4 траўня 2024, Субота, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У аэрапорце Менска затрымалі грузінскага злодзея ў законе

2
У аэрапорце Менска затрымалі грузінскага злодзея ў законе

Замест Турцыі яму давялося вярнуцца на радзіму.

10 чэрвеня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» пры рэгістрацыі на рэйс Менск - Стамбул супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС Беларусі быў затрыманы 34-гадовы грамадзянін Грузіі Лекса Логуа. У крымінальным асяроддзі ён вядомы як злодзей у законе Лекса Гальскі.

У прэс-службе МУС інтэрнэт-газеце «Беларускія навіны» факт затрымання і выдварэння прышлага «законніка» па за межы Беларусі пацвердзілі, але без падрабязнасцяў.

Лекса на аўтамабілі выехаў з Санкт-Пецярбурга ў Менск у ноч з панядзелка на аўторак, каб паспець на ранішні рэйс у Турцыю. Паколькі злодзей у законе мае грузінскае грамадзянства і ў Расеі жыве нелегальна, каб хутка дабрацца да Турцыі, яму давялося скарыстацца «беларускім калідорам».

Так, дарэчы, часцяком робяць і іншыя прадстаўнікі прафесійнага крымінальнага свету, якія пазбягаюць кантактаў з расейскай Памежслужбай. Яны здзяйсняюць свае таемныя ваяжы за мяжу праз менскі аэрапорт.

Аднак, заўважае агенцтва, з нядаўніх часоў МУС Беларусі ўзяло гэты канал пад свой кантроль. У выніку за кароткі тэрмін у руках аператыўнікаў апынуліся такія злодзеі ў законе, як Паат Маленькі, Чынчхлія, Бесік Рустаўскі, Ромік і Гія Ялерджыя.

У кожным выпадку затрыманыя выдвараюць у краіны свайго грамадзянства.

Лекса Гальскі не стаў выключэннем, але толькі пасля прафілактычнай гутаркі з супрацоўнікамі міліцыі. У Грузіі, дарэчы, на пяць гадоў садзяць толькі за прыналежнасць да касты злодзеяў у законе.

Паводле версіі расейскіх журналістаў, у грузінскага «законніка» ў Турцыі былі важныя справы. Хутчэй за ўсё, Лекса Логуа спяшаўся далучыцца да сваіх «братоў» у Турцыі, каб падтрымаць іх у цяжкую хвіліну. Але планам не наканавана было спраўдзіцца.

9 чэрвеня ў турэцкім горадзе Эдырне злодзеі ў законе зладзілі сур´ёзную разборку. У выніку ўзброенай сутычкі кланаў загінуў 33-гадовы супрацоўнік спецпадраздзялення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Хусэйн Імраг. Паліцыянтам удалося схапіць пяцёх падазраваных, адзін збег.

Яшчэ некалькі гадоў таму Турцыя зрабілася прытулкам для дзясяткаў грузінскіх і азербайджанскіх злодзеяў у законе, а з нядаўніх часоў - і арэнай для высвятлення адносін паміж варагуючымі групоўкамі.

Турэцкая паліцыя ўвесь гэты час не ўмешвалася ў зладзейскія разборкі, аднак цяпер, як лічаць эксперты, пасля гібелі аднаго з ахоўнікаў парадку, туркі, хутчэй за ўсё, перастануць быць пабочнымі назіральнікамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках