5 траўня 2024, Нядзеля, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ вітае вызваленне Бяляцкага

ПАРЕ вітае вызваленне Бяляцкага

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы вітае вызваленне "выбітнага беларускага праваабаронцы" Алеся Бяляцкага.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службы ПАРЕ.

"Шмат гадоў Алесь Бяляцкі быў адданым партнёрам ПАРЕ, які нястомна змагаўся за правы чалавека ў Беларусі, - заявіла прэзідэнтка асамблеі Ан Брасэр. - Ягоны арышт у 2011 годзе стаў для нас шокам, і мы ніколі не выпускалі магчымасць, каб запатрабаваць ягонага безумоўнага вызвалення. Я шчаслівая, што Алесь Бяляцкі на волі. Ад усяго сэрца я віншую ягоную сям'ю і калег з "Вясны" і Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека".

Брасэр падкрэсліла: "Я сапраўды веру, што надыдзе дзень, калі не будзе ніякіх палітвязняў у Беларусі ці дзе-небудзь яшчэ. І мы ўсе будзем узмоцнена працаваць над тым, каб наблізіць гэты дзень".

Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня паводле амністыі, ён правёў у зняволенні 1.050 дзён. Лідар ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за хаванне даходаў у асабліва вялікай суме.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не было магчымасці, бо праваабарончы цэнтр "Вясна" працуе нелегальна - улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта прычыніў дзяржаве Бяляцкі, была цалкам сплачаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Праваабаронца, якога міжнародныя арганізацыі прызналі вязнем сумлення, адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска (Магілёўская вобласць). У 2012 годзе, а таксама 2013-м і 2014-м Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках