26 красавiка 2024, Пятніца, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Вінярскі: Намеснік начальніка РУУС патрабаваў, каб я з'ехаў на два гады

24
Максім Вінярскі: Намеснік начальніка РУУС патрабаваў, каб я з'ехаў на два гады

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» выйшаў на свабоду пасля 12-сутачнага арышту.

Увесь час знаходжання ў турме на вуліцы Акрэсціна ў Менску Максім Вінярскі працягваў галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага затрымання і выраку суда. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

«Затрымалі мяне ў «Кароне», - распавёў Максім Вінярскі. - Ніхто прычыну не тлумачыў, супрацоўнікі сказалі адно слова «міліцыя» і запіхнулі ў аўтамабіль. Там я ўбачыў арыентоўку менавіта на мяне. У іх былі фатаграфіі, зробленыя на адной з акцый, раздрукоўкі з пашпарта. Мяне даставілі ў РУУС Фрунзенскага раёна, а потым адразу ў суд. Толькі адтуль я змог паведаміць з дапамогай адваката пра сваё затрыманне.

З суда назад у РУУС мяне вёз намеснік начальніка ўпраўлення Галавін. Ён вельмі выразна сказаў, што затрыманне звязана з надыходзячымі мерапрыемствамі, у прыватнасці, з Чарнобыльскім шляхам. А на час Чэмпіянату свету па хакеі настойліва параіў пакінуць горад. Нават больш, ён заявіў, што мне, каб пазбегнуць затрыманняў і арыштаў, неабходна з'ехаць з краіны на два гады, «пакуль маё прозвішча не забудуць». «Усе разумныя людзі павінны цяпер з'ехаць з краіны», - падкрэсліў ён».

Максім Вінярскі распавёў і аб умовах свайго знаходжання ў турме на вуліцы Акрэсціна і пра стаўленне з боку ахоўнікаў.

«Амаль увесь час я фактычна правёў у адзіночнай камеры. Толькі ў першыя дні са мной быў гішпанамоўны афрыканец, які чакаў дэпартацыі. З ім не было ніякіх стасункаў. На тры маіх заявы, якія былі пададзеныя на імя начальніка турмы, ніякага адказу не было. Першая з іх была пра галадоўку, другая - аб пераводзе ў іншую камеру, трэцяя - з просьбай дазволіць адпраўку ліста.

Галоўку я трымаў увесь час арышту, на шостыя суткі пачаў піць ваду.

Толькі пасля візіту адваката мяне стала аглядаць мясцовая лекарка. Назіранне з яе боку зводзілася да вымярэння ціску і пульсу, прычым вынікі мне не паведамлялі. «Ціск добры», - адзінае, што казала лекарка. Ён быў «добрым» і калі я быў у «сухой» галадоўцы, і калі ў мяне вельмі моцна пагоршылася самаадчуванне, і я нават не мог нармальна размаўляць.

Калі мне стала зусім дрэнна, выклікалі «хуткую». Прычым для гэтага аказалася дастаткова толькі пастукаць у дзверы і нешта прахрыпець - напэўна настолькі дрэнна я выглядаў. Гэта было на шостыя суткі, па-мойму. «Хуткая» прыехала, мяне агледзелі. Нармальна гаварыць з дактарамі, нешта растлумачыць я наогул не мог. Думаю, што адміністрацыя турмы ім сказала, што ў любым выпадку не адправіць мяне ў бальніцу. Дактары сказалі: «нічога экстранага» і з'ехалі», - распавёў Максім Вінярскі.

Другі раз «хуткую» запатрабавала выклікаць адвакат каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Вольга Безбародкіна, аднак начальнік турмы адмовіўся гэта зрабіць. З ягоных слоў, рашэнне аб гэтым наогул павінна прымаць турэмная лекарка.

«Хоча здохнуць у камеры - хай здохне ў камеры», - цытуе Максім Вінярскі словы начальніка ўстановы. Праўда пасля гэтага міліцыянт сказаў, што «калі будзе неабходнасць - будзем ставіць кропельніцу ў камеры».

Актывіст падкрэсліў, што, улічваючы папярэджанне з боку намесніка начальніка РУУС Фрунзенскага раёна, упэўнены, што бліжэйшым часам зноў будзе арыштаваны паводле фальсіфікаванага абвінавачвання.

Нагадаем, Максім Вінярскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 22 красавіка ў Менску на выхадзе з гандлёвага цэнтра «Карона». Актывісту заявілі, што ён «падобны на чалавека, які знаходзіцца ў вышуку», аднак ужо ў аддзяленні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У той жа дзень суддзя Фрунзенскага суда Менска Людміла Лапо прызнала Вінярскага вінаватым і прысудзіла да 12 сутак арышту.

Падчас суда Вінярскаму, у якога на той момант была вострая ангіна, стала дрэнна. Медыкі хуткай дапамогі, якія прыбылі, канстатавалі, што ён мае патрэбу ў шпіталізацыі, аднак міліцыянты заявілі, што адвязуць яго ў ЦІП. У адказ актывіст абвясціў сухую галадоўку.

За апошні час Максім Вінярскі правёў у турме больш за 300 сутак, што сур'ёзна паўплывала на стан яго здароўя. Падчас апошняга затрымання супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ад яго пакінуць Менск на час правядзення Чэмпіянату свету па хакеі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках