5 траўня 2024, Нядзеля, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі прафесар хоча ўваскрэснуць з мёртвых праз 150 гадоў

14
Нямецкі прафесар хоча ўваскрэснуць з мёртвых праз 150 гадоў

Вучоны з Нямеччыны хоча ўваскрэснуць з мёртвых праз 150 гадоў, каб адказаць на пытанне: "Ці ёсць вечнае жыццё?".

Для гэтага 75-гадовы прафесар Клаўс Самес наважыўся замарозіць сваё цела (крыякансэрваваць), піша БелТА са спасылкай на Bild.

"Я не з’ехаў з глузду", - каментуе сваю пастанову нямецкі навуковец. Клаўс Самес амаль усё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню геранталогіі - навукі пра старэнне. Блізу 20 апошніх гадоў, з 1995 года, навуковец займаецца крыёнікай, якая вывучае захаванне ў глыбокай замарозцы жывых істот, каб у будучыні іх можна было ажывіць, а пры патрэбе і вылечыць. Таму на ўласным прафесійным досведзе Самес пераканаўся, што ў крыякансэрвацыі ёсць перспектывы. Вучоны мяркуе, што смерць - гэта хвароба, якую можна навучыцца "лячыць".

"Сёння тэхналогія крыякансэрвацыі незваротная, але гадоў праз 150 чалавецтва, верагодна, навучыцца размарожваць замарожаныя клеткі", - кажа Клаўс Самес.

Самес падпісаў кантракт з амерыканскім "Інстытутам крыёнікі", у лабараторыі якога яго цела будзе знаходзіцца да тых часоў, пакуль сучасная навука не зможа ажыўляць "замарожаныя" арганізмы. Штаб-кватэра "Інстытута крыёнікі" размяшчаецца ў амерыканскім штаце Мічыган.

Маніпуляцыі, якія спецыялісты правядуць з Клаўсам, нагадваюць кадры з фантастычных фільмаў. Цела прафесара будзе даведзена да тэмпературы мінус 196 градусаў. Адзначаецца, што важна імгненна астудзіць пацыента, каб клеткі не пачалі раскладацца. Пасля таго, як будзе зафіксавана смерць мозгу, вучонага змесцяць у скрыню з лёдам, і пачнуць рыхтаваць да перавозкі ў ЗША. У "Інстытуце крыёнікі" з вен Клаўса Самеса адпампуюць кроў і заменяць яе на фізраствор, які стане цвёрдым пасля замарозкі ў камеры з вадкім азотам.

Клаўс выдаткуе на "паслугу" замарозкі 35 тысяч еўра. З іх 21 тысячу еўра ён ужо пералічыў "Інстытуту крыёнікі", яшчэ ў 14 тысяч еўра абыдзецца транспартаванне ягонага цела з Нямеччыны ў Штаты.

Крыякансэрвацыя - нізкатэмпературнае захоўванне жывых біялагічных аб'ектаў, каб мець магчымасць размарозіць іх у будучыні з аднаўленнем іх біялагічных функцый. Метады крыякансэрвацыі клетачных культур, тканін, эмбрыёнаў паспяхова ўжываюцца ў сучаснай медыцыне. Вядомыя толькі адзінкавыя аперацыі з паспяховай трансплантацыяй крыякансерваванных органаў, пры гэтым медыкі гавораць аб аднаўленні пасля размарозкі не цэлага органа, а толькі невялікай часткі жывой тканіны.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках