3 траўня 2024, Пятніца, 5:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таксіст з Данецка: Абладміністрацыяй камандуюць расейскія афіцэры

3
Таксіст з Данецка: Абладміністрацыяй камандуюць расейскія афіцэры

Палова жыхароў Данецка ўжо пакінула горад з-за тэрору, які ўчынілі акупанты.

48-гадовы таксіст Іван распавёў "Обозревателю" пра тое, як змяніўся абласны цэнтр са з'яўленнем "зялёных чалавечкаў". Сваё прозвішча мужчына просіць не называць, бо баіцца. Хоць сам упэўнены, што захоўвае нейтралітэт.

- Што змянілася ў Данецку за апошні тыдзень?

- Абладміністрацыяй камандуюць расейскія афіцэры, а мясцовыя пушыліны з губаравымі ў іх на пабягушках. Палова Данецка выехала. Астатні народ напалоханы. Кругласутачныя крамы цяпер да 21.00. Палова заправак зачыненая. Я па начах працую, хоць "Данецкая рэспубліка" ўвяла каменданцкую гадзіну - з 20.00 да 06.00. З паўночы і да 5-й раніцы адзін езджу па Данецку. І ДАІшнікаў па горадзе няма. Пад'ехаў на запраўку ля гарадскога ДАІ, а яны там стаяць. Кажуць: "Горад пусты, навошта дарма бензін паліць, мы тут пастаім". На таксі бяспечней ездзіць, чым на сваёй машыне. На стаянках і ў дварах машын амаль няма. А пасажыраў мала. У асноўным п'яныя "дэнээраўцы". Уночы могуць спыніцца па горадзе на блокпосце. Стаяць на гэтых пастах адны гопнікі і наркаманы. Учора спынілі. З усіх бакоў прыставілі ствалы. "Паказвай, што там у цябе?". Кліент, якога вёз, спалохаўся, думаў - рабаванне: "Хлопцы, з мяне ўзяць няма чаго - вось шаурма у пакеціку, адпусціце дадому!" .

- Ці надоўга сённяшняя сітуацыя?

- Калі СМІ застануцца ў руках "ДНР" - надоўга. Па скрыні паказваюць МММ-ўца Пушыліна і Губарава. Нават "Інтэр" знік ужо на кабельным. Раней слухаў у машыне "Эру" - зараз на той хвалі расейскія "Вести". Там распавядаюць, што на вуліцы Узлётнай (каля аэрапорта, дзе ішоў бой паміж украінскай арміяй і наймітамі з Расеі) украінцы расстралялі мінамётамі мірных жыхароў Данецка.

- Чым незаконная "ДНР" заваёўвае сімпатыі?

- Пусцілі народ у разрабаваную краму "Метро" - вось і ёсць, за што пахваліць новую ўладу. Дзяцей са Славянска адправілі ў "Артэк" - зноў рэспубліка малайчына. Каўказцы трошкі расчысцілі барыкады і выгналі алкашню з АДА, прыбралі з бульвара смеццевыя бакі, і ўсю гэтую срань, што была замест барыкад, здаецца, што вонкава парадак навялі - гэта значыць кадыраўцы малайцы.

- Ці можна павярнуць сітуацыю назад?

- Каб скончыць з бязмежжам, межы трэба зачыніць і ўсе, што засталіся, самі адзін аднаго пераб'юць.

- Як выжыць у сённяшнім Данецку?

- Маўчаць, нічый бок не прымаць. У мяне налепка ёсць "Данецкая народная рэспубліка" - адна дзеўка падарыла. Прыехаў на адрас, выйшлі паддатыя хлопец з дзеўкай. Па іх бачна, што не адна ў яго ходка была, я калісьці ў следчым ізалятары працаваў, ведаю. І дзяўчына шалава. Пра такіх расейскае радыё "Вести" перадало, што 220 украінскіх салдат 2 дзеўкі заразілі ганарэяй. Села ў машыну і кажа: "Давай варушыся, мне у тры гадзіны трэба быць каля выканкама". Дзяжурства там у яе - на барыкадзе рэспублікі. Графік там ёсць, дзяжурным плацяць. "Трэба было мне на аўтамат пайсці, - кажа. - За аўтамат больш даюць". Не паверыў, што яна ўмее страляць, кажу: "Ды ты ж 40 кг важыш, паляціш з гэтым аўтаматам". А хлопец адказвае за яе: "Та не, яна ўжо страляла". Дзяўчына: "На, кажа, бацька, налепку вазьмі". А мне якая розніца? Я пры любой уладзе таксіст. Налепку "ДНР" узяў, але ляпіць не стаў. Адзін дурань прыляпіў з абодвух бакоў - і на лабавым, і на заднім. Раніцай выходзіць у двор - абодва шкла разбітыя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках