29 красавiка 2024, панядзелак, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіста прафсаюза звольнілі за галадоўку пратэсту

2
Актывіста прафсаюза звольнілі за галадоўку пратэсту

На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў звольнілі актывіста незалежнага прафсаюза.

Адміністрацыя Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) адмовілася падоўжыць кантракт сябру Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ), удзельніку сакавіцкай галадоўкі на прадпрыемстве грузчыку Віктару Осіпаву, нягледзячы на просьбу калектыву і станоўчую характарыстыку начальніка ўчастка.

Нагадаем, 25-27 сакавіка старшыня першаснай арганізацыі СПБ Міхаіл Кавалькоў і яшчэ 11 цяперашніх і былых работнікаў завода правялі папераджальную галадоўку. Яе прычынай яны называлі невыкананне адміністрацыяй прадпрыемства дасягнутых 24 студзеня дамоўленасцяў аб пачатку перамоваў па калектыўнай дамове. Сярод патрабаванняў было таксама: спыненне пераследу работнікаў прадпрыемства за ўдзел у дзейнасці СПБ; ліквідацыя дыскрымінацыйных пунктаў калектыўнай дамовы і распаўсюджванне яе дзеяння на ўсіх работнікаў завода; забеспячэнне старшыні пяршоўкі бесперашкоднага доступу на прадпрыемства. Тады адміністрацыя завода ніяк не адрэагавала на акцыю.

"Непадаўжэнне кантракта Осіпаву - гэта помста за тое, што ён знаходзіцца ў Свабодным прафсаюзе і ўдзельнічаў у галадоўцы", - заявіў Кавалькоў. Ён сказаў, што звольнены работнік выказваў жаданне працаваць на прадпрыемстве, пра што пісьмова праінфармаваў дырэктара Аляксандра Аграновіча.

Акрамя таго, усе работнікі яго ўчастка - склада металу аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (АМТЗ) - падпісаліся пад зваротам да дырэктара з просьбай падоўжыць кантракт Осіпаву. "Мы, работнікі склада металу АМТЗ, хадайнічаем і просім вас падоўжыць кантракт з грузчыкам склада Осіпавым Віктарам Барысавічам. За ўвесь час працы ён зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Гэта надзейны таварыш, які карыстаецца ў нашым калектыве заслужанай павагай і аўтарытэтам. Ускладзеныя на яго абавязкі выконвае якасна і хутка. Усе, хто з ім працуе, не маюць да яго прэтэнзій", - гаворыцца ў лісце калегаў Осіпава.

Да дакумента яны прыклалі характарыстыку на Осіпава, якую даў начальнік АМТЗ Алег Кавалевіч. Згодна з ёй, Осіпаў "у сваёй працы кіруецца рабочай інструкцыяй, з аб'ёмам працы спраўляецца, ведае дакументы, якія рэгламентуюць яго працоўную дзейнасць". "Парушэнняў унутранага працоўнага распарадку не дапускаў. Мае рэпутацыю чалавека сумленнага і абавязковага. Дысцыплінаваны i старанны", - гаворыцца ў характарыстыцы на звольненага грузчыка.

Тым не менш намеснік дырэктара завода па ідэалогіі Уладзімір Елісеенка палічыў неабходным не падоўжыць кантракт работніку.

Осіпаў згодны з тым, што яго звальненне з'яўляецца рэпрэсіяй у адказ на яго актыўнасць у працы незалежнага прафсаюза. "Хоць у нас на заводзе ўвогуле праблема звольніцца. Не адпускаюць , калі людзі хочуць сысці. Трымаюць усімі праўдамі і няпраўдамі. А мне ўжо адразу - шчаслівай дарогі", - заявіў Осіпаў. Тым не менш ён не шкадуе, што актыўна выступаў за правы рабочых завода, патрабуючы ад адміністрацыі выканання працоўнага заканадаўства, умоў працы, недапушчэння скарачэння зарплаты.

Звольнены грузчык не выключае, што будзе вымушаны з'ехаць з Беларусі ў пошуках працы, аднак пакуль разглядае магчымасць аднавіцца на заводзе, дзе прапрацаваў дзевяць гадоў, праз суд.

Намеснік дырэктара БЗТДіА Елісеенка адмовіўся пракаментаваць звальненне Осіпава, заявіўшы, што знаходзіцца ў адпачынку.

Нагадаем, 1 красавіка пасля галадоўкі Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў запатрабавала ад адміністрацыі прадпрыемства неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць сяброў СПБ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках