5 траўня 2024, Нядзеля, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Bank: Захад вытрымае жорсткія санкцыі супраць Расеі

1
Deutsche Bank: Захад вытрымае жорсткія санкцыі супраць Расеі

Наступствы санкцый для Расеі будуць нашмат больш сур'ёзнымі, чым для ЕЗ і ЗША.

Група экспертаў Deutsche Bank прыйшла да высновы, што Еўразвяз (ЕЗ) і ЗША могуць дазволіць сабе зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расеі. На думку спецыялістаў, вядучыя заходнія эканомікі здольныя без значных страт для сябе вытрымаць наступствы як саміх санкцый супраць Расеі, так і меркаваных дзеянняў Масквы ў адказ. Рэальную небяспеку ўяўлялі б толькі поўнае спыненне экспарту ў ЕЗ расейскіх энергарэсурсаў ці ж дэфолт РФ. Абодва гэтыя варыянты нямецкія эксперты лічаць малаверагоднымі, перадае Deutsche Welle.

Эксперты Deutsche Bank прааналізавалі цяперашні стан расейскай эканомікі. Адной з тыповых рыс яны называюць адток капіталу, які назіраецца ў Расеі ўжо шмат гадоў, аднак у апошні час значна павялічыўся. Гэта з'яўляецца "цяжкім ударам для і так ужо саслабленай расейскай эканомікі", падкрэсліваецца ў даследаванні. Яшчэ адным вынікам канфлікту з Украінай і ўскосным вынікам ужо прымененых супраць асобных асоб, банкаў і фірмаў санкцый стала істотнае павелічэнне кошту фінансавых рэсурсаў для пазычальнікаў з Расеі.

Аўтары даследавання адзначаюць, што ў выніку дэвальвацыі рубля, з аднаго боку, павялічылася інфляцыя. Аднак, з іншага боку, гэта папоўніла даходы бюджэту РФ, з прычыны чаго "ва ўрада з'явіліся пэўныя магчымасці для павелічэння дзяржаўных выдаткаў".

Верагодная рэцэсія ў Расеі паўплывае на еўрапейскіх экспарцёраў, аднак даволі нераўнамерна. У найбольшай ступені падзенне попыту адчуюць "некаторыя маленькія краіны на ўсходніх межах Еўразоны", напрыклад, Эстонія і Фінляндыя, у якіх на расейскі рынак ідуць больш за 10% экспарту. Для Францыі, Італіі і Іспаніі страты будуць нязначнымі, бо доля Расеі ў экспарце не перавышае 2,5%, і доля самога экспарту ў ВУП гэтых краін адносна невялікая.

"Адзінай буйной краінай еўразоны, якая мае істотныя гандлёвыя сувязі з Расеяй, з'яўляецца Германія", - падкрэсліваецца ў даследаванні DB Research. На расейскі рынак ідуць 3,3% нямецкага экспарту. Самым важным ён з'яўляецца для нямецкіх машынабудаўнікоў (5% адсоткаў усіх экспартных паставак) і аўтамабілебудаўнікоў (4%). Аднак больш за ўсё ад Расеі залежаць нямецкія вытворцы адзення (5,5%).

Улічваючы гэта нават моцны абвал расейскага рынку прывядзе, па падліках аўтараў даследавання, да запаволення тэмпаў эканамічнага росту ў Германіі ў межах 0,5 адсоткавага пункта. "Гэтым не варта грэбаваць, аднак з гэтым можна справіцца", - лічаць эксперты.

Што тычыцца фінансавага сектара, то ў абсалютных лічбах найбольшыя рызыкі ад "вайны санкцый" нясуць французскія банкі. Іх крэдытныя патрабаванні да пазычальнікаў ў Расеі і ўклады ў расейскія каштоўныя паперы складаюць каля $51 млрд.

Горшым варыянтам для Еўропы, на думку аналітыкаў, стала б неплацежаздольнасць Расеі ці яе поўная ізаляцыя ад міжнароднай фінансавай сістэмы. Аднак і ў гэтым выпадку наступствы для расейскай эканомікі былі б значна больш сур'ёзнымі, чым для краін Захаду.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках