5 траўня 2024, Нядзеля, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Мустыгін: Не бачу прычын, каб заўзець за Расею

13
Міхаіл Мустыгін: Не бачу прычын, каб заўзець за Расею

Адзін з самых знакамітых савецкіх футбалістаў 1960-х мяркуе, што беларусам няма чаго заўзець за зборную Расеі на ЧС.

Адзін з самых знакамітых савецкіх футбалістаў 1960-х - форвард менскага «Дынама» Міхаіл Мустыгін у інтэрв'ю «Радыё Свабода» ацэньвае цяперашні чэмпіянат свету ў Бразіліі, а таксама тлумачыць, чаму беларусам не трэба заўзець за Расею.

Цягам цэлага дзесяцігоддзя - з 1962 да 1972 - імя Міхаіла Мустыгіна прымушала нервавацца супернікаў менскага «Дынама». Неаднаразова лепшы бамбардзір чэмпіянату СССР і ўдзельнік сімвалічнай каманды ў канцы сезону, уладальнік бронзавага медаля 1963 уваходзіў у залаты фонд тагачаснага футбола. Праз хваробу сэрца лекары забаранілі яму выступаць за асноўную зборную СССР, што не дало на поўную раскрыцца на міжнароднай арэне, таму давялося абмежавацца запрашэннямі на таварыскія матчы.

- Міхаіл Міхайлавіч, як вам цяперашні чэмпіянат свету?

- Ведаеце, па гульнях, якія ўдалося паглядзець, - цікавы чэмпіянат. Шчыра кажучы, нават не чакаў. Усе каманды добра глядзяцца. Ну, і самае галоўнае - эфектыўнасць. Пры такой абароне вельмі добрыя паказчыкі, каманды шмат забіваюць. А вось дзве зборныя, на якіх рабілі асноўныя стаўкі, гуляюць, на жаль, няўдала. Асабліва Іспанія, Англія, ды і Італія таксама. Пэўна, што дзве першыя далей ні пры якім раскладзе ўжо не праходзяць. Што тычыцца Іспаніі, то, на маю думку, тут трэнерская памылка. Па-першае, там паўкаманды гуляе за «Барселону», правільна? А «Барселона» гэты год фактычна праваліла: і ўнутраны чэмпіянат прайграла, першага месца не заняла, і ў Лізе чэмпіёнаў праляцелі. Трэнер зборнай павінен гэта ведаць, ён што, не бачыць? Так, хлопцы мацнейшыя у «Барселоне», але яны папросту ўжо стаміліся, не трэба было іх ставіць. Вось і лагічны фінал. Колькі можна гуляць? Чалавечы арганізм не бязмежны.

- А якія зборныя, у такім выпадку, пакідаюць добрыя ўражанні?

- На жаль, у нашай вёсцы спартыўны «5 канал» не ловіць, так што начных рэпартажаў не бачу. Ну, а з тых, якія паглядзеў, якія спадабаліся? Вядома, гэта Галандыя. Малайцы хлопцы. Таксама спадабалася Аргенціна, добрая каманда. Хоць Месі ў гульні з Іранам выратаваў толькі на апошняй хвіліне, але калектыў роўны. Яшчэ немцы: з Ганай трохі «надзівачылі», але ўражанне, як заўсёды, добрае. Што тычыцца бразільцаў, то, скажу так, і першую, і другую сустрэчу пасрэдна згулялі, не выдалі феерычнай гульні, якой ад іх чакалі. Магчыма, на радзіме сябе ва ўсёй красе яшчэ і пакажуць, але пакуль татальнай перавагі няма. Па крайняй меры, з такой камандай на нешта прэтэндаваць цяжка. Але яшчэ цяжка нешта прадказваць, няма такога, што любы з вуліцы скажа - вось гэта так, яны згуляюць у фінале. Прагназавалі ж ужо: Іспанія, Англія, Партугалія, Італія. Дзе яны? Таму цяжка пра нешта казаць. Што тычыцца мяне, то, думаю, што да канца дойдуць немцы - вельмі нацэленыя хлопцы, могуць заняць першае месца. У галандцаў таксама веру, але нямецкая каманда аб'ектыўна больш стабільная.

- Дарэчы, вам самому даводзілася пабываць у тых шыротах, у Паўднёвай Амерыцы?

- Канкрэтна ў Бразіліі не быў, але ў Паўднёвай Амерыцы ў нас быў таварыскі турнір, у Мексіцы. На сцяне вунь да гэтага часу вісіць фотаздымак з нашымі прозвішчамі - 1963 год, ажно 50 гадоў назад ужо гэта было. Ездзіў туды са зборнай СССР, той турнір мы, дарэчы, выйгралі. Калі не памыляюся, быў сакавік, але такая спякота стаяла, што проста жах. Мы чамусьці ўвесь час гулялі ў 12 гадзін дня, у самае пекла - вышэй за 30 градусаў. Плюс высакагор'е. Вельмі цяжка было, але бегалі. Калі шчыра, у такую спякоту асабліва нікуды не выходзілі, ў гатэлі ўвесь час прасядзелі. На трэніроўку - і назад. Зрэшты, адзін раз самі сабе экскурсію з Эдзікам Малафеевым зрабілі, удваіх. І адразу ж заблудзіліся. Добра, што яшчэ Малафееў запомніў назву гатэля. Нейкую машыну тармазнулі, сказалі кіроўцу, што з Саюза, і ён нас нарэшце давёз. Праўда, замест платы прымусіў расейскія песні спяваць (смяецца). Павінны былі, што ж заставалася? Вось табе і экскурсія. Больш пасля гэтага мы нікуды не выходзілі. Зусім іншы свет, пра што тут казаць.

- Вы нарадзіліся ў Расеі, там пачыналася ваша футбольная біяграфія. Цікавіцеся гульнёй расейскай зборнай? На той час, да пачатку чэмпіянату расейцы заяўлялі, што разбяруцца з супраціўнікамі адной левай.

- Я не глядзеў першую гульню з Паўднёвай Карэяй, бо гулялі ноччу. Хоць хацелася скласці нейкае ўяўленне, чаму згулялі 1:1. А вось як учора з Бельгіяй гулялі, бачыў - прайгралі аб’ектыўна. Каманда слабая, не ўразіла абсалютна нічым. Тэарэтычныя шанцы на плэй-оф яшчэ ёсць, але я на Расею не спадзяюся, не-не. Астатнія каманды зусім не слабыя. Што тычыцца «адной левай», то на чэмпіянаце свету збіраюцца каманды, якіх так лёгка не перамагчы. І афрыканскія, і азіяцкія мабілізуюцца, дэманструюць высокі клас. І аддаць камусьці перавагу цяжка. Таму ў Расеі хоць і кажуць, што каманда ў іх салідная, але адзін матч прайграюць - і ўсё, дадому. Бельгійцы, у адрозненне ад расейцаў, гульню паказваюць, з Алжырам таксама будзе не проста. Цяпер не ўгадаеш, дзе слабыя каманды, а дзе моцныя. Калі шчыра сказаць, я проста гляджу футбол. Хто выдатную гульню паказвае, за таго і перажываю, што мне за Расею заўзець? За добры футбол, за добрую каманду - гэта так. А перш за ўсё заўзею за тую каманду, дзе гуляюць зоркі. Асабіста мне шкада Раналду, за яго перажываю. Слаба Партугалія згуляла, а што можа зрабіць нават суперзорка, калі каманда відавочна церпіць паразу? Калі ўся каманда ў цэлым капітулюе, адзін гулец нічога не здольны выправіць. Сам ведаю, калі яшчэ гуляў: калі супраціўнік нашмат мацнейшы, да цябе не даходзяць перадачы, ты рэдка атрымліваеш мяч - адпаведна, у цябе менш атрымліваецца момантаў. Гэтак жа і ў Раналду, калі партугальцы гулялі з немцамі, з амерыканцамі.

- На днях экс-галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоль Байдачны выказаў здзіўленне, што, высвятляецца, далёка не ўсе беларусы заўзеюць за Расею...

- Не, ну пры чым тут беларусы і зборная Расеі? Глупства нейкае. Ён сам, здаецца, з Расеі, так калі яму так падабаецца, няхай за яе і заўзее. Я таксама родам з Расеі, але, яшчэ раз кажу, я заўзею за добры, якасны футбол. Пры чым тут Расея? Калі б Беларусь там гуляла - справа іншая, сапраўды, трэба было б падтрымліваць сваю каманду. А Расея нам што за арыенцір? Мы што, жывём там? За каго, як гаворыцца, «фанацець»? Гульцоў міжнароднага ўзроўню няма, зорак няма. Такіх, як, напрыклад, у Галандыі. Дарэчы, мне на гэты раз вельмі спадабаўся іх форвард (хоць функцыі ў яго не зусім такія) Ван Персі. Ці бліскучы нападаючы з нямецкай «Баварыі» Робен, таксама за Галандыю выступае. Два гульцы проста выдатныя, цягнуць за сабой астатніх як лакаматыў. Хто ў расейскай камандзе можа хаця б параўнацца?

Фота: goals.by

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках