4 траўня 2024, Субота, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

25 гарадоў, якія трэба ўбачыць хоць раз у жыцці

39

Ні за што не здагадаецеся, якая сталіца заняла першае месца.

Эксперты найбуйнейшага ў свеце сайта для падарожнікаў Trip Advisor склалі рэйтынг з 25 гарадоў, якія былі найбольш высока ацэнены турыстамі з усяго зямнога шара. А горад, які заняў першае месца, здзівіў нават саміх аўтараў гэтага спісу. Увогуле, калі вы яшчэ не вызначыліся з планамі на адпачынак, у гэтым аглядзе AdMe.ru можна знайсці некалькі выдатных ідэй. Ды і на некалькі бліжэйшых адпачынкаў таксама.

25. Сан-Францыска, ЗША

Горад каля заліва поўны прыгод і славутасцяў - вы можаце паехаць на пароме ў Алькатрас, паспрабаваць кухню Маленькай Італіі або даследаваць навакольныя пагоркі. Этнічны і культурны склад жыхароў Сан-Францыска з'яўляецца адным з самых разнастайных у ЗША. Не забудзьцеся паснедаць у Mama's, перш чым адправіцца на Мост Залатыя Вароты або ў вежу Койт.

24. Чыангмай, Тайланд

Чыангмай нашмат зелянейшы і цішэйшы за іншыя гарады Тайланда. Гэтае месца, званае «Розай Поўначы», спалучае ў сабе ўсе унікальныя тайскія асаблівасці, уключаючы знакамітыя храмы.

23. Лісабон, Партугалія

Лісабон адрозніваецца спалучэннем сярэднявечнай і маўрытанскай архітэктуры. Горад знаходзіцца пад наглядам вялізнага замка Святога Георгія. Нават трамваі ў Лісабоне можна назваць гістарычнай спадчынай - вялікая частка з іх ва ўзросце перасягнула векавую мяжу.

22. Сіднэй, Аўстралія

Горад Сіднэй знакаміты сваім оперным тэатрам, мостам Харбар-Брыдж і сваімі раскошнымі пляжамі. Жылыя кварталы вялікага Сіднэя акружаныя нацыянальнымі паркамі. Берагавая лінія (як знешняя "марская", так і ўнутрыгарадская) вельмі парэзаная. Яна мае шматлікія залівы, бухты і астравыі.

21. Будапешт, Венгрыя

Акружаны Дунаем, пагоркамі Буды на захадзе і Вялікімі раўнінамі на ўсходзе, Будапешт проста патанае ва ўзрушаючых пейзажах. Неакласічная архітэктура горада па-ранейшаму пышная, хоць і носіць шрамы ад Другой сусветнай вайны. Будапешт пабудаваны на шматлікіх тэрмальных крыніцах, таму яго лазні абавязкова павінны быць у вашым спісе славутасцяў.

20. Бангкок, Тайланд

Бангкок умудраецца спалучаць у сабе магічную прыгажосць будыйскіх храмаў і абсалютна вар'ятскае начное жыццё. Да таго ж, гэта адносна таннае месца для падарожжаў.

19. Кейптаўн, ПАР

Кейптаўн з аднаго боку акружаны кіламетрамі акіяна і некранутых пляжаў, а з другога - цудоўным горным масівам. Гэта адзіны з самых касмапалітычных афрыканскіх гарадоў, якія маюць каланіяльныя карані, што да гэтага часу прасочваецца ў ягонай архітэктуры.

18. Чыкага, ЗША

Чыкага з'яўляецца апорай амерыканскага Сярэдняга Захаду, радзімай блюзу і агменем джазавай культуры. Тут з'явіліся першыя ў свеце хмарачосы, а таксама сучасны Чыкага лічыцца домам лепшых камедыйных шоу ў ЗША.

17. Дубай, ААЭ

Калі вы не вельмі зацікаўленыя ў гістарычных славутасцях і хочаце ўбачыць футурыстычны мегаполіс, тады Дубай - тое, што трэба. Ён знакаміты вежай Бурдж Халіфа - самым высокім будынкам у свеце, а таксама дзіўнымі штучнымі выспамі і лепшымі пляжамі на іх. Гэта выклікае яшчэ больш захаплення, калі ведаць, што да 70-х гадоў ХХ стагоддзя Дубай быў невялікім племянным паселішчам.

16. Санкт-Пецярбург, Расея

Вандроўцы ва ўсім свеце лічаць Пецярбург самым еўрапейскім з усіх рускіх гарадоў - праз ягоную неакласічную архітэктуру, шматлікія мастацкія галерэі і андэрграўндныя клубы.

15. Барсэлона, Гішпанія

Барсэлона зусім асаблівым чынам спалучае ў сабе старое і новае. Вялікая частка горада, як і стагоддзі таму, складаецца з вузкіх вулачак і старадаўніх будынкаў, а на беразе вы выявіце раскошныя сучасныя апартаменты і гатэлі.

14. Буэнас-Айрэс, Аргенціна

Буэнас-Айрэс называюць Парыжам Паўднёвай Амерыкі праз багатую еўрапейскую спадчыну і ўзрушаючую архітэктуру горада. Тым не менш ён захоўвае свой лацінаамерыканскі запал, утульнасць вулічных кафэ і прыгажосць цяністых паркаў.

13. Фларэнцыя, Італія

Фларэнцыя - гэта горад, які здаецца застылым у мінулым. Тут знаходзяцца многія з лепшых італійскіх музеяў, сабораў, галерэй, плошчаў і магазінаў. Раім пачынаць агляд горада з сабора Санта-Марыя-дэль-Фьёрэ і плошчы Сіньёр.

12. Нью-Ёрк, ЗША

Нью-Ёрк можна назваць цэнтрам сучаснай заходняй культуры. Калі вы павольна пракаціцеся на веласіпедзе па Цэнтральным парку, даследуеце хмарачосы ў цэнтры і з'ясце піцу ў адным з легендарных кафэ, то зразумееце, што ў гэтым горадзе знойдзецца мястэчка для кожнага.

11. Берлін, Германія

Гэтак жа, як Лондан і Парыж, Берлін з'яўляецца цэнтрам унікальнай шматвяковай культуры, мастацтва і архітэктуры. Гэта своеасаблівая часовая капсула, якая складала ў сабе фрагменты гістарычных перыядаў ад Сярэднявечча да нашых дзён, ад Брандербургскай брамы да Берлінскай сцяны.

10. Шанхай, Кітай

У Шанхаі жыццё на вуліцах кіпіць, не перастаючы. Наведайце Шанхайскі музей, храм нефрытавага Буды і рынак Дунтай роўд, каб атрымаць уяўленне аб горадзе і зусім незвычайны жыццёвы вопыт.

9. Сіем-Рып, Камбоджа

Хоць Сіем-Рып з'яўляецца адносна новым паселішчам, ён размешчаны непадалёк ад Ангкор-Вата - Гарада храмаў і найвялікшага рэлігійнага помніка ў свеце. І калі Ангкор-Ват прапануе вам адкрыцці і прыгоды, то Сіем-Рып - адпачынак і спакой.

8. Ханой, В'етнам

Ханой - чароўная сумесь Усходу і Захаду, якая спалучае традыцыйную в'етнамскую культуру з французскім каланіяльным флёрам. На шчасце, дзесяцігоддзі вайны не закранулі горад, і цяпер ён нават больш яскравы і актыўны, чым калі б там ні было. Будучы ў Ханоі, не абыдзіце увагай Стары квартал - адзін з найвялікшых у свеце рынкаў, Музей в'етнамскіх жанчын і шматлікія тэатры.

7. Парыж, Францыя

Цяжка пераацаніць усе тыя культурныя багацці, якімі валодае Парыж. Яго, безумоўна, варта наведаць, прычым пабываць не толькі ў Луўры і на Эйфелевай вежы, але і ў знакамітых рэстаранах, напрыклад у Le Fumoir.

6. Маракеш, Марока

Гэты горад наскрозь прасякнуты спецыямі, якімі стагоддзямі гандлявалі ў Маракешы. Ягоныя рынкі, якія гудуць, і рознакаляровыя кірмашы - ідэальнае месца для тых, хто хоча адчуць дух традыцыйнага мараканскага жыцця.

5. Прага, Чэхія

У сярэднявечнай Еўропе Прага была адным з асноўных палітычных, культурных і эканамічных цэнтраў. Сёння горад перажывае эпоху адраджэння. Калі вы пабываеце ў сучасным Танцуючым доме і гістарычным Праскім градзе, то ўбачыце, як горад знайшоў ідэальны баланс паміж новым і старым.

4. Пекін, Кітай

Пекін - адно з самых старажытных паселішчаў у свеце. Ягоная гісторыя налічвае больш за 3000 гадоў. Тут захоўваюцца самыя важныя для Кітая помнікі, у тым ліку Вялікая кітайская сцяна і знакаміты Забаронены горад.

3. Лондан, Вялікабрытанія

Былая сталіца найбуйнейшай імперыі на зямлі, сёння Лондан - гэта кіпячы кацёл разнастайных культур. У яго межах размаўляюць на трохстах мовах. Тут можна знайсці ежу, мастацтва і забавы з усіх куткоў зямнога шара, а таксама выдатныя ўзоры класічнай ангельскай архітэктуры.

2. Рым, Італія

Яшчэ ў Антычнасці Рым сталі часта называць Вечным. Адным з першых так назваў Рым рымскі паэт Альбій Тыбул (I стагоддзе да н. э.) у сваёй другой элегіі. Уяўленні аб «вечнасці» Рыма шмат у чым захаваліся і пасля падзення старажытнарымскай цывілізацыі, прынёсшы адпаведны эпітэт у сучасныя мовы.

1. Стамбул, Турцыя

Стамбул - гэта дынамічны горад, цягам тысяч гадоў які спалучае ў сабе еўрапейскі і азіяцкі пачатак, а таксама іслам і хрысціянства. Ён вядомы сваёй смачнай ежай, цудоўнай кавай, усходнімі рынкамі і старажытнай архітэктурай. Напрыканцы доўгага дня абавязкова зазірніце ў турэцкую лазню - гэта выдатны спосаб расслабіцца.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках