2 траўня 2024, Чацвер, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна на парозе адключэння газу

22
Украіна на парозе адключэння газу

"Газпрам" плануе ў панядзелак перавесці пастаўкі газу Кіеву на рэжым перадаплаты.

Гэта значыць фактычна пачаць накіроўваць ва ўкраінскую газатранспартную сістэму толькі транзітныя аб'ёмы. Украіна са свайго боку рыхтуецца перайсці на рэжым эканоміі "блакітнага паліва".

Такія вынікі перамоў, якія завяршыліся ў нядзелю, паведамляе РІА Новости.

Трохбаковыя перамовы, у якіх акрамя расейскага і ўкраінскага бакоў удзельнічаў еўракамісар у энергетыцы Гюнтэр Этынгер, працягваліся літаральна да апошняга моманту. Чарговы раунд пачаўся ў нядзелю позна ўвечары і завяршыўся ўжо за поўнач. Аднак кампрамісу дасягнуць так і не ўдалося.

"Перамовы, якія праводзіліся ў Кіеве <...>, скончыліся недзе ў 2.30 ночы па маскоўскім часе. Расейскі бок чакае аплату існай запазычанасці за газ у памеры 1951 мільёна даляраў да 10 гадзін раніцы 16 чэрвеня. У выпадку непаступлення сродкаў, як і было абвешчана раней, пастаўкі газу ва Украіну пераводзяцца на рэжым перадаплаты", - сказаў журналістам афіцыйны прадстаўнік "Газпрама" Сяргей Купрыянаў.

У мінулы чацвер кіраўнік "Газпрама" Аляксей Мілер заявіў, што расейскі холдынг павінен атрымаць ад украінскай дзяржаўнай кампаніі "Нафтагаз" у кошт пагашэння доўгу 1,95 мільярда даляраў да 10.00 мск 16 чэрвеня, у адваротным выпадку ў дачыненні да паставак газу Украіне будзе ўведзены рэжым перадаплаты. Паводле вынікаў перамоў, якія прайшлі ў суботу і нядзелю, гэтая пазіцыя засталася нязменнай.

Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк яшчэ ў пятніцу даручыў профільным міністэрствам, кіраўніцтву НАК "Нафтагаз Украіны" і абласным дзяржаўным адміністрацыям пераходзіць на план функцыянавання энергетычнай галіны, які прадугледжвае спыненне паставак расейскага газу з панядзелка.

Міністр энергетыкі Украіны Юрый Продан у ноч на панядзелак пацвердзіў, што Кіеў гатовы да скарачэння паставак. А вось кіраўнік "Нафтагаза" Андрэй Кобалеў быў нечакана аптымістычны - ён яшчэ бачыць шанцы, што да 10.00 мск будзе прынята кампрамісная прапанова Еўракамісіі ў дачыненні да цаны на газ і графіка пагашэння запазычанасці. Кіеў адмаўляецца гасіць запазычанасць перад "Газпрамам", спасылаючыся на занадта высокую цану.

Транзітнае пытанне

"Газпрам" і Еўракамісія, бясспрэчна, разлічваюць на бесперабойную транспарціроўку праз тэрыторыю Украіны расейскага газу, прызначанага для еўрапейскіх спажыўцоў. Кіраўнік "Нафтагаза" ў пятніцу заяўляў, што Украіна зробіць усё магчымае для бесперабойнага транзіту ў Еўропу. Аднак, паводле ягоных слоў, Кіеў рыхтуецца і да такога сцэнару, пры якім будуць адключаны пастаўкі газу не толькі для Украіны, але і транзітнага.

Падчас папярэдняй газавай спрэчкі Расеі і Украіны зімой 2009 года "Газпрам" пайшоў на поўнае спыненне падачы газу ва ўкраінскую ГТС толькі пасля таго, як Кіеў пачаў адбор з трубы газу, які расейскі холдынг падаваў для транспарціроўкі ў Еўропу.

Кіраўнік "Нафтагаза" адзначыў, што ўкраінскія улады маюць план на выпадак спынення падачы газу, аднак адмовіўся яго раскрываць. Ён заявіў, што Украіна пры гэтым будзе адчуваць сябе камфортна да кастрычніка, паколькі ў сваіх сховішчах краіна назапасіла каля 15 мільярдаў кубаметраў "блакітнага паліва". Гэта значыць Кіеў не баіцца праходжання лета ў выпадку "газавай вайны", аднак ужо зімой могуць узнікнуць праблемы.

Са свайго боку "Газпрам" рыхтуецца ў выпадку ўзнікнення перабояў з транзітам праз Украіну нарасціць пастаўкі праз газаправоды "Паўночны паток" і "Ямал-Еўропа", а таксама падстрахаваць сваіх еўрапейскіх спажыўцоў, павялічыўшы запампоўку ў падземныя сховішчы на тэрыторыі ЕЗ.

***

З 1 красавіка цана на газ для Украіны вырасла з 268,5 даляраў да 485 даляраў за тысячу кубаметраў. Гэта адбылося ў выніку скасавання дзвюх зніжак. Адна з іх была прапанавана ў снежні 2013 года і пасля рэвалюцыі скасавана. Іншая зніжка давалася згодна з харкаўскімі пагадненнямі 2010 года ў абмен на знаходжанне Чарнаморскага флоту ў Крыме і была скасавана пасля ўключэння паўвострава ў склад Расеі.

Расея прапанавала Кіеву кампраміс: зніжку да кантрактнай цаны ў 100 даляраў за тысячу кубаметраў - да 385 долараў. Аднак украінскі бок гэтая прапанова не задаволіла, перш за ўсё - механізм прапановы сніжкі за кошт экспартнай пошліны. Кіраўнік Мінэнерга Украіны Юрый Продан называў такі механізм "пасткай", паколькі прадстаўленне зніжкі, як і яе скасаванне, залежаць ад расейскага ўрада. Кіеў патрабуе ўнесці змены ў сам кантракт.

Пры гэтым украінскі бок настойвае на ўстанаўленні кошту на ўзроўні першага квартала ў 268,5 даляраў, адмаўляючыся інакш аплачваць газ, уключаючы ўжо пастаўлены. У працэсе перамоў, якія ішлі амаль два месяцы, Украіна зрушылася з гэтай пазіцыі, выказаўшы гатоўнасць плаціць за газ па часовай цане, якая была б вызначана на перыяд разгляду ў Стакгольмскім арбітражы, дзе Кіеў спадзяецца дамагчыся перагляду кантракту "Газпрама" і "Нафтагаза".

Спачатку міністр энергетыкі Украіны заявіў, што такой цаной маглі б стаць 326 даляраў. У ноч на панядзелак стала вядома, што ўкраінскі бок падтрымаў прапанову еўракамісара ўстанавіць цану для зімовага перыяду ў 385 даляраў, для летняга - у 300 даляраў ці крыху больш. "Думаю, што ёсць яшчэ шанец заўтра да 9.00 па Кіеве. Пачынаецца новы газавы дзень для пацверджання гэтага кампрамісу", - сказаў кіраўнік "Нафтагаза".

Расейскі бок, паводле слоў Этынгера, пакуль ягоны план не падтрымаў, настойваючы на неадкладнай выплаце запазычанасці ў 1,95 мільярда даляраў і цане ў 385 даляраў на ўвесь год.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках