3 траўня 2024, Пятніца, 23:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вярхоўным судзе пацвердзілі: 23-гадовага студэнта БДУ расстралялі

64
У Вярхоўным судзе пацвердзілі: 23-гадовага студэнта БДУ расстралялі

У Вярхоўным судзе пацвердзілі, што смяротны прысуд у дачыненні да студэнта БДУ Паўла Сялюна прыведзены ў выкананне.

Маці асуджанага на смерць Паўла Сялюна спрабуе высветліць, ці прыведзены ў выкананне прысуд яе сыну . І хоць адвакату пра расстрэл паведамілі яшчэ 18 красавіка, сваякам Сялюна да гэтага часу не прыходзілі афіцыйныя пацверджанні з суду.

Тамара Сялюн паведаміла, што сёння яна была ў СІЗА на Валадарскага, дзе апошнім часам знаходзіўся Павел. Там дзяжурны паведаміў жанчыне, што Паўла Сялюна ў следчым ізалятары няма, але тое, што прысуд прыведзены ў выкананне, не адказалі, піша ПЦ «Вясна».

Далей жанчына накіравалася на асабісты прыём да намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча. Менавіта ён пакінуў у сіле прысуд першай інстанцыі - вышэйшая мера пакарання праз расстрэл.

Суддзя паведаміў, што афіцыйнае пацверджанне аб выкананні прысуду асуджанаму павінен даслаць суд першай інстанцыі - Гродзенскі абласны суд. Аднак сам Калінковіч пацвердзіў, што Паўла расстралялі, адзначыўшы пры гэтым, што «гэта ні для каго не сакрэт». Таксама намеснік старшыні ВС паабяцаў, што вінаватыя ў тым, што маці своечасова не даслалі дакументы, будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Тамара Сялюн падкрэслівае, што ні з адміністрацыі Лукашэнкі, куды яна звярталася з просьбай памілаваць яе сына; ні з Гродзенскага абласнога суда, які выносіў прысуд Паўлу; ні з СІЗА, дзе ён сядзеў апошні час, яна не атрымала ні аднаго дакумента пра лёс Паўла. Жанчына збіраецца звярнуцца са скаргамі ў кампетэнтныя органы. Яна таксама будзе прасіць выдаць цела сына і ўсе яго асабістыя рэчы.

Аднак Валерый Калінковіч адразу папярэдзіў жанчыну, што згодна з крымінальна-выканаўчым заканадаўствам Беларусі цела расстралянага чалавека сваякам не выдаюць, месца яго пахавання таксама не паведамляюць. Дадзеная норма закона неаднаразова крытыкавалася міжнародным праваабарончымі арганізацыямі.

Сям'я Паўла Сялюна мае намер звярнуцца і ў міжнародныя структуры - Камітэт па правах чалавека ААН.

«Дзеля свайго сына, дзеля тых, хто быў асуджаны на смерць і каго яшчэ асудзяць, пакуль у нас не адмененае смяротнае пакаранне, я абавязаная прайсці ўсе інстанцыі, - кажа жанчына. - Пакуль не ўбачу цела Паўла, не змагу паверыць, што яны яго расстралялі».

Тамара Сялюн адзначыла, што апошні ліст ад сына атрымала 16 красавіка. У ім Павел піша, што ў яго ўсё ў парадку. Просіць маці прывезці пабольш кніг. На 24 красавіка было запланаванае іх спатканне. За некалькі дзён да таго ў менскім СІЗА пацвердзілі, што сустрэча застаецца ў сіле. «А 18 красавіка адвакат прыйшла на спатканне з сынам і ёй ужо сказалі, што ён «адбыў па прысудзе», - кажа Тамара Сялюн.

Па словах маці, Павел цалкам усвядоміў сваю віну. У лістах ён увесь час пісаў пра раскаянне. Усе паведамленні ад яго прыходзілі з подпісам, дзе імя і прозвішча з маленькай літары - ён лічыў, што не заслугоўвае назвы з вялікай літары. Апошнія лісты Павел пісаў на беларускай мове.

Нагадаем, 12 чэрвеня 2013 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Сялюн вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства двух асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзеж; здзек з трупаў; крадзеж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцяў. Свае дзеянні ён патлумачыў рэўнасцю - забітыя - яго жонка і яе палюбоўнік, якіх ён застаў ў адной кватэры.

Па сукупнасці злачынстваў суд першай інстанцыі прысудзіў Паўла да выключнай меры пакарання - расстрэлу. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.

Сялюн падаў касацыйную скаргу на прысуд. 17 верасня 2013 яе разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Валерыя Калінковіча. Вызначэнне - пакінуць прысуд у сіле.

18 красавіка 2014 адвакату Паўла паведамілі, што ён «адбыў па прысудзе». На простай мове гэта азначае расстрэл.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках