28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар скандальнага «Облика» абскардзіў прысуд

Дырэктар скандальнага «Облика» абскардзіў прысуд

Мікалай Клімук і яго абаронца падалі касацыйныя скаргі на прысуд Брэсцкага абласнога суда.

Пра гэта паведаміў БелаПАН дзяржаўны абвінаваўца па справе Генадзь Буры.

12 траўня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала Мікалая Клімука вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян і цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 424 КК), крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 КК), ухіленні ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці (арт. 242 КК).

Суд прысудзіў абвінавачанага да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі функцыямі, на пяць гадоў.

У сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці Клімук вызвалены ад адказнасці па арт. 242 КК.

Па прысудзе суда з Клімука спагнана на карысць ТАА "Облик" 1.343.306.900 рублёў, у пакрыццё маральнай шкоды - па 20 млн рублёў дзесяці пацярпелым. Пытанне аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды пацярпелым суд перадаў на вырашэнне ў парадку грамадзянскага судаводства.

Па справе прызнана пацярпелымі 420 удзельнікаў долевага будаўніцтва, якія заключылі 436 дамоваў на будаўніцтва кватэр і нежылых памяшканняў. Яны пералічылі "Облику" каля 62 млрд рублёў. Будаўнічае прадпрыемства не выканала ўмовы дамоваў. На момант прад'яўлення абвінавачвання не было дабудавана шэсць аб'ектаў, не вернутыя грашовыя сродкі 10 дольшчыкам, якія скасавалі дамовы, на 903 млн рублёў. Астатнія пацярпелыя вымушаныя для завяршэння будаўніцтва ўносіць значныя дадатковыя сродкі.

У ходзе папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што кіраўнік "Облика", дакладна ведаючы пра стратнасць фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, разумеючы немагчымасць у поўным аб'ёме ва ўстаноўленыя тэрміны выканаць дамоўныя абавязацельствы перад удзельнікамі долевага будаўніцтва, аддаваў указанні работнікам бухгалтэрыі аб утойванні страт.

Фактычна абвінавачаны арганізаваў гаспадарчую дзейнасць ТАА "Облик" па прынцыпе фінансавай піраміды: частка грашовых сродкаў удзельнікаў долевага будаўніцтва новых аб'ектаў па яго распараджэнню накіроўвалася на заканчэнне будаўніцтва старых.

Акрамя таго, устаноўлена, што частка прыцягнутых грошай была выдаткаваная не па мэтавым прызначэнні.

"У сваіх касацыйных скаргах ў Вярхоўны суд Клімук і яго абаронца сцвярджаюць, што прыведзеныя ў прысудзе довады вінаватасці Клімука не адпавядаюць фактычным абставінам справы, а доказаў віны недастаткова для прызнання яго вінаватым, - сказаў Буры. - Таксама бок абароны заяўляе, што грошы новых дольшчыкаў Клімук не накіроўваў для завяршэння будаўніцтва старых аб'ектаў, пра стратнасць прадпрыемства ён не ведаў і лічыў, што мае права атрымліваць дывідэнды".

Не згодны былы кіраўнік "Облика" і з высновамі праверак Камітэта дзяржаўнага кантролю. Акрамя таго, ён лічыць вінаватымі бухгалтара, у абавязкі якой уваходзіла правільнае вядзенне фінансавай справаздачнасці, і сусветны эканамічны крызіс, які паўплываў на рэнтабельнасць.

"Дзяржабвінаваўца прынёс свае пярэчанні на гэтыя скаргі. Пакуль дата касацыйнага разгляду справы не вызначаная", - адзначыў Буры.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках