4 траўня 2024, Субота, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінаваты ў гібелі пацыенткі «Экамедсэрвіса» просіць не пазбаўляць яго волі

4
Вінаваты ў гібелі пацыенткі «Экамедсэрвіса» просіць не пазбаўляць яго волі

Касацыйныя скаргі абвінавачаных разглядаюцца 23 траўня ў Менскім гарадскім судзе.

Галоўны фігурант справы аб гібелі пацыенткі «Экамедсэрвіса» Юліі Кубаравай анестэзіёлаг Аляксандр Шураў папрасіў суд прызначыць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, паколькі «хоча працягнуць працаваць, прыносіць карысць».

Аляксандр Шураў распавёў суду, што паўгода працуе лекарам у выязной брыгадзе хуткай дапамогі і нагадаў, што ў краіне назіраецца недахоп медыцынскіх кадраў. На што бацька загінулай Юрый Кубараў сказаў, што Шураў не мае права і не павінен працаваць на хуткай дапамозе пасля таго, што здарылася.

Дзяўчына памерла 23 красавіка 2013 года ў 4-й гарадской клінічнай бальніцы пасля рынапластікі, выкананай у прыватнай клініцы 26 сакавіка. Дзяўчына рыхтавалася да вяселля і хацела выправіць дэфект носа з-за атрыманай у дзяцінстве траўмы. Пасля аперацыі, якая была праведзеная з выкарыстаннем няспраўнага наркозна-дыхальнага апарата, што выклікала кароткачасовае спыненне сэрца, а затым гіпаксію галаўнога мозгу, Кубарава да смерці знаходзілася ў коме.

«Аперацыя замест паўтары гадзіны расцягнулася на тры гадзіны, і, я так разумею, людзі проста хацелі дадому. Ім было напляваць, што будзе з пацыентам. Яны не выклікалі «хуткую» ні да, ні пасля... Мы кажам: «Чаму наша дачка так дыхае?». А нам у адказ: «А як яна яшчэ будзе дыхаць, калі ў яе нос закладзены?». А гэта была, па сутнасці, агонія», - распавёў бацька дзяўчыны Юрый Кубараў.

Дарэчы, Следчы камітэт пачаў праверку менавіта па заяве Юрыя Кубарава, якая паступіла 17 красавіка.

31 студзеня 2014 года ў ходзе спрэчак дзяржабвінаваўца заявіў, што смерць Кубаравай была выкліканая недастатковым узроўнем анестэзіялагічнага забеспячэння падчас аперацыі лекарам-анестэзіёлагам Шуравым, а таксама выкарыстаннем няспраўнага наркозна-дыхальнага апарата. Гэта стала магчымым з прычыны неналежнага выканання абавязкаў гендырэктарам цэнтра Валжанкінай і галоўным інжынерам Ліхутам, якія не прынялі своечасовыя меры для забеспячэння аперацый спраўным медабсталяваннем.

23 траўня пра неабходнасць адмяніць прысуд суда першай інстанцыі заявілі таксама Галіна Валжанкіна і Вадзім Ліхута. Адвакаты Валжанкінай настойваюць, што з'яўляючыся галоўным лекарам «Экамедсэрвіса», яна не магла ўплываць на працу тэхслужбы і на арганізацыю тэхнічнага абслугоўвання медыцынскага абсталявання, так як гэта не яе кампетэнцыя. На пасадзе гендырэктара медцэнтра яна паспела прапрацаваць усяго 12 дзён.

Абарона Ліхуты заявіла, што высновы суда першай інстанцыі аб халатнасці галоўнага інжынера не адпавядаюць фактам. Спецыялісты не ведалі пра няспраўнасць наркозна-дыхальнага апарата, які ўжываўся пры аперацыі Кубаравай, а значыць, не маглі забяспечыць яго рамонт. Ліхута і яго абарона лічаць, што ўскладненняў можна было б пазбегнуць, калі б анестэзіёлаг падчас аперацыі не шукаў прычыны паломкі, а выкарыстаў іншае абсталяванне і правёў рэанімацыйныя мерапрыемствы.

Адвакат пацярпелых Уладзімір Пячэрскі і пракурор Мікалай Жачко папрасілі пакінуць прысуд у сіле.

31 студзеня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Менска прызнаў былога лекара-анестэзіёлага «Экамедсэрвіса» Аляксандра Шурава вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента (ч. 2 арт. 162 КК). Ён прысуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні і пазбаўленны права займацца медыцынскай дзейнасцю 5 гадоў, паведамляе БелаПАН.



Галоўны інжынер «Экамедсэрвіса» Вадзім Ліхута і былы гендырэктар медцэнтра Галіна Валжанкіна прызнаныя вінаватымі ў службовай халатнасці (арт. 428 КК). Ліхута прысуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый, на 5 гадоў. Валжанкіна - да абмежавання волі на 2 гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый, на 5 гадоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках