4 траўня 2024, Субота, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марцін Угла: Абяцанні беларускіх уладаў нічога не вартыя

21
Марцін Угла: Абяцанні беларускіх уладаў нічога не вартыя

Шведскі праваабаронца ўжо амаль суткі знаходзіцца ў аэрапорце Менска.

Марцін Угла займаецца праваабарончай дзейнасцю больш за 15 гадоў. Праблема парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі з'яўляецца адным з аспектаў дзейнасці арганізацыі Östgruppen, якую ён узначальвае. Адна з апошніх яе акцый - міжнародная кампанія "Don't Play with the Dictator" ("Не гуляйце з дыктатарам"), мэта якой - дамагчыся пераносу ЧС па хакеі з Беларусі ў іншую краіну.

Калі стала ясна, што спартыўныя спаборніцтвы ўсё ж пройдуць у Менску, Östgruppen працягнула асвятляць праблемы з правамі чалавека ў Беларусі. Марцін Угла вырашыў прыехаць на ЧС, скарыстаўшыся прадастаўленым беларускімі ўладамі правам уезду для ўсіх - як было абвешчана, - хто мае квіток на матчы ЧС. Аднак праваабаронцу затрымалі ў менскім аэрапорце. Deutsche Welle удалося звязацца з ім па тэлефоне.

- Пры якіх абставінах высветлілася, што вы не можаце ўехаць у краіну?

- Я прыляцеў рэйсам "Белавія" ў 12.40. На пашпартным кантролі адразу некалькі чалавек доўга звяралі інфармацыю ў кампутары, доўга кансультаваліся - мабыць з больш высокім начальствам, у рэшце рэшт, мяне папрасілі прайсці ў спецыяльны пакой у транзітнай зоне - менавіта для тых, каго не пускаюць у Беларусь. Я чакаю ўжо тут некалькі гадзін. Апошнім, што мне сказалі, было патрабаванне купіць зваротны квіток або ў Стакгольм, альбо куды заўгодна, каб пакінуць Беларусь. Як варыянт - чакаць нядзелі, бо на гэтую дату ў мяне зваротны квіток ёсць.

Я пакуль не пагадзіўся, бо лічу, што не парушыў ніякіх правілаў, і я не павінен адказваць за гэтую сітуацыю. Я прыехаў сюды менавіта таму, што быў абвешчаны бязвізавы ўезд для ўладальнікаў квітка на матчы ЧС па хакеі. Квіток у мяне ёсць.

- Што вы плануеце рабіць?

- Я паставіў у вядомасць аб сітуацыі, якая склалася, МЗС Швецыі ў Стакгольме і супрацоўнікаў шведскай амбасады ў Менску. Я сумняваюся, што беларускія ўлады сапраўды хочуць, каб я заставаўся тут да нядзелі. У мяне ўражанне, што тут працягваюцца кансультацыі, якім чынам мяне адправіць адсюль. Калі я заявіў свой пратэст на прапанову купіць зваротны квіток зараз, мне сказалі чакаць. Мабыць, супрацоўнікі аэрапорта самі шукаюць нейкія варыянты, якім чынам мяне выслаць з Беларусі.

Я прыляцеў прамым рэйсам "Белавія" Стакгольм - Менск, але ў наступны раз прамы рэйс беларускай авіякампаніі ёсць толькі ў нядзелю.

- Вы любіце хакей або галоўная мэта паездкі была ўсё ж іншая?

- Я больш люблю футбол, але збіраўся пазаўзець за зборную Швецыі па хакеі 10 траўня на цяперашнім ЧС. Вядома, хацелася проста паглядзець на горад, зразумець сітуацыю ў краіне, таму што менавіта цяпер тут адбываюцца цікавыя падзеі. Тым больш што мне некалькі гадоў адмаўлялі ў візе, а цяпер усім уладальнікам квіткоў на матчы ЧС быў абяцаны бязвізавы ўезд у краіну. Але аказалася, што гэта абяцанне нічога не вартае.

- Колькі гадоў вы безвынікова спрабавалі прыехаць у Беларусь?

- Апошні раз я быў тут у 2006 годзе. З тых часоў я пяць ці шэсць разоў падаваў дакументы на візу, але нязменна атрымліваў адмову без якіх-небудзь тлумачэнняў. Сёння мне сказалі, што я знаходжуся "ў спісе непажаданых персон", і таму для мяне ўезд у Беларусь забаронены. Ніякага тлумачэння мне не прадставілі і цяпер.

- У якіх умовах вы зараз знаходзіцеся?

- Гэта, вядома, не Акрэсціна (СІЗА на вул. Акрэсціна ў Менску). Каля 17 гадзін мне прынеслі бутэрброды, ваду і сок - значыць, галадоўкі не будзе. У пакоі ёсць канапа, побач у калідоры ёсць туалет. Але, ні выйсці адсюль, ні карыстацца інтэрнэтам я не магу.

- Ці стала для вас нечаканасцю цяперашняя сітуацыя?

- Шанцы трапіць у Беларусь я ацэньваў 50 на 50. Я выступаў за перанос ЧС у іншую краіну, наша арганізацыя пратэставала супраць парушэння правоў чалавека. Раней мы арганізоўвалі акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Я распавядаў пра ўмовы для журналістаў і абмежаванні падчас іх працы на ЧС. Гэта значыць для асвятлення іншых тэм патрэбная адмысловая акрэдытацыя МЗС і не толькі Федэрацыі хакея.

Я, вядома, збіраўся сустракацца са сваімі сябрамі ў Менску, сярод якіх большасць з'яўляюцца праваабаронцамі. Але я не бачу ў гэтым нічога экстраардынарнага. Я вольны чалавек і маю права выказваць свабодна сваё меркаванне і сустракацца з тымі, з кім лічу патрэбным. Акрамя таго, я прыехаў у Беларусь як прыватная асоба і па правілах, якія ўстанавілі самі беларускія ўлады.

Цікавасць да Беларусі зараз узрасла і ва ўсім свеце, і ў Швецыі менавіта ў сувязі з правядзеннем ЧС па хакеі. І, вядома, мяне абурае эскалацыя рэпрэсій перад ЧС. Я маю на ўвазе прэвентыўныя затрыманні, ізаляцыю грамадскіх актывістаў-сяброў моладзевых апазіцыйных арганізацый. Вядома, мне было важна паглядзець на сітуацыю асабіста і расказаць пра гэта ў Швецыі, каб людзі ведалі, што адбываецца ў Беларусі.

Вядома, я не выключаў верагоднасці, што мяне не пусцяць. Але спадзяваўся ўсё ж, што часова, хоць бы для таго, каб паказаць краіну ў лепшым святле, забароны на ўезд у Беларусь будуць знятыя... але мы бачым, што Беларусь паказала сябе з горшага боку.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках