5 траўня 2024, Нядзеля, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акупацыя Беларусі пачынаецца з парада

48
Акупацыя Беларусі пачынаецца з парада

Штосьці падобнае было ў трыццаць дзевятым.

Разарваўшы на часткі Польшчу, браты па зброі таксама зладзілі парад у адваяваным Брэсце. На трыбуне стаялі побач чырвоны камандзір Крывашэін і нямецкі генерал Гудэрыян. А на брэсцкім бруку адбівалі крок чырвонаармейцы і фашысты.

Пакуль грукаталі гусеніцы танкаў у парадных калонах ды гучалі тосты за дружбу, сапёры Вермахта вымяралі глыбіні Буга на месцах магчымых перапраў. Немцы добра ведалі, што неўзабаве давядзецца ім фарсіраваць гэтую водную перашкоду.

Той час надышоў надзвычай хутка – 22 чэрвеня 1941 года.

Разгром быў жахлівы. Страты незлічоныя. Крамлёўскія авантуры па самым высокім рахунку аплаціла Беларусь. Да гэтага часу не можам апамятацца.

Аднак і ў новым тысячагоддзі расійскае памежжа не ведае спакою. Гэтым разам вораг –Украіна. Не падабаецца, бачыце, тамтэйшае кіраўніцтва. А найперш прэзідэнт. Той, ранейшы, з залатым батонам, быў дарэчы. А новы, абраны на свабодных выбарах, ніяк не пасуе. Адарвалі вялікі кавалак чужой тэрыторыі. І хочацца яшчэ.

А таму ні на хвіліну не сціхаюць баі гэтай неабвешчанай вайны. Гінуць людзі. Затое рэйтынг крамлёўскага чакіста расце неверагодна. І ўжо спыніцца немагчыма. Хочацца, як у даўнія часы, далучаць усё новыя і новыя землі. Падпісваецца дамова – ствараецца Еўразійскі нібыта эканамічны звяз. Далейшыя мэты вядомыя усім: прывід Савецкага Саюза вяртаецца ў Еўропу. Першая, так бы мовіць, перамога. Як тут абысціся без парада?

І выпадае дата адпаведная – 3 ліпеня. Семдзесят гадоў вызвалення Мінска. А паводле колішняга рашэння мудрага правіцеля – дзень Незалежнасці. У новых геапалітычных акалічнасцях адзначаць яго асобна ад Масквы проста неабачліва. Можна застацца без газу і крэдытаў. І то праўда – браты па зброі. Разам Гітлера перамаглі. Нікога іншага на той вайне ніколі не было. Ні тых жа украінцаў, ні кіргізаў, ні грузін. Амерыканцы ды брытанцы і блізка не стаялі. Толькі мы з расійцамі. І воць цяпер узгадаем векапомныя дні – пройдзем разам на парадзе ў Мінску.

Калі без усходняга суседа з тактычных меркаванняў ніяк не абысціся, папрасілі б у Масквы на пэўны час якую-небудзь «кацюшу» ці Т-34. Або той самы сцяг, які паводле афіцыйнай версіі ўзнесла над разбураным Рэйхстагам расійска-грузінская салдацкая адвага. Пранеслі б яго ўрачыста – чым не напамін аб доўгай і цяжкай вайне?

Дзе там! Сённяшніх гаспадароў жыцця ўсё гэта не цікавіць. І сапраўды, а патэнцыйных ворагаў чым палохаць будзем? А таму паводле папярэдніх звестак прыедзе ў беларускую сталіцу магутная расійская тэхніка. Бронемашыны «Тыгр». Ракетныя комплексы «Іскандэр» і С- 400. А ў дадатак, каб канчаткова агаломшыць кляты Захад, стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі ТУ-160. Вось гэта будзе парад. Невядома толькі, чый.

Расійскія сродкі масавай інфармацыі поўняцца чуткамі, што ўся зброя тут і застанецца. Не таму, што сусед занадта шчодры. Проста беларусаў прывучаюць да расійскай прысутнасці. Каб тутэйшыя не надта тузалі ашыйнік.

У драздоўскага правадыра ніхто ўжо не пытае дазволу на ўвод таго ці іншага падраздзялення. Захацелі і пасадзілі на аэрадроме ў Бабруйску свае самалёты. Потым правіцель спрабаваў зрабіць выгляд, што гэта ён іх запрасіў – ахоўваць хакейнае неба падчас чэмпіянату.

Беларускае войска даўно ператварылася ў звычайную вайсковую акругу суседняй дзяржавы. Ніякай самастойнасці. Усё, ад гузікаў да колеру пагонаў, ствараецца па расійскіх узорах. Нічога свайго, акрамя пустаслоўя пра нейкую міфічную незалежнасць. У выніку – 1300 кіламетраў аголенай мяжы. Нідзе нават начнога вартаўніка не знойдзеш. Дзе ўжо тут супраціўляцца. Што маскоўскія гаспадары скажуць, тое тут і будзе. Калісьці пагадзіліся дапусціць на свае манёўры ўсяго адзін расійскі батальён.

Тады на знак пратэсту на цэнтральную плошчу сталіцы выйшаў пікет «Еўрапейскай Беларусі». Ніхто болей тых людзей не падтрымаў. Пікетоўцаў атачылі, кінулі ў аўтобусы. Змітра Бандарэнку спецназаўцы павалілі на асфальт, доўга білі нагамі. Яны нікога не баяліся. Ведалі, на дапамогу пратэстоўцам ніхто не прыйдзе. Разам не выходзяць. Кожная партыя тут толькі за сябе. За Беларусь – нікога.

Тады агрэсараў яшчэ можна было спыніць. А на апошніх манёўрах Расія ўжо нікога не баялася. Яе войска імітавала ядравы ўдар па Варшаве. Яе дэсантнікі адпрацоўвалі раптоўны выхад на заходнюю мяжу нашай краіны. Рабілі, што хацелі. Аднак галасоў пратэсту яны ўжо не пачулі..

І няма чаго здзіўляцца, што на парадзе ў гонар нібыта нашай незалежнасці рэй будуць весці чужынцы. Нічога дзіўнага. Не можам знайсці паразумення, каб абараніць сваю краіну, яе безаблічную тэрыторыю абароняць найміты. Так было заўсёды. Баязлівым адплата за маўчанне.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках