4 траўня 2024, Субота, 5:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На фестывалі «Наш Грунвальд» адновяць самую маштабную бітву Сярэднявечча

11

VI фестываль «Наш Грунвальд» пройдзе 19-20 ліпеня ў «Дудутках».

У рэканструкцыі слаўнай перамогі нашых продкаў над тэўтонцамі будуць удзельнічаць гістарычныя клубы Беларусі, Расеі, Украіны і Польшчы, якія задзейнічаюць артылерыю, абложныя машыны і піратэхніку.

Фестываль будзе праходзіць на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі». Пра гэта паведаміў 16 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску адзін з арганізатараў фэсту, кіраўнік экстрым-тэатра Berserk Аляксандр Рак.

«Гісторыя Беларусі пачынаецца не з Другой сусветнай вайны і не з БССР, а мае значна больш глыбокія карані. Адна з слаўных старонак нашай гісторыі - Грунвальдская бітва, самая маштабная бітва перыяду сярэднявечча ў гісторыі чалавецтва. Як у колькасці воінаў, якія адначасова ўдзельнічаюць у бітве, так і ў наступствах, якія гэта падзея мела для гісторыі. Хачу адзначыць, што два кіраўніка войска хаўруснікаў - ВКЛ і Каралеўства Польскага - родныя браты Ягайла і Вітаўт былі этнічнымі беларусамі», - сказаў ён.

У праграме фестывалю, акрамя цэнтральнай падзеі, таксама пешы і конны рыцарскія турніры, бугурты - масавыя бітвы па правілах сярэднявечнага бою - і іншыя спаборніцтвы.

Музычны open-air «Баль пасля бітвы» - па сутнасці яшчэ адзін асобны фестываль - пройдзе на дзвюх сцэнічных пляцоўках, дзе выступяць больш за 25 музычных калектываў. Сярод іх беларускія гурты «Стары Ольса», Irdorath, «Нейра Дзюбель», Ceilidh Сeol і іншыя.

Будзе разбіты вялікі лагер сярэднявечных рамёстваў - кавальскага, ганчарнага, зброевага, ювелірнай справы, ткацтва, паведамляе БелаПАН.

Для гледачоў і гасцей будзе прапанаваны бясплатны лагер з месцамі для намётаў, з забеспячэннем тэхнічнай вадой.

Дабрацца на фэст можна будзе не толькі рэйсавымі аўтобусамі Менск-Дудуткі, але і на электрычцы да станцыі Рудзенск (Асіповіцкі напрамак), адкуль будзе наладжаны аўтобус.

Нагадаем, Грунвальдская бітва - вырашальная бітва «Вялікай вайны» 1409-1411 гадоў, тая, што адбылося 15 Ліпеня 1410 года паміж хаўрусным войскам ВКЛ і Рэчы Паспалітай і тэўтонскім войскамі. Хаўрус Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага пад правадырствам караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта атрымаў вырашальную перамогу над войскам Тэўтонскага ордэна. Большасць рыцараў ордэна была забіта або ўзята ў палон. Грунвальдская бітва пераразмеркавала баланс сіл ва Усходняй Еўропе і адзначыла узыход польска-літоўскага хаўруса да ўзроўню дамінуючай ваенна-палітычнай сілы ў рэгіёне.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках