3 траўня 2024, Пятніца, 21:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Украіны: Заявы Пуціна - фарс, агрэсія РФ працягваецца

17
МЗС Украіны: Заявы Пуціна - фарс, агрэсія РФ працягваецца

Расея не збіраецца ўладжваць канфлікт ва Украіне.

Заявы Уладзіміра Пуціна, якія прагучалі 7 траўня, не сведчаць пра жаданне спыніць агрэсію. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны.

"Нягледзячы на знешні выгляд, жэсты "добрай волі", змест і рыторыка, якія прагучалі ў Крамлі, не маюць нічога агульнага з сапраўдным пошукам шляхоў урэгулявання", - заявілі ў МЗС Украіны.

У ведамстве абмеркаванне шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі без удзелу Украіны назвалі бессэнсоўным і непрымальным.

"Замест заяў патрэбныя рэальныя дзеянні. Расея павінна перш за ўсё выканаць узятыя на сябе Жэнеўскія абавязацельствы і дыстанцыявацца ад дзейнасці тэрарыстаў на ўсходзе Украіны, публічна заклікаць сепаратысцкія групоўкі скласці зброю і спыніць падрыўную працу дыверсійных груп", - гаворыцца ў заяве.

У ведамстве лічаць, што адвод расейскіх ваенных фармаванняў ад украінскіх межаў павінен атрымаць рэальныя пацверджанні.

"Любыя «тэрарыстычныя рэферэндумы» на ўсходзе нашай краіны з'яўляюцца незаконнымі па вызначэнні, а таму заклікі пра іх перанос з'яўляюцца зусім не праявай добрай волі, а звычайным фарсам. Такі сцэнар ужо ажыццяўляўся Расеяй у Крыме", - заявілі ў МЗС.

У знешнепалітычным ведамстве заклікалі пакласці канец падмене паняццяў.

"Ва Украіне няма грамадзянскай вайны. Сутнасць канфлікту заключаецца ў агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць нашай краіны, акупацыі Крыма і ў нахабным умяшанні ва ўнутраныя справы, што суправаджаецца падтрымкай тэрарыстычных дзеянняў супраць украінскіх грамадзян і цэласнасці дзяржавы", - сказана ў заяве.

Урад Украіны гатовы да поўнамаштабнага дыялогу з удзелам палітычных сіл, прадстаўнікоў рэгіёнаў і грамадскасці.

"Але дыялог немагчымы і неймаверны з тэрарыстамі. Абарона жыцця людзей і пераадолення тэрарызму, які падрывае любую магчымасць для дыялогу, і з'яўляецца мэтай антытэрарыстычнай аперацыі, якая працягваецца ў асобных населеных пунктах на ўсходзе нашай краіны. Прынцыпова важным крокам, такім чынам, павінны стаць сумесныя міжнародныя дзеянні для лакалізацыі і нейтралізацыі любых крыніц тэрарызму", - адзначылі ў МЗС.

У МЗС падзякавалі АБСЕ за намаганні, накіраваныя на дээскалацыю сітуацыі ва Украіне, і за садзейнічанне празрыстаму правядзенню прэзідэнцкіх выбараў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках