5 траўня 2024, Нядзеля, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Інстытут спецімпарцёраў выклікаў неразуменне ў Крамлі

4
Леанід Заіка: Інстытут спецімпарцёраў выклікаў неразуменне ў Крамлі

Новаўвядзенне беларускіх улад парушала прынцыпы Мытнага саюза.

Так патлумачыў сайту charter97.org нечаканую пастанову ўлады аб скасаванні планаванага экспэрыментальнага інстытута спецімпарцёраў у Беларусі кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка.

- Якая рэальная прычына таго, што ўлада перадумала ўводзіць інстытут спецімпарцёра? Ці не супярэчыць увядзенне такога інстытута законам Мытнага Саюза?

- Першая прычына - гэта неразуменне ў Крамлі. Расейскі ўрад і расейскія эканамісты мне тэлефанавалі і пыталіся: «Што здарылася?», таму што гэта напраўду парушае прынцыпы Мытнага саюза і свабоднага руху тавараў і паслуг. Прычым, крамлёўскія эканамісты мяркуюць, што Беларусь спрабавала ўводзіць манаполію замежнага гандлю, што абсалютна непрымальна. Другая прычына - гэта тое, што беларускія спецыялісты таксама ўважаюць гэта за абсалютна недапушчальнае. Было шмат інтэрв'ю з нагоды таго, што гэта ёсць чысты лабізм, які не мае абсалютна нічога агульнага з нацыянальнымі эканамічнымі інтарэсамі. Я думаю, гэта спрацавала. І трэцяя прычына - гэта абсалютная бесперспектыўнасць такога роду палітыкі.

- Што паўплывала на скасаванне такой пастановы?

- У значнай ступені вызначальную ролю адыгралі медыя, у тым ліку сайт charter97.org і спецыялісты, якія мелі магчымасць свабодна выказацца, ацаніць недарэчнасць такога роду дзеянняў.

- Чаму цяпер Мінпрам адмаўляе сваю раней зробленую заяву?

- Звычайна буйныя чыноўнікі імкнуцца перавесці стрэлкі на дробны чыноўніцкі планктон. Можна меркаваць, што такі лабізм існаваў як супольная салідарная акцыя. Дырэктары баяцца: яны ўжо цяпер губляюць рынкі, бо 85% аб'ёму месячнага выпуску таварных запасаў - гэта недапушчальная велічыня. Я б сказаў, што трэба знайсці адказных за гэта людзей, каб краіна ведала сваіх герояў і ацаніла іх.

- Статус спецімпарцёра збіраліся ўвесці ў якасці экспэрыменту на паўгода. Цяпер у Мінпраме падкрэслілі, што "ўвядзенне спецімпарцёраў у будучыні не плануецца». Якімі могуць быць наступныя крокі ўлады ў сферы прамысловасці? Ці не рыхтуюць увядзенне іншых - больш сур'ёзных абмежаванняў на імпарт?

- Не, гэтага не будзе. МС дазваляе завозіць якія хочаш тавары з Казахстана, з Расеі. І цяпер тавары расейскай вытворчасці таннейшыя, чым беларускія тавары - гэта цалкам натуральна. Застаецца толькі замовіць аркестр, каб ён граў адпаведную музыку. Я думаю, што адсоткаў 15 беларускіх прадпрыемстваў «ляжа», яны паводле вызначэння неканкурэнтаздольныя. А астатнія змогуць працаваць, атрымаць рынкі, будуць зарабляць нядрэнныя грошы.

Нагадаем, некаторы час таму ў Беларусі быў распрацаваны праект дзяржаўнай пастановы, згодна з якой з 1 ліпеня ў краіне плануецца ўсталяваць выключнае права дзяржавы на ўвоз тавараў, аналагі якіх вырабляюцца на тэрыторыі рэспублікі. Гэты дакумент распрацоўваўся Саветам міністраў і Мінпрамам. У адпаведнасці з дакументам, планавалася надаць тэрмінам на паўгода статус спецімпарцёра 12 прамысловым прадпрыемствам, у тым ліку адкрытым акцыянерным таварыствам «МАЗ», МТЗ, «Белшына», «Гарызонт», «Атлант», «Гомсельмаш» і некаторым іншым.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках