7 траўня 2024, aўторак, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Ганцавічах рабочыя бягуць з «лепшага» прадпрыемства горада

5

На ААТ «Модуль» не заўсёды ёсць праца, на прадпрыемстве засталося менш за 200 рабочых.

Пра гэта praca-by.info паведаміў галоўны рэдактар газеты «Ганцавіцкі час» Пётр Гузаеўскі. ААТ «Модуль» вырабляе матэрыялы, неабходныя для пракладкі і мадэрнізацыі інжынерных сетак - такіх як ацяпленне, водазабеспячэнне, каналізацыя, цеплазабеспячэнне.

- На прадпрыемстве цяпер працуе 187 чалавек. Праца ёсць не заўсёды. Рабочыя з'язджаюць - хто ў Расею, хто ў Менск, хто ў іншыя вобласці на будаўнічыя аб'екты. Некаторыя то сыходзяць, то вяртаюцца назад. Вельмі шкада будзе, калі і гэта прадпрыемства ліквідуюць, - распавёў Пётр Гузаеўскі.

ААТ «Модуль» апынулася на мяжы банкруцтва год таму. Тады работнікі вымушаныя былі сысці на вакацыі, бо з-за даўгоў на прадпрыемстве цалкам адключылі электраэнергію. Крэдыторская запазычанасць ААТ «Модуль» у той час складала больш за 60 млрд. рублёў. У асноўным гэта даўгі па валютных крэдытах, атрыманых пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта.

- Некалі ААТ «Модуль» было адзіным прадпрыемствам у краіне, дзе выпускаліся трубы і іншыя матэрыялы для інжынерных сетак. А цяпер яно знаходзіцца ў стадыі банкруцтва. У прадпрыемства былі ўкладзеныя велізарныя грошы. У 2012 годзе яно ўжо фактычна стаяла на каленях, але кіраўнікі ўзялі дадатковыя крэдыты, загнаўшы прадпрыемства ў даўгі, з якіх яно да гэтага часу не можа выбрацца. ААТ «Модуль» - банкрут, але ніхто за гэта не адказаў! Чаму няма праверкі? - задаецца пытаннем галоўны рэдактар газеты «Ганцавіцкі час».

На думку Пятра Гузаеўскага, адзіная прычына працягу функцыянавання «Модуля» заключаецца ў тым, што паручыцелем банкаўскіх крэдытаў для прадпрыемства выступіў Брэсцкі аблвыканкам.

- «Модуль» далучылі да абласнога ўпраўлення ЖКГ і спрабуюць неяк даўгі выплачваць. Калі прадпрыемства ліквідуюць, то аблвыканкаму скажуць: аддайце грошы, - растлумачыў Пётр Гузаеўскі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках