29 красавiка 2024, панядзелак, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі збіраюць форум у Менску

22
Прадпрымальнікі збіраюць форум у Менску

ІП з розных куткоў Беларусі збіраюцца сёння на форум у Менску.

Прадпрымальнікі будуць абмяркоўваць, як ім працаваць пасля таго, як увойдзе ў дзеянне ўказ Лукашэнкі №222. Форум пачнецца сёння а 12.00.

Ініцыятарам сустрэчы, якая адбудзецца ў гатэлі «Беларусь» выступіла РГА «Пэрспэктыва». Тэма сустрэчы: «Выбар прадпрымальнікаў - цывілізаваная сучасная рынкавая эканоміка», піша БелаПАН.

Указ №222 уваходзіць у дзеянне ўжо заўтра, 1 ліпеня. Згодна з указам, ІП абавязаныя мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь пасля названай даты. Гэта першасныя ўліковыя дакументы, якія афармляюцца на тэрыторыі іншай краіны, абавязковыя рэквізіты касавага чэка і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць аплату тавараў. Аднак ІП мяркуюць, што згодна з указам немагчыма будзе працаваць, бо наяўнасць дакументаў залежыць не ад іх, а ад пастаўнікоў, у асноўным расейскіх, у якіх атрымаць патрэбныя дакументы практычна немагчыма.

Да 1 сакавіка 2015 года ўстаноўлены пераходны перыяд, падчас якога ІП могуць распрадаваць без суправаджальных дакументаў рэшткі тавараў, увезеных да ўваходжання ўказа ў дзеянне. Аднак арганізатары форуму ўпэўненыя, што гэта дасць магчымасць папрацаваць нейкі час, але сутнасць праблемы не развяжацца.

«Пэрспэктыва» неаднаразова заяўляла, што ўказ №222 нежыццяздольны, патрабаванне сертыфікацыі з пункту гледжання рознічнага гандлю немагчымае. У арганізацыі ўпэўненыя, што ва ўказ давядзецца ўносіць карэктывы. Прадпрымальнікі задаюцца пытаннем, які кошт давядзецца заплаціць і ім, і дзяржаве за тое, каб прыйсці да кампрамісу.

«Ужо сёння прадпрымальнікі многіх рэгіёнаў прынялі пастанову падаваць нулявыя дэкларацыі на ліпень. У Віцебскай вобласці прайшоў страйк. Сітуацыя напружаная. Людзей можна зразумець - ніхто не хоча губляць тое, што было зароблена цяжкай працай за многія гады, і застацца без кавалка хлеба», - адзначаюць арганізатары форуму.

Удзельнікамі сённяшняй сустрэчы плануецца абмеркаваць, чаму ІП не здолеюць працаваць паводле ўказу №222 і мець суправаджальныя дакументы, што перашкаджае прадпрымальнікам праводзіць мытную рэгістрацыю тавару, чаму ІП не здолеюць выканаць тэхнічны рэгламент мытнага саюза. А таксама як працуюць дробныя прадпрымальнікі ў Расеі, Турцыі, Кітаі, краінах Еўразвязу, што будуць рабіць ІП у выпадку канфіскацыі тавараў і штрафаў, хто вінаваты ў сітуацыі, якая склалася і якія крокі варта прапанаваць дзяржаве для ўрэгулявання праблем у гандлі ІП.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках