8 траўня 2024, Серада, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заходнія кампаніі байкатавалі форум Пуціна ў Пецярбургу

6
Заходнія кампаніі байкатавалі форум Пуціна ў Пецярбургу

Ад паездкі на форум адмовіліся 34 замежныя топ-мэнаджары.

У Санкт-Пецярбургу на Васільеўскім востраве адкрыўся 18-ы Міжнародны эканамічны форум - аналаг швайцарскага Давоса. Ён праходзіць штогод і з'яўляецца галоўнай дыскусійнай пляцоўкай для расейскага бізнэсу. Аднак гэтым разам лік удзельнікаў дыскусіі будзе не такім вялікім, як у мінулым годзе, а самі дыскусіі могуць быць значна вастрэйшымі, чым задумана, піша BBC.

Калі ў мінулым годзе ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел 7190 чалавек, то ў гэтым - акрэдытаваліся 6,5 тысяч. У 2013 годзе на форуме былі прэзентаваныя 176 міжнародных кампаній, цяпер на 30 менш.

Некаторыя з замежных бізнэс-дэлегацый не паехалі ў Пецярбург на настойлівую просьбу сваіх урадаў. Так, улады ЗША ў пачатку траўня заклікалі кіраўнікоў найбуйнейшых амерыканскіх кампаній адмовіцца ад паездкі - праз дзеянні Крамля ў Крыме.

У Расею не прыедуць кіраўніка Goldman Sachs Лойд Бланкфэйн і Morgan Stanley Джэймс Горман, прэзідэнт Boieng Дэніс Мюленбург, кіраўнік італійскай Enel Фульвіё Конці, старшыня ўправы нямецкага канцэрна E.ON Ёханэс Тайсэн.

Як падлічылі "Весткі", агулам ад паездкі на форум адмовіліся 34 замежныя топ-мэнаджары: у тым ліку кіраўнікі Deutsche Bank і кампаніі Siemens. Апошняя мае шматмільярдныя кантракты ў Расеі - напрыклад, пастаўляе "Расійскай чыгунцы" знакамітыя "Сапсан" і збіраецца пастаўляць абсталяванне для газаправода "Паўднёвая плынь".

Галоўнай тэмай форуму ў гэтым годзе заяўлена "ўмацаванне даверу ў эпоху пераўтварэнняў". Менавіта так называецца выступ Уладзіміра Пуціна, прызначаны на другую палову дня 23 траўня.

Аднак улічваючы прысутнасць 1,5 тысячы журналістаў на Васільеўскім востраве, якія традыцыйна карыстаюцца вялікай свабодай доступу да спікераў на гэтым мерапрыемстве, лёгка выказаць здагадку, што больш за ўсё абмяркоўвацца будуць іншыя тэмы.

Па-першае, уплыў санкцый на эканоміку краіны. Па-другое, стан расейскай эканомікі, які і без пагрозы санкцый з боку Захаду не выклікае аптымізму.

На Форуме-2013 абмяркоўвалі, як не дапусціць скочвання расейскай эканомікі ў рэцэсію. Цяпер абмяркоўваць давядзецца, як выйсці са спаду, які паводле вынікаў года быў глыбейшым, чым спадзяваліся расейскія ўлады.

На мінулым тыдні мінэканамразвіцця ўслед за міністэрствам фінансаў прызнала, што ў другім квартале 2014 года ў Расеі нельга выключыць тэхнічнай рэцэсіі.

"Мы пра гэта можам сказаць толькі пад канец другога квартала. Зыходзячы з першага, ніжняга, варыянту прагнозу яна (рэцэсія) у прынцыпе, магчымая ў другім квартале", - заявіў кіраўнік МЭР Аляксей Улюкаеў.

У красавіку дырэктар дэпартамента міністэрства фінансаў Расеі ў доўгатэрміновым стратэгічным планаванні Максім Арэшкін заявіў, што ў 2014 годзе расейскі бюджэт праз складаную сітуацыю ў эканоміцы і на фінансавых рынках можа недаатрымаць звыш 1 трлн рублёў (27,7 млрд даляраў).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках