4 траўня 2024, Субота, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грамадзяне Беларусі шукаюць абарону ў расейскіх псіхіятраў

13
Грамадзяне Беларусі шукаюць абарону ў расейскіх псіхіятраў

Двое грамадзян Беларусі звярнуліся па дапамогу ў Незалежную псіхіятрычную асацыяцыю Расеі.

Ад чаго яны хочуць абараніцца, высвятляла Deutsche Welle.

Незалежная псіхіятрычная асацыяцыя Расеі (НПАР) была створаная ў сакавіку 1989 года як прафесійнае аб'яднанне псіхіятраў, медыцынскіх псіхолагаў і юрыстаў, якія працуюць у псіхіятрыі. Нагодай да стварэння НПАР сталі злоўжыванні псіхіятрыяй ў СССР у 60-80-я гады мінулага стагоддзя, а асноўнай мэтай дзейнасці НПАР дэкларуецца неабходнасць супрацьстаяць падобным спробам ў будучыні. З кастрычніка 1989 года НПАР з'яўляецца чальцом Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі (СПА). У НПАР па дапамогу могуць звяртацца грамадзяне былых рэспублік СССР.

Дапамога беларусам

За апошнія два месяцы дапамогай НПАР ужо двойчы скарысталіся беларускія грамадзяне. У красавіку 2014 незалежны агляд прайшоў віцебскі лекар-псіхіятр Ігар Пастноў, які выступіў раней з крытыкай улады, і які падпаў за гэта пад прымусовае лячэнне ў закрытым аддзяленні віцебскай псіхлячэбніцы. Вердыкт маскоўскіх спецыялістаў быў адназначны - Пастноў не меў патрэбы ў лячэнні, што пацвердзіла асцярогі беларускіх праваабаронцаў, якія лічаць Беларусь краінай, у якую вярнулася практыка "карнай псіхіятрыі".

Больш за тое, Ігар Пастноў звярнуўся за абаронай у Камітэт ААН у правах чалавека (КПЧ). І яго справа, якую суправаджае ў якасці даверанай асобы віцебскі праваабаронца Пётр Іваноў, ўзятая да разгляду без чаргі. КПЧ, адзначае Іваноў, адразу накіраваў ураду Беларусі запыт аб пазіцыі краіны ў гэтай справе, абыходзячы доўгія бюракратычныя этапы.

У траўні, даведаўшыся пра прэцэдэнт Пастнова, у НПАР звярнулася жыхарка Маладзечна Алеся Садоўская, якая ў 2012 годзе, апынуўшыся ў аддзяленні міліцыі, адчула на сабе незаконныя дзеянні з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пазней, успамінае Алеся Садоўская, яе саму абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта і адправілі ў псіхлячэбніцу "Навінкі", дзе медычная камісія зрабіла выснову пра нібыта неабходнасць яе прымусовага лячэння.

Садоўская у сваю чаргу адразу ж адправілася ў НПАР, эксперты якой катэгарычна не пагадзіліся з меркаваннем беларускіх лекараў. На сёння, на падставе прыведзеных аргументаў, Садоўскай судом прызначаная паўторная судова-псіхіятрычная экспертыза.

Маскоўскія эксперты

З самага пачатку існавання НПАР у Маскве былі створаны грамадская прыёмная і незалежная экспертная камісія, якія вядуць раз у тыдзень бясплатны прыём усіх, хто лічыць, што псіхіятрыя спрыяла парушэнню іх правоў. Узровень экспертнай камісіі, да працы ў якой прыцягваюцца дзейныя спецыялісты з маскоўскіх псіхіятрычных лякарняў і медыцынскіх універсітэтаў, тлумачыць выканаўчы дырэктар НПАР Любоў Вінаградава, дазваляе правесці незалежны аналаг судова-псіхіятрычнай экспертызы. Розніца толькі ў тым, што суды збіраюць усе дакументы ў крымінальных справах, якія разглядаюць, а эксперты НПАР вывучаюць толькі медыцынскія дакументы, прадстаўленыя пацярпелымі.

Камісія заўсёды складаецца з трох лекараў-псіхіятраў і медыцынскага псіхолага, а калі справа патрабуе адпаведнага прававога аналізу, то прыцягваецца юрыст. Пасля вывучэння дакументаў, з пацыентамі, якія звярнуліся ў НПАР, гутарыць лекар-псіхіятр, які збірае анамнез - гісторыю жыцця, а калі гэта хвароба, то гісторыю хваробы. Далей працуе медыцынскі псіхолаг, які праводзіць шэраг тэстаў і дае сваё заключэнне, пасля чаго збіраецца ўся камісія і прымае рашэнне.

Гаворачы аб абароне і рэабілітацыі грамадзян, Любоў Вінаградава падкрэслівае, што дамагчыся гэтага можна толькі праз зварот у суд са скаргай на неправамерныя дзеянні псіхіятраў і нязгоду з дыягназам. І тады думкі розных камісій будуць мець важнае значэнне, бо калі прыведзеныя пераканаўчыя аргументы, то суд павінен прызначыць паўторную судова-псіхіятрычную экспертызу. Калі рашэнне такой экспертызы будзе на карысць пацярпелага, то гэта будзе падставай для змены дыягназу там, дзе ён быў пастаўлены.

Выраслі з адной краіны

Прэзідэнт НПАР, чалец экспертнай рады пры Упаўнаважаным у правах чалавека ў Расеі Юрый Савенка выпадкі Садоўскай і Пастнова называе "тыпавымі". У большасці сваёй людзі, якія трапляюць у няміласць да міліцыі ці ўлады, кажа ён, заўсёды лічацца вінаватымі. Праваахоўныя органы такія гісторыі імкнуцца замяць, і псіхіятрыя часта ідзе ім насустрач. Прычына ў тым, працягвае Савенка, што сярод псіхіятраў ёсць шмат канфармістаў, і чым вышэй іх становішча, тым мацней яны залежаць ад улады. Негатыўная тэндэнцыя, адзначае Савенка, назіраецца і ў Расеі. Пачынаючы з вайны ў Чачні, з 1995 года, сітуацыя ў псіхіятрыі стала патроху скочвацца ў савецкае мінулае. "Мы з вамі выраслі ў адной краіне, таму праблемы ў нас падобныя", - кажа Юрый Савенка.

У той жа час, прызнае ён, усё ж у Расеі сітуацыя выглядае прыкметна лепш. У большасці сваёй НПАР фіксуе выпадкі парушэння правоў людзей, якія пакутуюць ад псіхічных захворванняў. І гэтыя людзі, маючы на руках заключэнні НПАР, маюць права звяртацца ў Еўрапейскі суд у правах чалавека.

На міжнароднай арэне

Беларусы ж пазбаўленыя такой магчымасці, так як краіна не з'яўляецца чальцом Рады Еўропы. Магчымасцяў для абароны ў такім выпадку ў яе грамадзян прыкметна менш. Але для псіхіятраў, кажа Савенка, вельмі важныя і рэпутацыйныя рызыкі.

У "Незалежным псіхіятрычным часопісе", які выдае НПАР, будзе апісаны выпадак Ігара Пастнова, які не робіць гонару беларускім спецыялістам. Таксама, адзначае Любоў Вінаградава, беларускае пытанне можа быць узнятае на Кангрэсе Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі, які пройдзе ў верасні ў Мадрыдзе. Калі беларускія праваабаронцы звернуцца ў сакратарыят СПА, то НПАР гатовая будзе падаць усю інфармацыю аб вядомых выпадках.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках