1 траўня 2024, Серада, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прывід Ядвіся палохае вартаўнікоў сельскай школы непадалёк ад Гомеля

11
Прывід Ядвіся палохае вартаўнікоў сельскай школы непадалёк ад Гомеля

У вёскі Грабаўка Гомельскага раёна багатая гісторыя.

Яе жыхары распавядаюць шмат загадкавых легенд, але гісторыя з прывідам у мясцовай школе - не проста фальклор, многія сучаснікі пацвярджаюць: бачылі і чулі! Пераначаваць у Грабаўцы на днях адправіўся карэспандэнт «Комсомольской правды в Беларуси».

Падчас пошукаў школы (вёска вялікая, цэнтр сельсавета) высветлілася, што вяскоўцы ставяцца да свайго прывіду як да чагосьці цалкам натуральнага, якое само сабой разумеецца.

«Адкрыў вочы - сядзіць жанчына з распушчанымі валасамі»

У школе вартаўнік адразу расчараваў:

- Жанаты? Тады не мае сэнсу. Яна толькі маладым халастым хлопцам паказваецца.

Высветлілася, што вартаўнік Іван апошнім разам бачыў прывід гады тры таму, калі быў яшчэ нежанаты. А з таго часу, як стаў сямейным - толькі чуў.

- Неяк я сядзеў ноччу ў настаўніцкай вось на гэтай канапе, - распавядае Іван аб сваёй першай сустрэчы з прывідам. - І раптам пачуў крокі. Гляджу ў дзвярны праём на калідор і бачу: ідзе маладая жанчына ў касцюме з доўгімі распушчанымі светлымі валасамі. Твар я яе не разгледзеў. Выйсці на калідор не змог: нешта прыціснула мяне да канапы і не дало падняцца, пакуль жанчына не прайшла. А потым яшчэ некалькі разоў бачыў яе як цень, спрабаваў даганяць, але яна ўцякала.

Больш падрабязна пра прывід распавядае дырэктарка школы Таццяна Мацюшэнка:

- Сапраўды, усе, хто бачылі здань - маладыя нежанатыя хлопцы. Першым пра прывід нам распавёў вартаўнік, мясцовы хлопец, было гэта гадоў 12 таму. Увечары падчас дзяжурства ў кабінеце на другім паверсе ён глядзеў па тэлевізары спартовую перадачу. Святло было выключанае. Раптам у кутку за тэлевізарам з'явіўся вобраз светлавалосай жанчыны, якая спрабавала рукамі закрыць экран тэлевізара. Вядома, яго аповед усе ўспрынялі як жарт, пасмяяліся. Потым гэты хлопец ад нас з'ехаў, і неяк летам на замену іншага вартаўніка падчас адпачынку прыйшоў адзін маладзён, гомельскі студэнт. І ад яго ўжо пачулі аб другой сустрэчы з прывідам. З тым першым вартаўніком яны не знаёмыя і гэты хлопец не мог нічога чуць пра нашы анамаліі.

Дык вось, пасля сваёй першай ночы ў Грабаўскай школе новы вартаўнік распавёў такую гісторыю:

- Я чытаў кнігу на канапе ў настаўніцкай і заснуў. А ўначы прачнуўся ад таго, што адчуў на твары і шыі ледзяны холад. Расплюшчыў вочы - перад мной сядзела жанчына са светлымі распушчанымі валасамі, якая схілілася нада мной і глядзела на мяне. Я ўскочыў з канапы, і жанчына знікла.

З тых часоў хлопец у школе не спаў, баяўся. І ўжо ў бадзёрым стане яшчэ некалькі разоў сустрэў прывід на калідоры:

- Я абыходзіў ноччу школу і на другім паверсе заўважыў яе. Ціхмяная жанчына не ішла, а як бы ляцела і вельмі гучна смяялася, клікала мяне кудысьці. Калі я яе ўбачыў, было такое адчуванне, што я ішоў праз тоўшчу вады, настолькі цяжка было ісці. А калі ўсё знікла, адчуў, што ўвесь мокры. Калі яе бачыў, страшна не было зусім, але калі яна знікала, з'яўлялася велізарнае пачуццё страху.

Бачылі дзіўную жанчыну і некаторыя настаўнікі. Дырэктарка ў школе ні разу не начавала, але застаючыся ў будынку дапазна, сутыкалася са звышнатуральным:

- Бывае, сядзіш, і чуеш крокі, нейкія гукі. А аднойчы ў будынку пагасла святло і я пайшла на другі паверх паглядзець, ці ўсё там у парадку. Раптам ні з таго, ні з гэтага са скрыпам расчыніліся дзверы ў прыбіральню. Хоць скразняку ніякага не было і гэтыя дзверы наогул не скрыпяць, зачыняюцца заўсёды шчыльна. А яшчэ было такое: я падымалася па лесвіцы ў цемры і падумала: вось бы хто святло уключыў! І тут сапраўды над лесвіцай уключаецца святло! Я потым спытала ў вахцёра, але ён сказаў, што нічога не ўключаў. Наогул, калі мы позна заходзім у школу, заўсёды вітаемся: добры вечар, прывід! Сыходзячы, просім: ахоўвай школу!

Прывід - пазашлюбная дачка памешчыка?

Грабаўская школа - сучасны будынак, яго пабудавалі ў 1997 годзе. А знаходзіцца яна на тэрыторыі старажытнага парку. Зусім блізка была сядзіба памешчыкаў Фашчаў - гэта старажытны гомельскі шляхецкі род, вядомы з XVI стагоддзя. У 80-х гадах велізарная сядзіба, дзе ў той час размяшчаўся сельсавет, згарэла дашчэнту. І неўзабаве побач са знішчаным будынкам, на месцы яблыневага саду, пабудавалі вялікую двухпавярховую школу. За ёй захаваўся парк, а насупраць - па іншы бок невялікага возера - царква.

Збіраючы звесткі аб памешчыках і заадно распытваючы ў старажылаў пра прывіды, супрацоўнікі школы высветлілі, што жыла тут калісьці нейкая Ядвіся. Праўда, у радаводу Фашчаў імя Ядвіга не знайшлі. Але мясцовыя патлумачылі гэта тым, што Ядвіся была ні то пазашлюбнай дачкой пана ад сялянкі, ні то палюбоўніцай сына памешчыка. Паводле адной версіі, дзяўчына павесілася, паводле іншай – пакутавала на нейкую прыроджаную фізічную хваробу, таму не магла выйсці замуж і займалася лячэннем людзей - замовамі, вядзьмарствам.

Аднак распытаць падрабязней пра панну Ядвісю ўжо няма ў каго: старажылаў у вёсцы не засталося, усе яны памерлі, а большая частка жыхароў Грабаўкі - перасяленцы з чарнобыльскіх вёсак.

Дарэчы, нядаўна ў Грабаўцы раскапалі і пачалі добраўпарадкоўваць пахавальню Фашчаў. Склеп, у якім спачываюць некалькі целаў, у тым ліку жанчыны, закінулі з прыходам савецкай улады.

- З прывідам мы не змагаемся, неяк ужо зжыліся з ім, прывыклі да яго, - працягвае Таццяна Мацюшэнка. - Будынак быў асвечаны адразу пасля адкрыцця, а потым святар прыходзіў яшчэ раз. І адразу ж пасля паўторнага асвячэння Ядвіся пачала з'яўляцца зноў. Можа быць, варта запрасіць каталіцкага святара, бо Фашчы былі каталікамі. Але наогул нам прывід не перашкаджае, жывем мірна!

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках