19 сакавiка 2024, aўторак, 11:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Маладафронтавец» патрабуе кампенсацыі за ўмовы ўтрымання ў турме

8
«Маладафронтавец» патрабуе кампенсацыі за ўмовы ўтрымання ў турме

Зміцер Крамянецкі хоча спагнаць праз суд кампенсацыю за зневажальныя ўмовы ўтрымання ў Ельскім ІЧУ.

Сёння, 3 чэрвеня, у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбудзецца папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскай пазове актывіста «Маладога фронту» Змітра Крамянецкага да УУС Гомельскага аблвыканкама і Міністэрства фінансаў РБ. Нагадаем, яшчэ 22 лютага на ўкраінскай мяжы былі затрыманыя Мікалай Дземідзенка і Зміцер Крамянецкі. 24 лютага суд Ельскага раёна прыгаварыў іх да 10 сутак арышту, прызнаўшы вінаватымі ў дробным хуліганстве, піша ПЦ «Вясна».

Зміцер Крамянецкі падаў пазоў у суд аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды, атрыманай у Ельскім ІЧУ.

У заяве ў суд маладафронтавец пералічыў шэраг парушэнняў заканадаўства пры адбыцці арышту ў ІЧУ. Так, пасля яго затрымання не былі апавешчаныя пра гэта блізкія сваякі насуперак патрабаванню арт.8.2 ПВКаАП РБ. Арыштаваныя ўтрымліваліся ў ізалятары з парушэннем устаноўленых правілаў. «У прыватнасці, у памяшканні не была забяспечаная норма плошчы на аднаго чалавека, я не быў забяспечаны індывідуальным спальным месцам, не было магчымасці прыняць душ, два дні я ўтрымліваўся ў адной камеры з асобай, якая падазраецца ў здзяйсненні злачынства», - пералічыў парушэнні ў заяве Зміцер Крамянецкі.

У камеры, дзе ён адбываў пакаранне, адсутнічала натуральная вентыляцыя, санвузел знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад месца сну і прыёму ежы. Харчаванне было недастатковым, ежу выдавалі толькі адзін раз на дзень.

Такім чынам, аўтар пазову адчуваў маральныя пакуты ад недахопу свежага паветра, сорам і агіду ў сувязі з тым, што не мог належным чынам падтрымліваць асабістую гігіену, прыём ежы ў непасрэднай блізкасці ад санвузла прыніжаў яго гонар і годнасць. Выклікала пакуты і пачуццё голаду, а страх і няўпэўненасць - ад знаходжання побач з чалавекам, які падазраваўся ў крымінальным злачынстве.

Маладафронтавец патрабуе праз суд кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

«Такія ўмовы адбыцця адміністрацыйнага спагнання безумоўна з'яўляюцца актам забароненага жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання», - падкрэслівае ў пазове малады чалавек.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках