29 красавiка 2024, панядзелак, 16:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пружанах шукаюць маньяка

9
У Пружанах шукаюць маньяка

Міліцыя шукае забойцу 24-гадовай афіцыянткі з Пружанаў.

«Салідарнасць» высвятляла, як прасоўваецца расследаванне жорсткага забойства афіцыянткі з Пружанаў Таццяны Аўдзеевай, і распытала калегаў дзяўчыны аб тым, якой яна застанецца ў іх памяці.

Як паведаміў у панядзелак афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Руслан Макарук, праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні па ўстанаўленні асобы, датычнай да здзяйснення злачынства.

- У нас увесь горад у шоку! Які звер такое мог зрабіць?! - кажуць калегі забітай Таццяны Аўдзеевай, якая працавала афіцыянткай у пружанскім рэстаране.

- Гэта нейкі маньяк, хутчэй за ўсё, зрабіў, - мяркуюць людзі.

У тым, што забойцу знойдуць, землякі ахвяры не сумняваюцца.

Намеснік дырэктара рэстарана Святлана Канстанцінаўна кажа пра загінулую супрацоўніцу як пра вельмі добрага чалавека:

- Таццяна была безадмоўная. Ведаеце, якая ў нас праца: могуць і ў выходны дзень выклікаць. Таццяна ніколі не адмаўляла.

У апошні раз Святлана Канстанцінаўна бачыла Таццяну 15 траўня - у той самы дзень, які для маладой жанчыны стаў апошнім у жыцці.

- Яна хацела пра нешта пагаварыць, - успамінае суразмоўніца. - Гэта быў яе першы дзень пасля бальнічнага. Мабыць, лісток непрацаздольнасці аддаць збіралася. А мяне выклікалі, і трэба было ісці. «Вы ідзіце, - сказала Таццяна. - Ну, добра, заўтра пагаворым». А заўтра для яе не настала…

Загінулай Таццяне Аўдзеевай было ўсяго 24 гады. Жанчына адна выхоўвала маленькую дачку, якая ходзіць у дзіцячы садок.

Як паведамлялася раней, вечарам 15 траўня пасля работы Таццяна Аўдзеева не вярнулася дадому. Яе па-ізуверску забілі ў лесе недалёка ад горада. Па неафіцыйнай інфармацыі, выяўленыя прыкметы сэксуальнага акту. Дзяўчына атрымала шматлікія пераломы галавы і тулава. Цела аблілі саляркай і падпалілі. Цэлай засталася толькі адна рука, кажуць суседзі.

Яе цела знайшлі ўвечары 16 траўня ў лясным масіве каля вёскі Шубічы мясцовыя жыхары. Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па п. 6 ч. 2 арт. 139 КК РБ (Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках