2 траўня 2024, Чацвер, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Дашук: Мне сорамна за маўклівых беларусаў

35
Віктар Дашук: Мне сорамна за маўклівых беларусаў

Вядомы беларускі рэжысёр прадэманстраваў сваю стужку на фестывалі ўсходнееўрапейскага кіно Go East у Вісбадэне.

Аб фактах са сваёй няпростай біяграфіі і аб сваім бачанні таго, што адбываецца ў Беларусі, Віктар Дашук пагаварыў з Deutsche Welle.

- Перад нямецкай прэм'ерай фільма «Спакуса» вы расказалі, што пасля таго, як у 1995 напісалі першы крытычны артыкул пра Лукашэнку, вы імгненна сталі «ворагам народа». А што значыць, па-вашаму, быць «ворагам народа» ў сучаснай Беларусі?

- Перш-наперш ты становішся «чалавекам-нікім». Уявіце сабе вядомага журналіста, кінарэжысёра, якога на 20 гадоў ігнаруюць інфармацыйна. Гэта значыць 20 гадоў гэты чалавек не прысутнічае ні на тэлебачанні, ні ў якім іншым сродку масавай інфармацыі. Вакол яго ствараецца вакуум. Больш за тое: людзі пачынаюць цябе баяцца, бо ўсе кантакты адсочваюцца. І калі бізнэсовец даў мне рубель на маё кіно, то назаўтра будзе знішчаны яго бізнэс. І нават калгасны трактарыст (я жыву за горадам, мне, бывае, патрэбна сельскагаспадарчая дапамога) ніколі ў жыцці да цябе не паедзе, ведаючы, што ты непажаданы для ўлады.

«Вораг народа» - гэта чалавек бяспраўны. Ва ўсякі момант цябе могуць схапіць на вуліцы, напісаць у пратаколе, што ты лаяўся матам ці біўся з міліцыянтамі, і пасадзіць на 15 сутак. Гэта толькі некалькі прыкладаў, але іх значна больш. Смешна увогуле, але для чалавека, які з'яўляецца гэтым «ніхто», гэта псіхалагічная нагрузка.

Я стаў «чалавекам-нікім», будучы народным артыстам Рэспублікі Беларусь, заслужаным дзеячам мастацтваў, лаўрэатам Дзяржпрэміі СССР. Але мяне гэтага жыцця пазбавілі. Для таго, каб знайсці, груба кажучы, грошы на ежу, трэба пакаяцца перад уладай, чаго я не магу зрабіць, бо я і ў Савецкім Саюзе быў такі ж няўжыўчывы.

- Гэта значыць кампраміс для вас немагчымы?

- Не, я чалавек чорна-белы. Практычна ўсе мае калегі вымушаныя былі пайсці на кампраміс, і не толькі ў кіно. Гэта ўсе тэатры: акторы жывуць бедна, яны залежаць ад улады, і каб пракарміцца, яны павінны халуйстваваць. Мы жывем у вельмі палітызаваны час. Калі ты не спадабаўся ўладзе, то на табе ставіцца пазнака, як на чалавеку, з якім не трэба мець справу.

- А як ставіцца гэтая пазнака? Наўрад жа прэзідэнт увесь час нагадвае камусьці пра вас. Альбо досыць аднаго яго слова, погляду?

- Гэта працуе аўтаматычна. Прэзідэнт, можа быць, і забыўся ўжо пра мяне, хоць памяць у яго добрая. Усё робіць чэлядзь, якая яго акружае. Скажам, дырэктар кінастудыі ніколі ў жыцці не дасць мне здымаць фільм, бо назаўтра будзе звольнены. Гэта зразумець можна, бо чалавек жыве адзін раз. Ён хоча спакою, хоча, каб у яго была прыгожая жонка, здаровыя дзеці, і каб ён мог паехаць у Турцыю пакупацца ў моры. А людзі, якія жывуць на барыкадах, як у пераносным, так і ў прамым сэнсе слова, парушаюць спакой, перашкаджаюць жыць, і на іх часта злуюцца.

- Вы сказалі, што ў сапраўднай сітуацыі ў Беларусі людзі мастацтва часта павінны халуйстваваць...

- Абавязаныя, і яны гэта робяць.

- А вось гэта сённяшняе халуйства адрозніваецца ад савецкага?

- Вядома, мы плаўна перайшлі з Савецкага Саюза нумар адзін у Савецкі Саюз нумар два. Так што розніца невялікая, але ёсць адзін нюанс. У Савецкім Саюзе мы разумелі, што не дзеяздольныя, але прымалі гэта як умовы гульні, якія ўсе вымушаныя былі выконваць. На партсходах казалі прамовы ў імя космасу, вялікіх ідэй камунізму, разумеючы, што ўсё гэта хлусня. Зараз, калі грамадства ў той жа Беларусі ці Цэнтральнай Азіі ўсё ж ледзь-ледзь павярнулася ў бок капіталізму, па логіцы, ты стаў менш залежным ад улады. Але каб зарабіць больш, ты павінен ёй служыць. Гэта ўжо некалькі іншыя стасункі, яны ўскладніліся: з'явілася магчымасць халуйствам зарабляць сабе на жыццё, прычым вельмі добра.

- У 2011 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў на беларускім тэлебачанні быў паказаны прапагандысцкі фільм «Плошча. Жалезам па шкле». Пасля гэтага вы напісалі артыкул, дзе вельмі хвостка сказалі, што вам сорамна быць беларусам. Вам да гэтага часу сорамна?

- За гэтую фразу на мяне многія пакрыўдзіліся, вядома. Бо я меў на ўвазе ўсіх беларусаў. Мне сорамна, бо калі вакол мяне халуі, то і я таксама, атрымліваецца, халуй. Шмат хто кажа: навошта ты лезеш у гэтую палітыку? Я не лезу ў палітыку. Проста ва мне бунтуе сумленне. Мне сорамна не столькі за беларусаў, колькі перад самім сабой. Сорамна, што я магу крыкнуць, а не крычу. Сорамна за маўклівых людзей, а іх не становіцца менш. Хоць з часам, можа быць...

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках