5 траўня 2024, Нядзеля, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Марачкін: З сыходам Бураўкіна беларуская літаратура асірацела

Алесь Марачкін: З сыходам Бураўкіна беларуская літаратура асірацела

Генадзь Бураўкін быў адным з тых, хто цэментаваў беларускую нацыю.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org вядомы беларускі мастак, кіраўнік аб'яднання «Пагоня», сябра аргкамітэта «Беларускага руху» Алесь Марачкін.

- Што страціла Беларусь са смерцю паэта Генадзя Бураўкіна, і кім ён быў для вас?

- Гэта вялікая страта для ўсёй беларускай культуры і творчых людзей. Імя Генадзя Бураўкіна мне асабліва блізка, таму што я яшчэ будучы студэнтам быў знаёмы з ім. А пасля заканчэння мною тэатральна-мастацкага інстытута, я працаваў мастаком-ілюстратарам у часопісе «Молодость», дзе ён быў рэдактарам. Не было той выставы аб'яднання «Пагоня» ці маёй персанальнай, на якой бы не прысутнічаў Генадзь Бураўкін са сваёй жонкай Юліяй. Я быў у яго ў гасцях, а апошняя сустрэча была з ім вельмі цёплай і добрай, калі мяне прымалі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Яго рэкамендацыя была вельмі важнай для мяне. Я памятаю, як ён сказаў: «Алесь, пішы вершы так, як ты пішаш карціны - на такім уздыме». Таму я вельмі шкадую аб яго сыходзе.

- Вядома, што Генадзь Мікалаевіч ў 1976 годзе ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце 31 сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а з 1990 года быў пастаянным прадстаўніком нашай краіны ў ААН. Ён таксама абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Ён быў не толькі паэтам...

- Я ўспрымаю яго як творчую асобу, але гэта і вялікі палітык. Ён быў вельмі апантаным чалавекам, хваляваўся і перажываў за тое, што адбываецца ў Беларусі.

- Што чакае беларускую літаратуру пасля сыходу з жыцця такіх класікаў, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін?

Са смерцю Быкава, нядаўнім сыходам Барадуліна, а зараз і Генадзя Бураўкіна беларуская літаратура асірацела. Гэтыя людзі былі падмуркам нашай культуры, яны цэментавалі нацыю. Але надзея ўсё ж ёсць. Ёсць пераемнікі і тыя, хто вядзе гэты карабель, і іх шмат. Я веру, што сярод нас ёсць волаты культуры, якія яшчэ паўстануць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках