4 траўня 2024, Субота, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі «Чырвоны лес» на лонданскай сцэне (Відэа)

4
Беларускі «Чырвоны лес» на лонданскай сцэне (Відэа)

Прэм'ера новага спектакля Беларускага Свабоднага тэатра з трыумфам прайшла ў Лондане.

12 чэрвеня пры поўнай зале на сцэне лонданскага тэатра Young Vic адбылася прэм'ера новага спектакля Беларускага свабоднага тэатра «Чырвоны лес» (Red Forest), які распавядае пра боль і страты, несправядлівасці і абыякавасць, пра каханне і надзеі, паведамляе «Радыё Свабода».

У індзейцаў племені Лакота ёсць павер'е: іх лёс і дабрабыт звязаныя са старажытнай сакральнай істотай - белай бізоніхай. З яе пачынаецца памяць племені, яна пакінула яму сем сакральных прадметаў, уключаючы трубку міру. І нараджэнне ў статку племені белай бізоніхі - надзвычай рэдкая з'ява, якая здараецца раз у мільён выпадкаў - сімвалізуе яднанне і надзею на спакойную будучыню іхняга народа.

Гэтай прыгожай легендай пачынае спектакль Апавядальнік (Джэрэмі Пру, індзеец з канадскага Антарыё), задаючы ягоную галоўную тэму - сувязі чалавека з зямлёй, страты гэтай сувязі і спроб яе вяртання.

«Чырвоны лес» (рэжысёр і сцэнарыст - Мікалай Халезін, выканаўчы прадзюсар - Наталля Каляда) - сумесная прадукцыя Свабоднага тэатра і тэатра Young Vic, створаная па замове лонданскага тэатральнага фестывалю LIFT і Мэльбурнскага тэатральнага фестывалю.

Як і папярэдні праект тэатра - спектакль «Trash Cuisine», новая праца стала мастацкім даследаваннем універсальнай сацыяльна-палітычнай праблемы. На гэты раз у цэнтры ўвагі аўтараў стаў лёс бежанцаў у свеце - тых, хто ратуецца ад вайны, галечы, прыродных катастроф, хто пакідае свой дом і не знаходзіць прытулку ў свеце.

Галоўная гераіня спектакля - нігерыйская жанчына (Мікі Кеяма), у якой падчас ваеннага канфлікту забіваюць мужа, і яна цяжарная вымушана бегчы ад жахаў вайны і гвалту. З маленькім дзіцем на руках яна бяжыць у пошуках спакою, але адчувае яшчэ большы гвалт і пакуты - ад бязлітасных людзей і бязлітаснай прыроды. У спробе нелегальна перабрацца ў Гішпанію, яна праходзіць пекла алжырскай Сахары і лагераў для бежанцаў у Марока.

У тэатральным аповедзе, праходзячы праз свае кругі пекла, гераіня становіцца сведкам і ўдзельніцай іншых гісторый пра уцёкі і пакуты - такіх жа рэальных, як і яе ўласная. Цунамі ў Японіі, наступ нафтавай кампаніі на рэшткі чыстай прыроды ў Бразіліі, барацьба карэнных народаў за сваё месца ў свеце - гэтыя тэмы ўдзельнікі праекта даследавалі ў розных кутках Зямлі, сустракаючыся з людзьмі, чый лёс знайшоў адлюстраванне ў спектаклі.

Адным з кульмінацыйных момантаў п'есы становіцца «чырвоны лес» Чарнобыля - сям'я старых самотна жыве ў зоне адчужэння, адкуль ужо ўцяклі ўсе, хто мог, а яны працягваюць існаванне ў пакінутым Богам і людзьмі свеце, свеце-прывідзе, пафарбаваным у колер бяды.

У «Чырвоным лесе» няма акцёрскага тэксту - апавяданне вядзецца «закадравым» голасам, рэалізуецца сродкамі пластыкі, відэапраекцыі і музыкі. Аўтары харэаграфіі - аўстралійская ўдзельніца праекта Брыджэт Фіску, якая працавала і над папярэднім спектаклем Свабоднага тэатра «Trash Cuisine», і беларуска Марыя Сазонава.

Музыку для «Чырвонага лесу» стварылі два кампазітара - беларусы замежжа - гітарыст Аркадзь Юшын з ЗША, які ўдзельнічаў у папярэдніх працах тэатра «Час жанчын» і «Trash Cuisine», і студэнт аддзялення кампазіцыі Музычнага універсітэта імя Шапэна ў Варшаве Ігнат Сокал. Музыка ў спектаклі гучыць жывая.

У нядаўнім інтэрв'ю Мікалай Халезін адзначыў, што тэатр ставіць сваёй задачай упісваць Беларусь у сусветнай кантэкст. Сярод усяго іншага, спектаклі Беларускага свабоднага тэатра - калі не лічыць спецыялізаваных фальклорных фестываляў - ледзь не адзіная нагода для гледачоў у свеце пачуць аўтэнтычныя беларускія народныя песні. Іх з'яўленне ў працах тэатра стала ўжо ледзь не правілам - яны ствараюць моцны эмацыйны акцэнт у сцэнічным дзеянні.

Спектакль вянчае сімвалічнае завяршэнне: Апавядальнік распавядае, што пару гадоў таму ў штаце Дакота адбылася падзея, якую чакалі цэлае стагоддзе - нарадзілася белая бізоніха. І ў той самы час на іншым канцы зямлі, у Белавежскай пушчы нараджаецца белае зубраня. Як заклад дабрабыту, як сімвал новай надзеі. Гучаць традыцыйныя спевы амерыканскіх індзейцаў, да іх далучаюцца беларускія аўтэнтычныя песні - у дасканалым сугуччы.

***

«Чырвоны лес» на сцэне тэатра Young Vic будзе дэманстравацца да 5 ліпеня.

Адзін са спектакляў можна будзе паглядзець на сайце charter97.org у жывой трансляцыі.

Фото: Николай Халезин
Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках