4 траўня 2024, Субота, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У нашай арміі не любяць Лукашэнку»

108

Менскі праграміст падзяліўся ўражаннямі аб афіцэрскіх зборах.

Праграміст Міхаіл Ларчанка пабываў на афіцэрскіх зборах. У сваім блогу ён напісаў пра тое, у якіх умовах праходзілі зборы, чым жыве сёння беларуская армія, як вайскоўцы ставяцца да ўлады і падзеяў ва Украіне

Служба ў беларускай арміі – гэта не год ці паўтара, а амаль «пажыццёвае пакаранне». З 2010 па 2011 год я адслужыў свой належны паводле закона год, затым атрымаў афіцэрскае званне і з уласнай дурасці разважыў, што на тым мае пакуты ў вайсковай форме скончыліся. Але прайшлі тры няпоўныя гады, і ваенкамат ўспомніў пра мяне. Армія паклікала на афіцэрскія зборы. Тэрміновую службу я праходзіў у 103-й брыгадзе сіл спецыяльных аперацый у Віцебску. Зборы ж перакваліфікавалі мяне ў сапёра і праходзілі ў Печах. Галоўнай і, мабыць, адзінай карысцю стала тая інфармацыя, якую ўдалося атрымаць у выніку размоваў з вайскоўцамі і іншымі закліканымі на зборы людзьмі. Але пра ўсё па парадку.

пралог

Пачну з таго, як умее падманваць ваенкамат. Месца майго пражывання знаходзіцца ў 120 кіламетрах ад месца рэгістрацыі, таму позву атрымала мая мама. Хлусня першая: у позве не было ні слова аб зборах, мяне запрашалі для медыцынскага пераагляду. Ужо на месцы я даведаўся, што рэальнай прычынай майго выкліку былі зборы. Хлусня другая: ваенкамат запэўніваў, што жыць мы будзем у інтэрнаце прапаршчыкаў. Жылі ж мы ў звычайнай казарме ў часці з адпаведнымі абмежаваннямі.

Жылі афіцэры на зборах у звычайнай салдацкай казарме

Такі падыход да справы мяне зусім не задавальняў, праз гэта я ўступіў у канфлікт з начальнікам ваенкамата, за што той адправіў мяне ў вайсковую пракуратуру, у якой мне зачыталі адказнасць за няяўку на зборы. А яна не моцна адрозніваецца ад ўхілення ад тэрміновай службы: штраф або турма. Прыйшлося ехаць.

Як я ўжо згадваў, пасялілі нас у звычайную вайсковую казарму. Беднасць нашай дзяржавы адчувалася усюды: патрапаная паношаная форма, старыя боты (Блін, нам выдалі боты і анучы, як так?), адсутнасць гарачай вады, ложак савецкіх часоў. Усё гэтак жа, як і калі я быў жаўнерам, толькі я то цяпер афіцэр і жыць у такіх дзікіх умовах мне як бы не пасавала.

Тым, што прыехалі на зборы выдалі боты і анучы

Дзіўным было і тое, што нашы перамяшчэнні за межамі часткі абмежаваныя. Спачатку нам і зусім нельга было пакідаць тэрыторыю вайсковай часткі. Але пасля невялікага скандалу нас сталі адпускаць... невялікімі групамі па загадзя складзеным спісе. На выходныя дадому адпускалі аднаго-двух чалавек, але для гэтага неабходна было ледзь не цалаваць у непрыстойныя месцы камандзіра часткі. Нагадаю, што ўсе мы дарослыя людзі са сваімі дзецьмі і праблемамі, а адчувалі сябе, як у турме. Пры гэтым выразна растлумачыць, чаму так адбываецца, не мог ніхто.

Вайсковыя «выгоды»

Сякія-такія абмежаванні не дазваляюць мне апісаць цалкам той жалосны стан беларускай арміі, які я ўбачыў. Магу толькі сказаць, што грошай там няма зусім, а мэта любога афіцэра – дасядзець да пенсіі і звольніцца.

пра рэжым

Як было на тэрміновай службе:

- Пад'ём у 6.00

- Зарадка

- Сняданак

- Заняткі тэарэтычныя/практычныя/фізічныя

- Абед

- Заняткі тэарэтычныя/практычныя/фізічныя

- Вячэра

- Вольны час (блізу гадзіны)

- Вячэрні шпацыр

- Адбой у 22.00

Як тут:

- Пад'ём прыкладна ў 6.30. Можна пазней, хто як хоча

- Сняданак для жадаючых

-6 гадзін заняткаў на крэсле. У тэорыі трэба пісаць канспект, на практыцы ніхто нічога не піша

- Абед для жадаючых

-3 гадзіны заняткаў: самастойная падрыхтоўка і выхаваўчая праца – банальнае сядзенне на крэсле

- Вячэра для жадаючых

- Адбой у 22.30. Можна раней, можна пазней.

Фізічных нагрузак афіцэрскія зборы не прадугледжваюць. Практычных заняткаў асабліва таксама не было (даслоўна два-тры за ўвесь час).

У канцы здавалі залік. Здалі ўсе, бо раздалі кніжкі, каб спісаць.

З мяне зрабілі «сапёрнага» камандзіра, але пры гэтым я ніколі ў жыцці не бачыў міну ці нават мінашукальнік.

Дарэчы, быў у нас адзін таварыш, які на другі ці трэці дзень лёг у шпіталь і прыйшоў за два дні да канца збораў. Натуральна зборы яму залічылі і залік ён здаў. Нікога не цікавяць твае веды, галоўнае перад начальствам даць справаздачу, што ўсе пра ўсё ведаюць.

пра алкаголь

Выпускалі ў горад нас штодня. Не ўсіх, а толькі невялікія групы па 5-10 чалавек. Сэнсу ісці за плот асаблівага не было, у саміх Печах рабіць няма чаго, а часу на паездку ў Барысаў банальна не хопіць. Таму хадзілі збольшага толькі для таго, каб завітаць на краму і купіць прадуктаў. Многія службовыя куплялі моцны алкаголь. Афіцыйна ўжываць нам нельга было. Але начальства заплюшчвала на гэта вочы, робячы выгляд, што мы ўсё ж такі не дзеці і можам сябе кантраляваць.

Аднойчы, праўда, прыйшлося за гэта паплаціцца. Невялікі калектыў пачаў выпіваць у казарме ў адзін з суботніх вечароў. Алкаголю было ўліта значная колькасць, адпачынак плаўна ператварыўся ў п'янку з усімі вынікаючымі: крык, лаянка, спевы і гучнае праслухоўванне музыкі. Адказны (афіцэр, які начуе з намі і сочыць за парадкам) зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Аднак п’янка доўжылася і нядзельнай раніцай. Новая порцыя алкаголю была прынятая ўжо ў 8 раніцы і да абеду. Пасля гэтага адзін з «падгулялых» таварышаў бадзёрым, але няўпэўненым крокам без дазволу пайшоў у горад, дзе дадаў яшчэ і быў спынены патрулём.

Патруль адразу ж павёў нядбайнага п'яніцу ў штаб да дзяжурнага. Пасля такога выпадку нам маглі наогул забараніць выхад у горад. Але, пранесла.

пра тэхніку

Беларусь – краіна бедная. З гэтай нагоды ўзброеныя сілы не могуць сабе дазволіць закупіць новую тэхніку, а ў ход ідуць савецкія запасы. Абнаўленняў парку ў бліжэйшы час не прадбачыцца. Падзеі ва Украіне, а ў прыватнасці той факт, што ўкраінская армія ўяўляла сабой вартае жалю відовішча, прымусілі ўрад РБ правесці праверку сваіх узброеных сілаў. Уся тэхніка павінна заводзіцца і спраўна працаваць, а да 15 мая прайсці кантрольны прабег.

Магу дакладна сказаць, што не ўсе машыны і танкі змогуць выехаць з гаража, але адсоткаў 80 прабег пройдуць.

Праўда, часам даходзіла да кур'ёзаў. Каля нашай казармы стаяў на пастаменце грузавік гадоў 40-50-х. На ўскідку Газ-51 (не ўпэўнены). Дык вось, вяртаемся мы неяк «дадому», а яго няма. Паніка, крыкі, мы захваляваліся як гэта. Высветлілася, што аўтамабіль стаіць на балансе і, адпаведна, таксама павінен прабег здзейсніць. Калі даведаліся, аж палягчэла.

Пра сваё стаўленне да падзеяў ва Украіне

Усе вайскоўцы свята перакананыя ў правасці расейскай улады. Гатовыя з пенай у рота даказваць, што Расея і наш, і ўкраінскі брат/сват/цесць, і разам нам будзе лепш.

Сярод запаснікаў думкі існуюць розныя, але ў большасці сваёй ўсё гэтак жа падтрымліваюць расейскі пункт гледжання.

Пра стаўленне да беларускай улады

Парву шаблон – ніхто не любіць прэзідэнта і ніхто за яго галасаваць не збіраецца, ды і на папярэдніх выбарах галасавалі за яго не ўсе. Прычыны простыя: маленькія зарплаты і разруха ва ўзброеных сілах. Наяўнае становішча спраў у нашых войсках не задавальняе афіцэрскі склад. Неяк так.

Запаснікі таксама Рыгоравіча не вітаюць. Большасць яго палітыку не падтрымліваюць наогул. Некаторыя вінавацяць не яго, а апарат улады – пенсіянераў і дармаедаў, якія занялі ўсе высокія пасады ва ўрадзе. Больш за ўсё не любяць Пракаповіча.

пра тэрміновую службу

З часоў маёй тэрміновай службы ў войску нічога не памянялася. Дзедаўшчына квітнее, афіцэры выпіваюць, армія слабая.

эпілог

Зноў магу сцвердзіць: у арміі рабіць няма чаго, ні год, ні месяц, ні дзень. Калі хтосьці паспрабуе пераканаць у адваротным – неабходна тут жа плюнуць у твар.

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках