28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валютная выручка ўпала на мільярд даляраў

1
Валютная выручка ўпала на мільярд даляраў

Асноўнай прычынай скарачэння валютнай выручкі стала зніжэнне паступленняў ад экспарту тавараў.

За чатыры месяцы 2014 года валютная выручка скарацілася на 1 млрд. 9,8 млн. даляраў ЗША ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Паводле дадзеных Нацыянальнага банка, па выніках чатырох месяцаў года гэты паказчык склаў 13 млрд. 776,5 млн. даляраў, у тым ліку за красавік - 3 млрд. 532,7 млн. У параўнанні з красавіком 2013 года валютная выручка Беларусі зменшылася амаль на 300 млн. даляраў, або на 7,7%, піша БелаПАН.

Асноўнай прычынай скарачэння валютнай выручкі стала зніжэнне паступленняў ад экспарту тавараў. Так, у студзені-красавіку гэтага года валютныя паступленні Беларусі ад экспарту тавараў склалі 11,2 млрд. даляраў і знізіліся на 1 млрд. 59,1 млн. даляраў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага.

Як адзначаюць эканамісты, зніжэнне валютных паступленняў вядзе да скарачэння прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку, што, у сваю чаргу, аказвае дадатковы ціск на курс беларускага рубля.

Нагадаем, у гэтым годзе прадпрыемствы і насельніцтва выступаюць чыстымі пакупнікамі замежнай валюты на ўнутраным рынку - гэта значыць купля замежнай валюты перавышае аб'ём прапановы.

З мэтай павелічэння валютнай выручкі ў 2014 годзе ўрад даручыў забяспечыць рост паставак ключавых экспартуемых тавараў (калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў) на знешнія рынкі.

Так, у лютым прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч усклаў на кіраўніцтва Беларускай калійнай кампаніі - нацыянальнага трэйдара калійных угнаенняў на знешніх рынках - персанальную адказнасць за выкананне мэтавага паказчыка па аб'ёму экспарту калійных угнаенняў.

Персанальная адказнасць ускладзеная і на кіраўнікоў профільных структур за выкананне мэтавага паказчыка па экспарце нафтапрадуктаў, пастаўкі якіх на знешнія рынкі штогод прыносяць у краіну больш за 10 млрд. даляраў.

У лютым Міністэрства эканомікі прыняло пастанову аб разліковых балансавых паказчыках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2014 год. Згодна з прагнозам экспарт беларускіх тавараў складзе 41,25 млрд. даляраў і павялічыцца на 8,9% у параўнанні з 2013 годам.

Разам з тым, па дадзеных статыстыкі, за студзень-сакавік экспарт тавараў склаў 8,98 млрд. даляраў, знізіўшыся на 4% у параўнанні з першым кварталам мінулага года.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках