5 траўня 2024, Нядзеля, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін абвінаваціў Захад у снабізме

30
Пуцін абвінаваціў Захад у снабізме

Прэзідэнт Расеі ўзяў удзел у Пецярбуржскім эканамічным форуме.

Перш за ўсё Уладзімір Пуцін сустрэўся з прадстаўнікамі бізнэсу, а затым адправіўся на адкрыццё пленарнага пасяджэння форуму, дзе выступіў з прамовай. Пасля гэтага прэзідэнт адказаў на пытанні ўдзельнікаў імпрэзы. Пуцін неаднаразова нагадваў прысутным, што форум - эканамічны. Аднак удзельнікаў акцыі, нягледзячы на гэта, больш за ўсё цікавілі пытанні што да сітуацыі ва Украіне. Часцяком адказы прэзідэнта суправаджаліся вірлівай рэакцыяй залы, піша РБК.

Пра санкцыі і сяброў

Свой выступ прэзідэнт Расеі пачаў з заходніх санкцый. Ён папярэдзіў, што ў сучасным свеце эканамічныя санкцыі маюць эфект бумэранга і ў канчатковым выніку ўдараць па краінах, якія іх ініцыююць. Ён заклікаў замежных інвестараў не пакідаць Расею. "А што цяпер, паспяховы бізнэс, каб дагадзіць няздатным палітыкам, павінен здаць свае пазіцыі і саступіць канкурэнтам?" - падсумаваў Пуцін.

Прэзідэнт перакананы, што санкцыі, уведзеныя краінамі Захаду, не прычыняць сістэмнай шкоды эканоміцы Расеі. "Пакуль усё гэта не мае сур'ёзнага сістэмнага негатыўнага ўплыву на нашу эканоміку, і, спадзяюся, што гэтага не адбудзецца", - заявіў ён.

"Пакуль санкцыі Захаду зводзяцца да таго, каб "угамаваць" людзей з майго блізкага атачэння", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Сваім сябрам, якія трапілі пад санкцыі Захаду, Пуцін параіў падаць у суд. Пры гэтым ён заклікаў "надта не перажываць за іх", бо яны паспелі вывесці сродкі ў Расею.

Кіраўнік дзяржавы расказаў аб некаторых захадах для падвышэння прывабнасці Расеі для замежных інвестараў. У прыватнасці, паводле ягоных слоў, Расея гатовая спрасціць працэс падачы заявак на выведку карысных выкапняў для іх. Але кампаніі, што вядуць выведку, не павінны пасля "гандляваць ліцэнзаваннем".

"Будзем актыўна ўкараняць механізм праектнага фінансавання, перш за ўсё ў сфэры прамысловасці. Ён мае на ўвазе дачу рэсурсаў на працяглы тэрмін, а таксама гнуткія няцяжкія для інвестара ўмовы атрымання крэдыту. Прычым канчатковы кошт такіх крэдытаў не павінен перасягаць узровень інфляцыі плюс 1%", - дадаў Пуцін.

Прэзідэнт Расеі таксама паабяцаў, што расейскія ўлады працягнуць "зачыстку" банкавага сэктара ад праблемных гульцоў. "Гэта трэба зрабіць для таго, каб фінансавая сістэма была жыццяздольнай і выніковай", - растлумачыў Пуцін. Акрамя таго, з ягоных слоў, капіталізацыя сістэмна значных банкаў будзе павялічаная, у тым ліку за кошт канвертацыі субордаў.

Таксама ён адзначыў, што ў Расеі ў 2015 годзе будзе праведзеная пераацэнка ўсіх вытворчых фондаў, а падатковы ціск на састарэлыя вытворчыя фонды будзе падвышаны.

Пра Украіну

Размова пра Украіну пачалася з тэмы запазычанасці Кіева за расейскі газ. Пуцін заўважыў, што запазычанасць краіны перад Расеяй ужо дасягнула 3,5 млрд даляраў. "Дзе нашы грошы?" - задаўся пытаннем ён. "Выйшла, што мы ў абсалютных лічбах паставілі на Украіну бясплатна амаль 10 млрд кубаметраў газу. Гэта столькі, колькі мы за год пастаўляем у Польшчу", - адзначыў прэзідэнт Расеі.

Пацікавіліся ў Пуціна і ягоным стаўленнем да лідэра прэзідэнцкай гонкі на Украіне Пятра Парашэнкі. Сабраных цікавіла, ці будзе Расея супрацоўнічаць з ім у выпадку ягонай перамогі на выбарах 25 траўня. "Няхай грошы верне. Тры з паловай ярды, ой, мільярды", - адказаў Пуцін, пасля чаго ў зале пачуліся авацыі і смех.

Кажучы сур'ёзна, прэзідэнт заявіў, што Расея будзе гатовая да дыялогу з новым кіраўніцтвам Украіны, якое будзе сфармаванае пасля выбараў 25 траўня. Пуцін дадаў, што ў Расеі з павагай паставяцца да выбару ўкраінскага народа. "Мы ж разумеем і бачым, што людзі ва Украіне хочуць, каб краіна выйшла з гэтага здоўжанага крызісу", - заўважыў прэзідэнт. "Мы таксама хочам, каб урэшце надышло хоць нейкае заспакаенне на Украіне, мы з павагай паставімся да выбару ўкраінскага народа", - дадаў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што Расея будзе "ўважліва сачыць за тым, што там адбываецца". Пуцін таксама спадзяецца, што пасля прэзідэнцкіх выбараў усе баявыя дзеянні на Украіне "неадкладна будуць скончаныя".

Пра Еўропу

Прэзідэнт назваў "вяршыняй снабізму" пазіцыю, якую заняў Еўразвяз у адказ на прапанову Масквы правесці кансультацыі аб планах Украіны падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЕЗ. "Што нам адказалі? Што нас гэта не тычыцца. Не хачу нікога крыўдзіць, але такога снабізму я даўно не бачыў. З намі проста не сталі размаўляць, сказалі: "Не ваш клопат", - адзначыў ён. Зала зноў адгукнулася вірлівай авацыяй і воклічамі "Брава".

Пуцін заклікаў ЕЗ да змястоўнага дыялогу з нагоды магчымай асацыяцыі Украіны з Еўразвязам. "Вось міністр наш эканамічнага развіцця, спадар Улюкаеў, чалавек ліберальных поглядаў, паехаў, вярнуўся і кажа: "Акрамя лозунгаў, пакуль нічога", - панаракаў Пуцін.

Нягледзячы на неаднаразовыя нагадванні прэзідэнта аб тым, што форум носіць эканамічны характар, і заклікі вярнуцца да эканамічных пытанняў, удзельнікі форуму працягвалі роспыты прэзідэнта аб сітуацыі ва Украіне, пра экс-супрацоўніка амэрыканскіх спецслужбаў Эдварда Сноўдэна і стасунках з ЗША.

У прыватнасці, Пуцін спадзяецца, што пасля ўрэгулявання сітуацыі на Украіне Масква і Вашынгтон здолеюць знармалізаваць стасункі. "У нас шмат супадальных пунктаў, якія цікавыя для супрацоўніцтва і для ЗША, і для Расеі. Мы самаізаляцыяй займацца не мерымся, але сілаю не будзеш мілаю, як у нас у народзе кажуць", - растлумачыў прэзідэнт. "Я - аптыміст, я не страчваю ўпэўненасці ў тым, што сітуацыя ва Украіне калісьці супакоіцца, і мы знойдзем у сабе сілы, каб знармалізаваць стасункі", - дадаў ён. Пуцін удакладніў, што Расея і ЗША працягваюць супрацоўніцтва, нягледзячы "на вострую рыторыку і дыяметральна несупадальныя падыходы".

Падагульняльнае пасланне ад Пуціна

На заканчэнне на просьбу мадэратара форуму Пуцін сфармуляваў пасланне ўсяму бізнэсу. "Не паддавайцеся шантажу", - заклікаў прэзідэнт Расеі.

Пасля расейскага прэзідэнта на сцэну выйшаў прадстаўнік Кітая. Ён назваў выступ Пуціна "выдатным". Прэзідэнт слухаў яго без слухавак. "Ён вывучыў кітайскую мову?" - жартавалі ўдзельнікі форуму.

Сёлета на форум не прыехалі "топавыя" замежнікі, узровень прысутных прадстаўнікоў замежных кампаній на парадак ніжэйшы, чым годам раней. Аднак Пуцін мог гэтага і не адчуць. На сцэне ён правёў паўтары гадзіны ў асяроддзі кіраўнікоў замежных кампаній. І нават мадэратар мерапрыемствы звяртаўся да расейскага прэзідэнта па-ангельску, што сведчыць аб тым, што прынамсі ў гэтай канкрэтнай сэсіі націск быў зроблены менавіта на іншаземцаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках