2 траўня 2024, Чацвер, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Еўразвяз гатовы ўвесці санкцыі супраць рускай нафты, гарэлкі і зброі

58
Reuters: Еўразвяз гатовы ўвесці санкцыі супраць рускай нафты, гарэлкі і зброі

Адносна Расеі разглядаюцца тры варыянты санкцый.

За два дні да пачатку датэрміновых выбараў украінскага прэзідэнта, якія запланаваны на 25 траўня, улады Еўрапейскага звязу вызначыліся з тымі санкцыямі, якія будуць прынятыя ў дачыненні да Расеі, калі галасаванне ва Украіне не будзе «свабодным і справядлівым».

Як паведамляе агенцтва Reuters, у распараджэнні якога апынуўся распрацаваны еўрапейскімі палітыкамі дакумент, у дачыненні да Расеі разглядаюцца тры варыянты абмежавальных мер, якія адрозніваюцца па ступені іх уплыву на расейскую эканоміку.

У дакуменце вылучаюцца санкцыі «слабога», «умеранага» і «моцнага» ўздзеяння. Згодна з першым відам абмежавальных мер, пад санкцыі патрапяць «прадметы раскошы», да якіх еўрапейскія палітыкі, у прыватнасці, аднеслі брыльянты, каштоўныя металы, а таксама ікру, футра і гарэлку.

З пункту гледжання экспарту, Еўразвяз плануе ўвесці абмежаванні на продаж угнаенняў, хімікатаў, аўтамабільных шын і марскіх судоў для расейскіх кампаній. Таксама будуць уведзеныя абмежаванні на імпарт і экспарт зброі. Санкцыі не закрануць, як адзначае агенцтва, кампаненты для сталеліцейнай і атамнай галін прамысловасці.

Пад санкцыямі «сярэдняга» ўзроўню ўздзеяння маюцца на ўвазе абмежаванні на гандаль і інвестыцыі, звязаныя з фінансавымі паслугамі. Акрамя таго, прадугледжваецца забарона на імпарт расейскага вугалю, абмежаванні на марскі і аўтамабільны транспарт, часовае прыпыненне інвестыцый у расейскі энергетычны сектар.

Што тычыцца найвышэйшага ўзроўню санкцый, то тут гаворка ідзе пра абмежаванні пераводаў капіталу, забароны на інвестыцыі ў расейскую эканоміку, строгага прымянення норм ЕЗ у дачыненні да кампаній з расейскімі актывамі, а таксама пра поўную забарону на імпарт нафты і газу з Расеі.

Нафтавыя і газавыя санкцыі, як адзначае агенцтва, могуць нанесці сур'ёзны ўдар па расейскай эканоміцы. Паводле дадзеных Еўрапейскай камісіі, дзякуючы нафце і газу з Расеі краіны ЕЗ пакрываюць да 30% усяго неабходнага аб'ёму па гэтых відах рэсурсаў, што ў грашовым эквіваленце ў мінулым годзе склала 130 мільярдаў еўра.

Для абмеркавання таго, які сцэнар санкцый – «слабы», «умераны» або «моцны», – задзейнічаць супраць Расеі ці ж не выкарыстоўваць ніякага, лідары краін Еўрапейскага звязу збяруцца на нефармальнай сустрэчы 27 траўня. Калі нейкі са сцэнарыяў будзе запушчаны ў працу, то еўрапейскія ўлады такім чынам пяройдуць да трэцяй стадыі санкцый у дачыненні да РФ – увядзенні абмежавальных мер супраць расейскай эканомікі. Цяпер ЕЗ знаходзіцца на другой стадыі, якая прадугледжвае санкцыі супраць асобных грамадзян і кампаній.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках