3 траўня 2024, Пятніца, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукам параілі не выходзіць з дому

7
Менчукам параілі не выходзіць з дому

МНС таксама рэкамендуе менчукам сёння прыбраць аўто з нізінных месцаў з-за магчымага ліўня.

Пра гэта БелТА паведаміў прэс-сакратар Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.

"У Менску сёння чакаюцца навальніца, ліўні, град, вецер 15-20 м/с. Рэкамендуем без неабходнасці не выходзіць з дому, а аўто прыбраць з нізінных месцаў", - сказаў ён.

МНС таксама настойліва рэкамендуе грамадзянам выконваць усе меры засцярогі пры навальніцы, ліўні і моцным ветры. У прыватнасці, небяспечна хавацца ў падземных пераходах, пад дрэвамі і навесамі на прыпыначных пунктах, стаяць паблізу рэкламных шчытоў.

У МНС адзначаюць, што пры навальніцах могуць пашкоджвацца лініі сувязі і электраперадачы, адключацца электрычныя падстанцыі. Ёсць рызыка лясных пажараў, а таксама пажараў у вытворчых будынках. Пры моцным ліўні таксама не выключаюцца перабоі ў энергазабеспячэнні. Акрамя таго, значна зніжаецца бачнасць. Рух транспарту альбо моцна абцяжарваецца, альбо кіроўцы наогул вымушаныя спыняцца. Моцны вецер у сваю чаргу можа пашкодзіць дахі будынкаў, паваліць дрэвы і г.д.

Пры навальніцы рэкамендуецца не выходзіць з дома, зачыніць вокны і коміны. Не варта тапіць печку. Трэба трымацца далей ад электраправодкі, антэн. Таксама неабходна адключыць радыё і тэлевізар, пазбягаць выкарыстання тэлефона і электрапрыбораў. Калі ж навальніца застала на адкрытай мясцовасці, трэба памятаць, што маланка б'е ў самую высокую кропку на сваім шляху. "Вялікае дрэва, самотны чалавек у полі і ёсць гэтая высокая кропка", - нагадалі ў МНС. Па гэтай прычыне нельга хавацца пад высокімі дрэвамі, асабліва адзінкавымі. Калі няма ніякай хованкі, лепш легчы на зямлю або прысесці ў яму (траншэю), прыгнуўшы галаву. Калі чалавек у гэты час у лесе, можна схавацца сярод нізкарослых раслін. Калі ад навальніцы хаваецца адразу некалькі чалавек, лепш прысесці, не сутыкаючыся адзін з адным. Таксама трэба быць на выдаленні ад ліній электраперадачы, паколькі яны прыцягваюць маланку.

Падчас навальніцы нельга купацца ў вадаёмах і не варта бегаць. "Калі вы едзеце на ровары або матацыкле - спыніце рух, пакіньце іх і перачакайце навальніцу на адлегласці прыкладна 30 м ад транспартнага сродку", - параілі ў МНС. Калі ж чалавек едзе падчас навальніцы на аўтамабілі, трэба спыніцца, зачыніць вокны і заставацца ў машыне. Бывае і так, што навальніца пачалася, калі чалавек знаходзіцца ў лодцы. У гэтым выпадку трэба хутчэй веславаць да берага.

Пры моцным ліўні, які застаў чалавека на вуліцы, не трэба спускацца ў падземныя пераходы і іншыя падобныя памяшканні. "Паспрабуйце схавацца ў будынках, размешчаных вышэй магчымага ўзроўню падтаплення. Калі памяшканне, у якім вы знаходзіцеся, падтапляецца, паспрабуйце пакінуць яго і перайсці на бліжэйшае ўзвышша", - падкрэсліваюць у МНС. Калі пакінуць будынак не атрымліваецца, трэба падымацца на больш высокія паверхі. Пры гэтым трэба выключыць электрычнасць і газ, шчыльна зачыніць вокны, дзверы і паведаміць пра сваё месцазнаходжанне на лінію 101.

"Калі лівень застаў вас у асабістым транспарце, не спрабуйце пераадолець падтопленыя ўчасткі. Павольна перастройцеся ў крайні правы шэраг (на абочыну) і, не звяртаючыся да экстранага тармажэння, спыніце рух. Уключыце аварыйныя агні і перачакайце лівень. У выпадку імклівага прыбывання вады пакіньце транспартны сродак і прайдзіце на ўзвышаны ўчастак мясцовасці або ў бліжэйшы будынак", - сказалі ў ведамстве.

Пры моцным ветры трэба прыбраць гаспадарчы інвентар з двара прыватнага дома. Калі ёсць балкон, то ўсе рэчы з яго таксама трэба забраць. Машыну неабходна паставіць у гараж, а калі яго няма - прыпаркаваць удалечыні ад дрэў, а таксама слаба ўмацаваных канструкцый.

"Знаходзячыся на вуліцы, абыходзьце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам. Пазбягайце дрэў і разнастайных збудаванняў павышанай рызыкі: мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадачы, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб'ектаў", - адзначылі ў МНС.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках