17 траўня 2024, Пятніца, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчанка, якая выжыла ў цісканіне на Нямізе: Людзі не бачылі целаў, не чулі нашых крыкаў

32

15 гадоў таму ў цісканіне на станцыі метро Няміга загінулі 53 чалавекі.

Яшчэ дзесяткі атрымалі цяжкія траўмы. У тую нядзелю, 30 траўня, 1999 года, моладзь сабралася ля Палаца спорту на свята піва, арганізаваны «Аліварыяй». А насупраць, у саборы Святога Духа, ішла служба ў гонар вялікага рэлігійнага свята - Дня Святой Тройцы. Ніхто і ўявіць не мог, што з-за раптоўнага ліўня натоўп хлыне ў метро і літаральна за дваццаць хвілін падземны пераход Нямігі стане брацкай магілай. Onliner.by сустрэўся з менчанкай Марынай Кацько, якая выжыла ў пакутлівай цісканіне. Усе гэтыя гады дзяўчына носіць у душы маўклівае пытанне: для чаго лёс захаваў ёй жыццё, не пашкадаваўшы тых 53 чалавек?

Трагедыя на Нямізе пакінула больш пытанняў, чым адказаў. Ці маглі сіноптыкі прадбачыць навальніцу з ліўнем у той дзень? Чаму работнікі міліцыі не ведалі, як стрымаць натоўп? Чаму праект станцыі «Няміга» быў у свой час ухвалены гарадскімі ўладамі, хоць таіў у сабе столькі патэнцыйнай небяспекі? Канструкцыя станцыі такая, што зверху не відаць, што адбываецца ўнізе. Ці мог натоўп, які ратаваўся ад ліўня, паводзіць сябе інакш?

Аднак адказы гэтыя пытанні нічога не зменяць. Не стане лягчэй тым людзям, якім вось ужо 15 гадоў даводзіцца жыць без любімых дзяцей, братоў, сясцёр, сяброў... «З гадамі становіцца толькі цяжэй», - прызнаецца Міхаіл Інькоў, таленавіты беларускі скульптар, які страціў у той цісканіне пятнаццацігадовую дачку Машу.

«Мой Сярожа быў ужо дарослым, загінуў з позвай у кішэні. Яму было 19 гадоў. Што мне вам расказаць? Вы і так усё ведаеце. Не хочацца верадзіць сваё хворае сэрца», - цяжка ўздыхае Ганна Саладкевіч, маці Сяргея Саладкевіча, які памёр 11 чэрвеня пасля дванаццаці дзён комы і стаў апошняй, 53 ахвярай Нямігі.

«Дзякуй, вядома, што памятаеце пра нас, бацькоў. Але нам вось лекі не даюць, так да чаго гэтыя інтэрв'ю? Мой муж памёр год таму. І мне пасля інфаркту адной вельмі цяжка. Цяжка жыць з гэтым горам: сын пайшоў адпачыць з сябрамі, усе сябры вярнуліся, а ён - не. Загінуў за тое, што стаў ратаваць нейкую дзяўчынку», - ціхім голасам прамаўляе Ганна Мар'янаўна.

Напамінам пра трагедыю нейкі час служылі надпісы, пакінутыя на сценах падземнага пераходу: «Чаму, Лянка Янцова, у сваёй вясельнай сукенцы ты не ішла да шлюбу з каханым, а ляжала ў труне адна?», «Волечка, даруй за тое, што ты памерла, а я ўсё жыву. Да пабачэння, але не бывай», «Андрэйка, ты загінуў, ратуючы мяне. Я люблю цябе. Твая блакітнавокая!», «Нам не забыцца вашых усмешак. 10 «А»... Але ўжо праз сорак дзён усе кветкі, фатаграфіі і надпісы прыбралі. Было вырашана, што зачыняць уваход у метро і пакідаць у якасці помніка прыступкі, на якіх загінулі людзі, - гэта нефункцыянальна. Замест гэтага ля ўваходу на станцыю з'явіліся бронзавыя ружы і цюльпаны, супраць якіх доўга змагаліся сваякі загінулых. Але жаданне бацькоў інакш увекавечыць памяць дзяцей, як і шматлікія суды і пошукі вінаватых, ні да чаго не прывялі. Крымінальную справу закрылі па заканчэнні тэрміну даўніны...

***

Журналісты адшукалі сведку тых далёкіх падзей на Нямізе. Марыне Кацько было 16 гадоў, калі яна апынулася на валаску ад смерці. Усе гэтыя гады, якія прайшлі з моманту трагедыі, дзяўчына спрабавала не ўзгадваць пра перажыты жах. Але нараджэнне ўласных дзяцей нешта змяніла ў ёй самой, і цяпер Марыне стала важна ўсвядоміць, што ж адбылося ў тым злашчасным падземным пераходзе на самой справе.

30 траўня 1999 года стаяла цудоўнае надвор'е. Марына, адзінаццацікласніца менскай школы, вырашыла прагуляцца па горадзе разам са сваёй сяброўкай Алесяй. Для надзейнасці было вырашана, што суправаджаць дзяўчат будзе стрыечны брат Марыны Дзіма. Мабільных тэлефонаў у большасці гараджан тады яшчэ не было, таму дзяўчаты загадзя дамовіліся сустрэцца з Дзімам у падземным пераходзе на Нямізе.

- Мы з Алесяй прыехалі да Палаца спорту крыху раней, пагулялі там. Канцэрт ужо ішоў, але людзей было не шмат. Мы вырашылі развярнуцца назад і схадзіць па ваду ў краму недалёка ад «Масквы». Па-мойму, яна называлася «Матрошка». Калі мы выходзілі з крамы, стаў церусіць дробны дождж. Уздоўж дарогі стаяла міліцэйскае ачапленне. Нам сказалі ісці ў метро або пад мост, але не выходзіць на дарогу. Калі б не дагавор сустрэцца з братам, мы б пабеглі пад мост. Але ён павінен быў чакаць нас у пераходзе метро, і мы з Алесяй пайшлі туды. Калі мы падыходзілі, пачаўся моцны дождж, вецер, - распавядае Марына.

- Мы з сяброўкай пачалі спускацца па правым баку, трымаючыся за рукі. І ў нейкі момант мяне рэзка - р-раз! - і прыціснула да сценкі. Я не адчуваю пад нагамі прыступак. Нічога не зразумела. Я паварочваю галаву - Алесі побач ужо няма, яе вынесла наверх (гэта і выратавала ёй жыццё). А мне заставаліся тры прыступкі да ўваходу ў метро. Гэтыя тры прыступкі я запомніла вельмі выразна, - з асаблівай інтанацыяй прамаўляе дзяўчына.

- Перад мной стаяла нейкая бабуля. Я кажу ёй: «Бабуля, прайдзіце хоць трохі наперад. Тры прыступкі - і мы з вамі выберамся». А яна адказвае: «Я не магу, мяне ціснуць». Тут нейкая сіла здушыла і мяне. Зверху людзі не бачылі целаў, не чулі нашых крыкаў. Натоўп усё напіраў і напіраў. Нейкія маладыя хлопцы ўверсе пракрычалі: «Давай паднажмем! Давай паднажмем!» Гэта быў канец. Я страціла прытомнасць... Потым я памятаю, як у сне, што нехта робіць мне штучнае дыханне, а зверху раздаецца голас: «Так пакіньце яе, яна ўжо труп!» Я пачынаю махаць рукамі і нагамі (гэта значыць, мне здаецца, што я махаю рукамі і нагамі, хоць на самой справе ляжу без руху), каб даказаць, што я жывая. «Не трэба мяне запісваць у трупы!» - думаю я. І адкрываю вочы. Я не памятаю ні дажджавога неба, ні людзей вакол. Нехта ўзяў мяне на рукі і занёс у хуткую. Я села, гляджу: уся мая белая кофта ў крыві. Я дакранаюся да галавы - ніякай раны няма. «Адкуль тады кроў?» - здзіўляюся я. Нага баліць, рука жудасна ные, але галава цэлая. Я доўга сядзела не ў сілах нічога зразумець. У нейкі момант дзверы хуткай адкрылася, і да мяне ўкацілі дзяўчыну з зачыненымі вачамі і дзіркай у ілбе. Дзіркай ад нечага абцаса. Да гэтага мне здавалася, што няшчасце адбылося з адной толькі мной. Але я глядзела на гэтую дзяўчыну, была не ў стане вызначыць, жывая яна ці мёртвая, і разумела, што бяда здарылася не толькі са мной. Гэта было страшна. Я павярнулася да кіроўцы хуткай і спытала: «А што здарылася?» «Людзей заціснулі», - коратка адказаў ён. Больш я нічога не пыталася.

Хуткая адвезла Марыну ў 2-ю лякарню. Там дзяўчына правяла ў адзіноце доўгі час, назіраючы за тым, як прыносяць новых і новых людзей. Хтосьці клапатліва працягнуў ёй шклянку вады. Але больш ніхто не падыходзіў . У гэтым шокавым стане больш за ўсё ёй хацелася трапіць дадому, пераканацца, што з братам і Алесяй усё ў парадку. Як потым высветлілася, абодва яны выратаваліся.

- Я была не ў стане сама знайсці шлях да метро. Нага балела ўсё мацней, а рука проста павісла, як быццам надарвалася. Таму папрасіла каго-небудзь з мужчын, якія ляжаць у бальніцы, праводзіць мяне. Не памятаю ні твару, ні выразу вачэй гэтага чалавека. Толькі паласатую бальнічную піжаму. Так мы і пайшлі да метро: я і паласатая піжама. Калі мы спускаліся на платформу, ужо не заставалася слядоў цісканіны. Метро працавала як звычайна. Праўда, гледзячы на мой стан, работніца станцыі адмовілася прапусціць мяне праз турнікет, выклікала хуткую. Я ўпіралася як магла, змагалася: так не хацела зноў трапіць у лякарню, убачыць увесь гэты жах, бясконцы паток параненых.

Чарговая хуткая забрала Марыну ў 9-ю лякарню. Ужо там а палове дзесятай вечара дзяўчына змагла патэлефанаваць дадому і супакоіць маму: жывая! У «дзевятцы» Марыне зрабілі рэнтген, старанна агледзелі руку і нагу.

- Я памятаю , як сядзела там, а ў суседні пакой людзі заходзілі на апазнанне. Адна жанчына зайшла з мужам, а потым яна крычала, так крычала! Гэты крык я запомніла на ўсё жыццё... Неўзабаве прыехала мама і забрала мяне пад распіску. На наступную раніцу я не магла хадзіць. У прыбіральню паўзла на карачках. Вочы былі цалкам чырвоныя, як у вампіра - мабыць, з-за кіслароднага галадання, якое арганізм перажыў у тым пераходзе. Усё цела было пакрыта сінякамі. Рука наогул не працавала.

Затым Марыну чакаў месяц у 10-й лякарні. Дзяўчыну вызвалілі ад іспытаў і паклалі на лячэнне з дыягназам «кампрэсійна-ішэмічная неўрапатыя правага локцевага нерва». Пальцы на правай руцэ не варушыліся, есць даводзілася левай.

- У «дзесятцы» быў самы вялікі бальнічны морг. І я памятаю, як адтуль забіралі дзяўчат у вясельных сукенках. Гэта было жудасна. Прычым іх было так шмат! Мы выходзілі на вуліцу падыхаць паветрам і бачылі бацькоў, якія выносілі целы...

У жніўні Марыне далі пуцёўку ў санаторый «Юнацтва», а праз год яе маці здолела дамагчыся яшчэ адной пуцёўкі. Вось і ўсё. На гэтым гісторыю Нямігі для Марыны і яе сям'і гарадскія інстанцыі абвясцілі афіцыйна скончанай.

***

Марына рэдка бывае на Нямізе. Кожны раз, апынуўшыся на станцыі, яна ўзгадвае, як натоўп ціснуў яе ў тым пераходзе. Але ўсё-такі знаходзіць у сабе сілы ездзіць на метро.

- Сваякі загінулых спрабуюць знайсці вінаватых у трагедыі, папракаюць міліцыю. Але сёння мне здаецца, што гэта няправільна. Што маглі зрабіць дзяжурныя міліцыянты? І хто зараз будзе выплачваць кампенсацыі? Хоць мне вельмі шкада бацькоў. Многія дзеці загінулі, многія атрымалі сур'ёзныя калецтвы. Я не хацела хадзіць на ўсе гэтыя суды, якія яшчэ доўга ішлі пасля таго, што адбылося: кожны раз крыкі, слёзы. Гэта былі не працэсы, а нешта жудаснае.

Цяпер Марына - юрыст, жонка, маці дваіх дзяцей. Малодшаму Назару год і восем месяцаў, старэйшая Яна ўжо ходзіць у школу. Усе думкі сям'і цяпер толькі пра будаўніцтва: побач са старым дамком у Калодзішчах Кацько пачалі будаваць новы, двухпавярховы. Жыццё працягваецца.

- У мяне ўсё выдатна! - упэўнена кажа Марына. І ёй ёсць з чым параўноўваць: яна ведае, што прыйшлося вынесці многім іншым, якія апынуліся на Нямізе ў той дзень. - Я вельмі часта задавала сабе пытанне: навошта мне было дадзена выжыць, хоць лёс не пашкадаваў тых людзей у пераходзе? І вырашыла, што ў гэтым ёсць сэнс. Магчыма, пашкадавалі маю маму. Яна адна нас гадавала. Як бы мама гэта перажыла?

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках