8 траўня 2024, Серада, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Італія гатовая выдаваць беларусам гадавыя турыстычныя візы

7
Італія гатовая выдаваць беларусам гадавыя турыстычныя візы

Амбасада Італіі ў Беларусі спрашчае працэдуру атрымання віз і гатовая выдаваць беларусам гадавыя турыстычныя візы.

"У гэтым годзе мы прынялі шэраг новых захадаў, накіраваных на паляпшэнне і далейшае пашырэнне паслуг, якія прапануюцца беларускім грамадзянам", - гаворыцца ў паведамленні амбасады, якое паступіла у агенцтва "Інтэрфакс-Захад".

"Амбасада Італіі прыняла шэраг мер, накіраваных на палягчэнне працэдуры выдачы візаў для беларускіх грамадзян, якія пражываюць за межамі Менска", - адзначаецца там. Так, паводле інфармацыі пасольства, "за невялікую плату можна замовіць дастаўку пашпарта з візай атрымальніку на дом". Акрамя таго дыппрадстаўніцтва спецыяльна для жыхароў рэгіёнаў увядзе дадатковы графік прыёму ў другой палове дня.

Як падкрэсліваецца ў паведамленні, новаўвядзенні таксама закранулі пералік дакументаў, патрэбных для атрымання візы. Там падкрэсліваецца, што дыппрадстаўніцтвы краін Шэнгенскай зоны, якія знаходзяцца ў Беларусі ўзгаднілі пералік дакументаў, патрэбных для заявы на візу. "У выпадку з Італіяй спрошчаны парадак атрымання віз, у прыватнасці, для непаўналетніх грамадзян", - тлумачыцца ў паведамленні. "Асабліва хочам адзначыць, што беларускія турысты могуць падаваць ксеракопіі сваіх дакументаў на расейскай або беларускай мовах, бо няма патрэбы ў арыгіналах і перакладах на італійскую мову", - падкрэсліваецца там.

У пасольстве Італіі таксама падкрэслілі, што "сёння існуе магчымасць выдачы гадавых турыстычных віз тым грамадзянам, для якіх наведванне Італіі з'яўляецца асноўным пунктам праграмы падарожжа". "Гадавая турыстычная віза можа быць выдадзена беларусам, якія карэктна выкарыстоўвалі папярэднія візы", - растлумачылі там.

Акрамя гэтага, гадавую візу гатовыя выдаваць "беларускім прадпрымальнікам, якія маюць значныя камерцыйныя інтарэсы ў Італіі, а таксама сямейнікам італійскіх грамадзян", гаворыцца ў паведамленні.

Там нагадваецца, што з кастрычніка мінулага года дзейнічае сістэма онлайн-бранавання даты і часу падачы дакументаў на візу. Паводле ацэнкі амбасады, гэтая сістэма ўжо дазволіла скараціць чэргі на падачу дакументаў. "Калі ў папярэднія гады ў перыяд найбольшага наплыву турыстаў (з красавіка да жніўня) час чакання мог дасягаць да двух месяцаў, то сёння ён скараціўся менш чым да 10 дзён", - канстатавалі ў пасольстве.

Там таксама адзначылі, што амбасада павялічыла штат супрацоўнікаў, якія працуюць з турагенцтвамі, у выніку чаго турысты, якія хочуць скарыстацца "гарачымі" прапановамі, змогуць атрымаць візы ў тэрмін.

Паводле інфармацыі дыппрадстаўніцтва, у 2013 годзе беларусам было выдадзена 45 тысяч віз, што з'яўляецца максімумам з моманту адкрыцця пасольства ў Менску ў 1992 годзе. І калі 10 гадоў таму на турыстаў прыпадала толькі 20% выдадзеных віз, то паводле вынікаў мінулага года - ужо 75%. Пасольства чакае, што ў гэтым годзе можа быць выдадзена 50 тысяч віз. Там адзначылі, што "ў будучыні, прымаючы пад увагу магчымасць аўтаматычнай апрацоўкі часткі дакументаў з наступным скарачэннем тэрмінаў, а таксама сталага павялічэння колькасці беларускіх турыстаў у Італію, гэтая квота значна ўзрасце", - абяцаюць у амбасадзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках