якія пастаўляюцца паводле дзяржпраграмы падтрымкі расейскай аховы здароўя, піша NEWSru.com.

Паводле звестак Reuters, сродкі перапраўляліся заблытаным шляхам. Зарэгістраваная ў Вялікабрытаніі кампанія Greathill, якая належыць Шамалаву і Гарэлаву, атрымала сама менш 195 мільёнаў даляраў ад продажу медыцынскага абсталявання ў Расею.

"Агулам Greathill адправіла блізу 84 мільёнаў даляраў на рахункі ў былы Dresdner Bank у Цюрыху. Згодна з выпіскамі з банкавых рахункаў, - паведамляе Reuters. - Пасля 2006 году больш за 56 мільёнаў даляраў было адпраўлена Greathill на швайцарскія рахункі".

"Гэтыя швайцарскія рахункі кантраляваліся кампаніяй Lanaval, зарэгістраванай у Белізе", - адзначае агенцтва, спасылаючыся на словы бізнэсоўца Сяргея Калеснікава, былога партнёра Шамалава і Гарэлава. Тое, што Шамалаву і Гарэлаву належыць Lanaval, пацвярджаецца вывучанымі Reuters дакумэнтамі. У іх гаворыцца, што Greathill пагадзілася выступаць у якасці агента для Lanaval, пералічваючы апошняй прыбытак ад ажыццёўленых угод.

Паводле дакумэнтаў, у перыяд з чэрвеня да кастрычніка 2009 года Lanaval адправіла блізу 48 мільёнаў даляраў са сваіх рахункаў у Цюрыху на рахункі ў Ліхтэнштайне. Заўважым, што ні ад каго з кіраўніцтва Lanaval камэнтара дамагчыся не здолелі. Прадстаўнік LGT Group, якая набыла швайцарскую філію Dresdner Bank у 2009 годзе, сказаў, што паводле швайцарскіх законаў банк не зможа адказаць на пытанні Reuters.

Ланцужок пералічэнняў разгортваецца далей: выявілася, што рахункі ў Ліхтэнштайне кантраляваліся фірмай пад назвай Medea Investment, якая зарэгістраваная ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, згодна з кантрактнымі дакумэнтамі і карпарацыйнымі справаздачамі.

Далей Reuters разглядае кантракт на пастаўку італійскіх будаўнічых матэрыялаў, які быў укладзены ў чэрвені 2009 года паміж Lanaval і Medea Investment. У адпаведнасці з гэтым пагадненнем Lanaval купіў матэрыялы коштам 37,5 млн еўра (блізу 52 млн даляраў у той час).

Як гаворыцца ў кантракце, будаўнічыя матэрыялы былі прызначаныя для "вялікага будаўнічага праекта (курорта)" у раёне Наварасійска на беразе Чорнага мора. Заўважым, што Наварасійск знаходзіцца за 40 км ад меркаванага "палаца Пуціна". Са слоў Калеснікава, на якога спасылаецца Reuters, "вялікі будаўнічы праект" і "палац Пуціна" з'яўляюцца адным і тым жа аб'ектам.

Варта дадаць, што скандал з "палацам Пуціна" разгарэўся ў 2010 годзе, калі бізнэсовец-выкрывальнік Сяргей Калеснікаў у публічным лісце да Дзмітрыя Мядзведзева, што знаходзіўся ў той час на пасадзе прэзідэнта РФ, распавёў аб будаваным на беразе Чорнага мора вялікім палацы ў італійскім стылі, аплачаным збольшага грашыма, ахвяраванымі расейскімі бізнэсоўцамі.

Калеснікаў сцвярджае, што ў цэнтры гісторыі з фінансаваннем палаца знаходзіцца Нікалай Шамалаў ("стары пецярбуржскі сябар Пуціна", як характарызуе яго аўтар), з якім ён пачаў працаваць у 2000 годзе.

Першапачаткова планавалася накіраваць ахвяраванні расейскіх бізнэсоўцаў на набыццё медыцынскага абсталявання для пецярбуржскіх клінік, прычым 35% выплат паводле кантрактаў пералічваліся на афшорныя рахункі.

Калеснікаў заяўляў, што ў 2005 годзе сябар Пуціна папрасіў яго стварыць інвесткампанію "Росинвест". Права ўласнасці на кампанію было схаванае за ананімнымі "акцыямі паказніка", асноўная частка кіравалася ў інтарэсах Пуціна, сказаў Шамалаў Калеснікаву (са слоў самога Калеснікава).

Будаўніцтва палаца пачалося ў 2005 годзе з набыцця дзяржаўных зямель блізу Праскавееўкі для стварэння невялікага комплексу для адпачынку з бюджэтам агулам пад 14 млн даляраў. Затым быў пачаты праект стварэння вінаграднікаў і вырабу элітнага віна каля ўсё той жа Праскавееўкі. Абодва праекта атрымалі агульную назву "Праект Поўдзень".

Як сцвярджае Калеснікаў, у сярэдзіне 2009 года Шамалаў перадаў яму наказ ад Пуціна прыпыніць працу практычна ва ўсіх іншых праектах у прамысловых інвестыцыях, якімі займалася ТАА "Росинвест", і накіраваць усе наяўныя сродкі на "Праект Поўдзень".

"Да гэтага моманту "Праект Поўдзень", на які было адцягнута больш за 10 млрд рублёў з сум, вельмі патрэбных для захавання вялікай колькасці працоўных месцаў і абароны важных для Расеі прамысловых аб'ектаў, ператварыўся ў вялізны, у стылі італійскага palazzo, палац з казіно, зімовым тэатрам, летнім амфітэатрам, капліцай, плавальнымі басэйнамі, спарткомплексам, гелікоптэрнымі пляцоўкамі, ландшафтнымі паркамі, чайнымі дамкамі, памяшканнямі для абслуговага персаналу, тэхнічнымі будынкамі. Сучасны варыянт Петэргофа", - распавядаў Калеснікаў.

Усяго, паводле звестак бізнэсоўца, комплекс займае плошчу ў дзясяткі тысяч квадратных мэтраў, а яго кошт складае мільярд даляраў. Раней расейскі аналаг WikiLeaks апублікаваў фатаграфіі гэтага аб'екта.

У сакавіку 2011 года "палац Пуціна" набыў Аляксандр Панамарэнка, што ўтаргаваў у 2010 годзе разам з партнёрамі, у тым ліку Аркадзіем Ратэнбергам, звыш 2 млрд за Наварасійскі марскі гандлёвы порт. Бізнэсовец Сяргей Калеснікаў заявіў, што перапродаж аб'екта не зменіць яго мэтавага прызначэння.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках