26 красавiка 2024, Пятніца, 6:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пагадзіўся на ўсе ўмовы Пуціна

93
Лукашэнка пагадзіўся на ўсе ўмовы Пуціна

Беларусь падпіша дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).

Пра гэта заявіў Лукашэнка, адказваючы 9 траўня на пытанні журналістаў пасля цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Менску. Ён адзначыў, што тыя пытанні, па якіх лідарам Беларусі, Казахстана і Расеі не ўдалося дамовіцца на саміце ў Менску 29 красавіка, "былі вынесеныя за дужкі" і вырашаюцца на двухбаковай аснове, піша БелТА.

"Мы ўчора ў двухбаковым фармаце практычна ўрэгулявалі ўсе нашы пытанні, - заявіў ён. - Я даручыў ураду зараз старанна прапрацаваць усе напрамкі гэтай дамовы, каб ужо канчаткова да 29 траўня мець дакладнае ўяўленне, што мы падпісваем, як мы падпісваем, што мы будзем мець ад гэтага эканамічнага саюза, якія перспектывы".

"Сёе-тое там ставіцца на некалькі гадоў, аж да дзесяці гадоў, - дадаў ён. - Гэта, вядома, дрэнна, гэта не наша пазіцыя. Вы нашу пазіцыю ведаеце: без выключэнняў і абмежаванняў мы павінны будаваць эканамічны саюз. Нашы партнёры не па ўсіх пазіцыях, мякка скажам, да гэтага гатовыя".

"Мы не будзем блакаваць падпісанне гэтай дамовы. Калі не можам зрабіць вялікі буйны крок, то тады маленькімі крокамі трэба ісці наперад, мы зыходзім з гэтага", - заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусі ўдалося вырашыць пытанні, якія хвалявалі яе. "Але пры гэтым трэба разумець, што мы там не хадзілі па Маскве і Крамлю з працягнутай рукой, нешта выпрошваючы. Гэта быў кампраміс", - падкрэсліў Лукашэнка.

Нагадаем, раней у размове з журналістамі ён паведаміў, што ўжо ў гэтым месяцы Расея пералічыць Беларусі два мільярда даляраў крэдыту для падтрымання золатавалютных рэзерваў. Акрамя таго, кіраўнікі дзвюх краін дамовіліся пра пастаўкі расейскай нафты пад поўную патрэбнасць Беларусі і паэтапную адмену выплаты экспартных пошлін на нафтапрадукты.

"Мы паступова будзем іх здымаць. У будучым годзе прыкладна палова застаецца ў Беларусі, а з 2016 года, я мяркую, мы вырашым і другую частку. Прыкладна паўтара мільярда даляраў у наступным годзе застанецца ў бюджэце Беларусі - каля гэтага мы пералічым ў бюджэт Расеі. А на 2016 год, як я сказаў, мы вернемся да гэтага пытання, і я ўпэўнены, што мы цалкам на працягу двух гадоў здымем гэтыя пошліны і будзем цывілізавана гандляваць, - сказаў Лукашэнка. - Але, з другога боку, і мы вымушаныя былі пайсці на саступкі".

У прыватнасці, канкрэтызаваў ён, беларускі бок не вельмі задавальнялі пазіцыі па леках, алкагольнай, тытунёвай прадукцыі, піве. "Мы занадта адкрываемся, але трэба разумець, што мы робім гэты крок, а яны па іншых пытаннях робяць крок насустрач. Таму гэта былі вялікія кампрамісы, з нашага пункту гледжання, не заўсёды патрэбныя сёння, але што можам рабіць, то робім", - сказаў Лукашэнка.

"Таму блакаваць падпісанне дамовы, я думаю, нам не варта. Зараз мы зоймемся аналізам усяго таго, пра што мы дамовіліся: што мы саступаем, што атрымліваем. Усё гэта ўзважым і 29 траўня падпішам гэтую дамову", - рэзюмаваў ён.

Двухбаковыя перамовы Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным прайшлі 8 траўня ў Маскве, дзе беларускі кіраўнік знаходзіўся з двухдзённым рабочым візітам. Наступная іх сустрэча павінна адбыцца 29 траўня ў Астане ў фармаце мытнай "тройкі". На падпісанне прэзідэнтам будзе прадстаўленая дамова аб стварэнні ЕАЭС.

Фота: РІА «Новости»

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках