5 траўня 2024, Нядзеля, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Артур Клінаў: «Калі дзе і ёсць рай на зямлі - то гэта ў нас»

2
Артур Клінаў: «Калі дзе і ёсць рай на зямлі - то гэта ў нас»

На Варшаўскім кніжным кірмашы выступілі беларускія літаратары.

22 траўня вечарам, у першы дзень працы выставы, у адной з канферэнц- залаў Народнага стадыёна Варшавы літаратары Альгерд Бахарэвіч, Артур Клінаў і Ева Вежнавец сустрэліся з чытачамі і падчас дыскусіі пад назвай «Беларусь ідзе ў Еўропу» падзяліліся сваім бачаннем месца сучаснай беларускай літаратуры ў еўрапейскім кантэксце, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«У кнізе Цімаці Снайдэра «Крывавыя зямлі» гаворыцца, у тым ліку, аб нашых землях, з якіх не сыходзіць кроў і адкуль не сыходзяць думкі пра вайну. На аднаго вайскоўца са зброяй тут заўсёды гінула 12-15 бяззбройных мірных жыхароў, - кажа Ева Вежнавец. - А задача сучаснай беларускай літаратуры як раз і ў тым, каб паказаць сапраўднае простае жыццё беларусаў, не «ўпадаючы» занадта глыбока ў гэтую цяжкую гістарычную крывавую памяць. Менавіта гэта паспяхова і атрымоўваецца у Артура Клінава і Альгерда Бахарэвіча».

Аўтар кнігі «Шклатара» і галоўны рэдактар часопіса «Партызан» Артур Клінаў наважыў найперш сказаць пра падзеі ва Украіне.

«Тыпаж беларуса - гэта партызан, у яго заўсёды абвостраны інстынкт самазахавання, заўсёды ў памяці вайна. Праз апошнія падзеі ва Украіне я сядзеў як паралізаваны некалькі месяцаў, я не мог паверыць, што гэта адбылося. А самае страшнае, што такі ж сцэнар пагражае і Беларусі. І ў Беларусі значна менш шанцаў. Бо няма механізмаў выратавання, і трывога вісіць у паветры...

У 2010 годзе Беларусь павольна рухалася ў бок Еўропы, і ўладам трэба было спыніць гэта. Для гэтага і быў разыграны сцэнар 19 снежня. Тое ж цяпер разыгралі і ва Украіне, толькі ў нас на гэтым фоне атрымалася форма «лайтс». У нас няма пунктаў апоры, няма механізму выратавання... Такое адчуванне, што мы вельмі самотныя ў грамадстве і ў свеце. Ніхто нам не дапаможа ў Еўропе. Ні для каго мы не сэксуальныя. Няма ў нас ні нафты, ні газу... Але Беларусь - гэта балота, калі казаць пра матэрыі. Дык вось, балота гэта вельмі сэксуальнае. Трэба толькі ўмець гэта ўбачыць. Калі дзе і ёсць рай на зямлі - то гэта ў нас, у нашых балотах. І наша задача як літаратараў - паказаць гэтую «іншую» сэксуальнасць».

«Беларусь не ідзе ў Еўропу. Яна і ёсць у Еўропе! А беларусы чамусьці блытаюць паняткі «Еўропа» і «Еўразвяз», ад гэтага, напэўна, яны і ёсць такія лузэры. Цікава, ці адбываюцца дыскусіі, напрыклад, у Албаніі - ці ідзе Албанія у Еўропу? Мы нікуды не ідзем, мы ўжо прыйшлі! Але нас Еўразвяз не ўважае за сваіх, ён нас «аддаў» Расеі... І таму мы, сапраўды, як казаў Артур Клінаў, такія самотныя... А беларуская літаратура досыць жывая і еўрапейская» - кажа Альгерд Бахарэвіч.

Напрыканцы дыскусіі нечакана выступіла перакладчыца на беларускую мову польскага рамана Баляслава Пруса «Лялька» Малгажата Бухалік.

«Раман «Лялька» - гэта 900 старонак хронік дэпрэсіі, яго вельмі складана дачытаць да канца, не кажучы ўжо пра тое, каб яго перакладаць. У гэтай кнізе ёсць падарожжа па Парыжы, падарожжа па Варшаве... Прус - геніяльны журналіст. Ён дадаў адну вельмі цікавую рэч. Ва ўсім рамане праігнараваны расейскі след: не гучыць расейская гаворка, няма расейцаў, не гучаць званы расейскіх цэркваў. Ён зрабіў так, як варта было б зрабіць беларусам - проста ігнараваць гэта ўсё на нашай зямлі, не надаваць значэння гэтаму расейскаму следу», - мяркуе Малгажата Бухалік.

5-ы Варшаўскі кніжны кірмаш пачаў сваю працу 22 траўня і прадоўжыцца да 25 траўня на Нацыянальным стадыёне Польшчы. Чакаецца, што ў ім возьме ўдзел больш за 500 выдаўцоў з шэрагу еўрапейскіх краін.

Дарэчы, хоць на Варшаўскай кніжнай выставе і прысутнічае кніжны стэнд ад Беларусі, сайт Нацыянальнай бібліятэкі РБ не згадвае яго ніводным словам. Затое ён апублікаваў навіну пра тое, што расейскія выдавецтвы прадаўжаюць падарожнічаць па свеце.

Фота: relax.by

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках