2 траўня 2024, Чацвер, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Кашапараў: У Менску павінен з'явіцца беларускамоўны ўніверсітэт

12
Анатоль Кашапараў: У Менску павінен з'явіцца беларускамоўны ўніверсітэт

Залаты голас легендарных «Песняроў» мяркуе, што ў краіне павінна быць больш школ і ВНУ з навучаннем на беларускай мове.

Пра гэта Анатоль Кашапараў распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Анатоль, чым і дзе вы цяпер займаецеся?

- Цяпер я жыву ў Менску, але часцей бываю ў Маскве, дзе ў нас канцэрты, запісы на тэлебачанні. Трэба сказаць, што расейцы памятаюць і па-ранейшаму любяць «Песняроў». А чалавек я адсюль. Як гаворыцца, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. А можа, і не вельмі спатрэбіўся, не ведаю. Мы цяпер выступаем часцей з Леанідам Барткевічам. Працуем, пішам шмат чаго новага. Паглядзім, што будзе далей. Але пакуль усё добра - канцэрты ідуць, залы запоўненыя. Дзе плацяць - туды і едзем. Не вельмі мне гэта падабаецца, але не адмаўляемся. Працуем і на карпаратывах, і ў вялікіх залах. Напрыклад, нядаўна ў Краснадарскім краі выступалі: вельмі задаволеныя ўсё - ад моладзі да старэйшага пакалення.

- А ў Менску дзе жывяце?

- У сяброў. Я ў Менску, сваім родным горадзе, не маю нават кватэры. Я ніколі не прасіў, калі быў на піку папулярнасці. Шмат гадоў мы працавалі на Беларусь. Тры канцэрты ў дзень для нас было як адпачынак, а было і па пяць-шэсць. А сёння ў высокія кабінеты не вельмі і пускаюць. Усе чыноўнікі сядзяць новыя, маладыя. Як быццам яны табе і рады дапамагчы, але такое ўражанне, што перш за ўсё трымаюцца за свае крэслы, баяцца, каб іх не зварухнулі. Не пра ўсіх такое скажу. Да некаторых заходзіш - міла сустракаюць, дапамагаюць. Але большасць сядзяць, як закарэлыя грыбы.

- Старых «Песняроў» нібыта любіць слухаць Лукашэнка. Вы б да яго звярнуліся.

- Ён нават плакаў, калі хавалі Мулявіна. Для мяне гэта - вялікая ацэнка. Можа, і трэба будзе звярнуцца. Мы неяк усё адкладаем на будучыню, а будучыня - яна ўжо тут, і заўтра яе можа не быць. Мяне бярэ крыўда вось за што. Сёння, калі я ў Менску пішу новую песню, то павінен плаціць за гэта вялікія грошы. За адну песню - да двух тысяч даляраў. А Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» сядзіць на ўсім гатовым. Мы на гэты брэнд працавалі трыццаць гадоў, я сам больш за дваццаць гадоў аддаў. А яны ўсё атрымалі бясплатна - і памяшканне, і студыю. Гэта вельмі крыўдна. Я не магу зразумець, чаму так адбываецца?

- А якая сітуацыя ў другога «песняра», вашага калегі? Леанід Барткевіч ў Менску таксама на птушыных правах?

- Таксама. Але мы з ім шмат працуем, залы поўныя, людзі ўстаюць у канцы. Прычым, я заўважыў, перад пачаткам канцэрту людзі часам пытаюць адзін у аднаго: а які склад «Песняроў» будзе? Іх жа пяць ці шэсць. А калі выходзім мы з Леанідам, кідаюцца нас абдымаць, цалаваць - усё ў парадку.

- На днях я глядзеў перадачу з вамі на канале «Настальгія». Так вядучы прызнаўся, што калісьці ўвесь Савецкі Саюз па песнях «Песняроў» вучыў беларускую мову. А сёння вам беларускай мовы ў Беларусі хапае?

- Месцамі хапае. Хай будзе больш - я толькі за гэта. «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая, Чаму так горка, не магу я зразумець...» - паглядзіце, як лёгка, мяккая даступная, усе яе разумеюць. Думаю, што трэба адкрываць беларускія школы, у Менску - беларускамоўны ўніверсітэт. Я - за, рукамі і нагамі. Так павінна быць. Шмат каму падабаецца беларуская мова. Чаму не? І хай у тых школах, у тым універсітэце вучацца ўсе, хто хоча. Але туды не трэба нікога цягнуць на ашыйніку. Я сам з задавальненнем пайшоў бы ў той універсітэт. У ЗША людзі і ў 75 гадоў вучацца, і іх пасля бяруць на працу.

- Гурт «Бітлз» распаўся, бо загінуў Ленан. «Песняры» распаліся пры жывым Мулявіне. Хто ў гэтым быў зацікаўлены?

- Я вельмі добра ведаю тую сітуацыю. Быў такі міністр культуры Сасноўскі, быў такі ягоны намеснік Рылатка. Яны хацелі даказаць, што яны мацнейшыя за Мулявіна, які ўсё сваё жыццё прысвяціў таму, каб ва ўсім свеце ведалі пра Беларусь, пра «Песняроў». Той жа Рылатка ў ранні перыяд быў лепшым сябрам Мулявіна, на застоллях у сяброўстве кляўся. Што потым з ім стала, я не ведаю. Сёння для замежжа БДА «Песняры» - проста смешны калектыў. Усе хочуць пачуць старых «Песняроў», з залатога складу. А сёння нават тыя, хто перацягваў апаратуру, зрабіліся спевакамі! І вось што яшчэ адбываецца. БДА ўсюды, дзе мы з Леанідам працуем, высылае паперы, дзе тлумачыць, што мы не маем ніякага дачынення да «Песняроў». Гэта мы - Кашапараў і Барткевіч! Мабыць, БДА няма больш чым займацца. Сядзяць у кабінетах і пішуць...Іх жа трыццаць чатыры чалавекі! Каб мне далі пакой і студыю, мне для працы хапіла б чалавек пяць.

- У Вікіпедыі ў артыкуле пра вас асобным радком паказана: вядомы як выканаўца «Волагды». Прыліпла яна да вас, як лазневы ліст.

- Так, цяпер, яшчэ канцэрт не пачаўся, крычаць: «Волагду» давай!»

- Вам гэта не надакучыла?

- Не, не надакучыла. Спяваем, і ўсё. «Волагда» - не самая дрэнная песня з тых, што мне давялося спяваць.

- А якую песню вы лічыце лепшай у сваім рэпертуары?

- Гэта перш за ўсё мулявінская песня, «Не глядзі на мяне», тая ж «Спадчына». Мне іх і сёння прыемна выконваць. Мне заўсёды падабаліся такія песні, як «Перапёлачка», кампазіцыя «Песня пра долю» на вершы Янкі Купалы. Там столькі мулявінскіх мелодый, столькі песень можна было зрабіць! «Песня пра долю» - самая каштоўная мая праца. Я там добра сябе выявіў.

- Мулявін, працуючы над беларускімі народнымі песнямі, прыслухоўваўся да вас? Вы ж з Барткевічам - беларусы, а ён з Урала прыехаў. Адкуль у ім было такое фенаменальнае адчуванне беларускай песні?

- Апошняе слова заўсёды было за Мулявіным. Як гэта кажуць - без камандзіра армія гіне? Так і ў нас было, Уладзіміра Георгіевіча слухаліся. Ён нават не скончыў вучэльню па класе гітары, але граў - канец свету. Гэта ўсё да яго, я лічу, з космасу прыходзіла. Акадэмічная навука яго магла сапсаваць. А так мы Івана», і «Александрына». Мулявін з захапленнем слухаў беларускія харавыя спевы - і Цітовіча, і Шырму. Мы ездзілі па Палессі, з бабулямі спявалі. Бутэлька на стол, і бабулі завялі. Мы гэта ўсё запісвалі. Мулявін са слязамі на вачах тых бабулек слухаў. Яму душу прабіла ўсё наша, беларускае, і ён стаў шчырым беларусам. Хто да яго ўзяў беларускую песню і вынес на ўвесь свет? І сёння, калі я сустракаюся ў Амерыцы з людзьмі з былых савецкіх рэспублік, з Казахстана, напрыклад, яны ўсе нашы беларускія песні ведаюць з «песняроўскага» рэпертуару. Памятаюць наш калектыў 70-80 гадоў.

- Вы збіраецеся вярнуцца ў ЗША, хацелі б застацца ў Беларусі? Дарэчы, якое ў вас грамадзянства?

- Беларускае. Я хацеў бы застацца, хачу, каб жонка сюды прыехала, але няма куды. Я раней жыў адным днём па прынцыпе: сёння - абы-як, заўтра - бліны. Калі ў 1991 годзе я прыехаў у ЗША, нічога ў мяне не было, усе здзіўляліся - мець залатыя дыскі ў Канах і не мець сотні мільёнаў даляраў? Я ў Амерыцы ўсё пачынаў з нуля, часам сам піцу развозіў. Неяк абжыўся, нават меў тры дамы. Адзін страціў, страціў і ўсе укладзеныя ў яго грошы. Рынак нерухомасці абваліўся, і дом, які каштаваў пад мільён даляраў, абясцэніўся да трохсот тысяч. Столькі ж я павінен быў аддаць банку.

- Булат Акуджава спяваў: «Сумленне, высакароднасць і годнасць - вось яно, святое наша воінства». А ў вас якое галоўнае жыццёвае правіла?

- Маё правіла - трымацца ва ўсім залатой сярэдзіны, у тым ліку і ў стасунках. І начальнікам не трэба трымацца за сваё месца, дрыжаць так, што аж вушы трасуцца. Яны ж нічога не робяць для людзей. Прыкрываюцца законам. Які закон? Чалавечнасць - вось закон! І - залатая сярэдзіна. Так павінна быць, і тады ўсё будзе добра. Беларусы - пераважна - такія. Дык давайце і прымем такую мадэль і будзем згодна з ёй будаваць сваё жыццё. На жаль, шмат што змяніць, я ўжо не змагу, у мяне ўжо мала часу засталося. Аднак, сваім жыццём я збольшага задаволены, хоць сёння я не «пры карыце». Я радуюся кожнаму пражытаму дню. Мяне радуюць людзі, якія падыходзяць, жадаюць здароўя, абдымаюць. Не трэба высока лезці - потым балюча падаць. Але не трэба дазваляць утоптваць сябе ў зямлю.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках