2 траўня 2024, Чацвер, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка перадасць частку паўнамоцтваў Вярхоўнай радзе

4
Парашэнка перадасць частку паўнамоцтваў Вярхоўнай радзе

Прэзідэнт Украіны ўнясе сёння ў Вярхоўную раду папраўкі ў Канстытуцыю краіны, якія прадугледжваюць абмежаванне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.

Украінскі парламент прыме пастанову аб дакуменце на наступным тыдні, піша газета "Коммерсант".

Крыніцы выдання ў асяроддзі Пятра Парашэнкі распавялі, што "асноўныя змены закрануць дэцэнтралізацыю ўлады і падвышэнне самастойнасці рэгіёнаў" - будуць пашыраныя паўнамоцтвы тэрытарыяльных суполак і мясцовых радаў. Статус расейскай мовы не зменіцца.

Дакумент змяншае паўнамоцтвы прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы пазбавіцца права прызначаць суддзяў, прапаноўваць парламенту кандыдатуры на пасады міністраў замежных спраў і абароны. Фармаванне кабінета міністраў будзе праводзіцца са згоды заканадаўцаў. Хоць урад будзе падсправаздачны прэзідэнту, кантраляваць яго працу будзе толькі парламент.

Прэм'ер будзе прызначацца згодна з прапановай кааліцыі парламенцкай большасці, ад прэзідэнта спатрэбіцца толькі ўзгадненне. У сваю чаргу кааліцыя будзе складацца не з фракцый, а з асобных дэпутатаў.

У дакуменце прапісаная новая працэдура імпічменту. Цяпер прычынай для імпічменту можа стаць "наяўнасць у дзеяннях прэзідэнта прыкмет злачынства". Для запуску працэдуры трэба будзе заручыцца падтрымкай 150 народных дэпутатаў Рады супраць 226, патрэбных раней. Для вынясення пастановы патрэбная згода дзвюх трацін парламента.

Прэзідэнт зможа распусціць парламент толькі ў адным выпадку - калі Вярхоўная рада за 60 дзён не здолее сфармаваць урад.

На мінулым тыдні ў звароце да грамадзян Парашэнка паабяцаў, што папраўкі да ўкраінскай Канстытуцыі аб дэцэнтралізацыі ўлады будуць канчаткова зацверджаныя восенню. "Упершыню ў гісторыі Украіны толькі што абраны прэзідэнт, замест таго, каб змагацца, як гэта было звычайна, за пашырэнне сваёй улады, паступае з дакладнасцю наадварот", - адзначыў Парашэнка.

"На падставе новага асноўнага закона будуць праведзеныя выбары мясцовых радаў. Рады сфармуюць выканкамы і выберуць іх кіраўнікоў. І ўжо яны, а не прызначэнцы з Кіева, будуць кіраваць рэгіёнамі і распараджацца мясцовымі бюджэтамі", - растлумачыў украінскі прэзідэнт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках