29 красавiка 2024, панядзелак, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Літвы падтрымалі выкладчыкаў ЕГУ

2
Улады Літвы падтрымалі выкладчыкаў ЕГУ

Кантралюючыя службы Літвы паказалі кіраўніцтву ЕГУ на неправамерныя рашэнні.

Кантралёр па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літвы пацвердзіў неправамернасць некаторых дзеянняў кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня, ЕГУ). Для выпраўлення сітуацыі ў кіраўніцтва ВНУ ёсць час да 2 чэрвеня, пішуць «Белорусские новости».

Да кантралёра (дзяржаўная інстанцыя, якая прызначаецца і падсправаздачная Сейму Літвы) Сенат ЕГУ звярнуўся 28 лютага. Скарга складалася з некалькіх пунктаў, распавёў член сената ЕГУ Андрэй Ралёнак:

«Першы - Кіруючая рада стварала пазастатутныя выканаўчыя органы накшталт Выканаўчага камітэта Кіруюўчай рады і Выканаўчай рады, якім дэлегавалася прыняцце ключавых кіраўніцкіх рашэнняў. Другі - ім была парушаная працэдура правядзення конкурсу на замяшчэнне выкладчыцкіх пасад у пытанні стварэння конкурснай камісіі (гэтым павінен быў займацца Сенат). Наша скарга была цалкам задаволеная».

У атрыманым 30 красавіка адказе на пададзеную Сенатам ЕГУ скаргу аб парушэннях у працы кіраўніцтва ўніверсітэта кантралёр па акадэмічнай этыцы канстатуе парушэнні з боку кіраўніцтва ЕГУ пяці артыкулаў універсітэцкага статута. Па заключэнні кантралёра, парушэнні мелі месца пры прыняцці рашэнняў, звязаных з кіраваннем універсітэтам і зменамі яго арганізацыйнай структуры, а таксама пры правядзенні конкурсу на выкладчыцкія пазіцыі.

У выніку разгляду скаргі кантралёр рэкамендуе Кіруючай радзе адклікаць рашэнне ад 25 студзеня 2014 года аб фармаванні конкурснай камісіі па адборы выкладчыкаў, а таксама дзеянні, звязаныя са зменамі ў кіраванні і структуры ўніверсітэта, прывесці ў адпаведнасць са статутам ЕГУ.

Кантралёр рэкамендуе рэктару ЕГУ праінфармаваць Усеагульны сход саўладальнікаў аб выяўленых парушэннях. Кантралёр адзначае, што «ўстаноўленыя парушэнні акадэмічнай этыкі і працэдуры павінны быць ліквідаваныя неадкладна».

Інфармацыю пра вынікі кантралёр чакае ад рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава да 2 чэрвеня.

Андрэй Ралёнак адзначыў, што лагічным вынікам рэкамендацый «павінна стаць адмена шэрагу ўжо прынятых і выкананых рашэнняў - ад увядзення пазіцыі правоста (першага прарэктара) да правядзення і вынікаў конкурсу на 17 выкладчыцкіх пазіцый, абвешчанага 13 студзеня 2014 года».

На думку Ралёнка, рашэнне літоўскай інстанцыі «абвяргае заявы адміністрацыі аб правамернасці яе дзеянняў, якія прывялі ўніверсітэт у стан зацяжнога крызісу».

Нягледзячы на тое, што рашэнні кантралёра носяць рэкамендацыйны характар, «у выпадку іх невыканання пытанне можа быць вырашана ў судовым парадку».

«Цяпер неабходна маніторыць выкананне рэкамендацый кантралёра», - адзначае Андрэй Ралёнак. Яго прагноз у дачыненні да змены сітуацыі аптымістычны. У гэтым годзе ўніверсітэт будзе праходзіць акрэдытацыю ў Міністэрстве адукацыі Літвы, і не ў інтарэсах кіраўніцтва прадпрымаць дзеянні, якія могуць пагоршыць імідж універсітэта ў вачах дзяржавы.

Аптымістычны ў дачыненні да ўздзеяння рашэння кантралёра на лёс універсітэта і член Сената ЕГУ Андрэй Лаўрухін. «Гэта азначае, - сказаў ён, - што ўсё, што было, не плод нашай групавой фантазіі (як спрабуе прадставіць адміністрацыя). У нас на руках ужо ёсць дакумент, які пацвярджае абгрунтаванасць нашых патрабаванняў».

Як паведамлялася раней, канфлікт у ЕГУ паміж адміністрацыяй і сенатам ВНУ, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта, зноў абвастрыўся ў сярэдзіне студзеня 2014 года.

5 лютага з ЕГУ звольнілі старшыню сената прафесара Паўла Церашковіча, датэрмінова перапыніўшы з ім кантракт, тэрмін якога заканчваўся ў верасні 2014 года. 7 лютага акадэмічная супольнасць ЕГУ заявіла пра «серыю акцый акадэмічнага непадпарадкавання і забастовачны працэс» з патрабаваннем аднавіць на працы Церашковіча. 20 лютага ЕГУ абвясціў адкрыты конкурс на семнаццаць выкладчыцкіх пасад.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільні ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках