29 красавiка 2024, панядзелак, 8:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Майкл Джэксан зарабіў пасля смерці $700 мільёнаў

3
Майкл Джэксан зарабіў пасля смерці $700 мільёнаў

Большая частка гэтых грошай ідзе на забеспячэнне ягоных нашчадкаў - іх адукацыю, вольны час, здароўе і бяспеку.

Майкла Джэксана, верагодна, напраўду можна назваць самым багатым нябожчыкам свету. За пяць гадоў пасля сваёй смерці ён зарабіў 700 мільёнаў даляраў, піша «Комсомольская правда».

Акрамя пасмяротных дыскаў «Michel» і «Xscape», вялікі прыбытак спеваку прыносяць шматмільённыя рэкламныя кантракты і прыбыткі ад разнастайных выгадных пакупак. Да прыкладу, адзін толькі ягоны фільм-канцэрт This is it сабраў больш за 260 мільёнаў даляраў.

Як піша часопіс Forbes, мала каму вядома, што акрамя свайго музычнага таленту, у артыста былі таксама добрыя задаткі прадпрымальніка. Пры жыцці ён паспеў заключыць нямала паспяховых кантрактаў. Так, напрыклад, у 1985 годзе ён купіў 50% каталога песень кампаніі Sony/ATV Music Publishing, што да гэтага часу прыносіць на ягонае імя васьмізначныя дывідэнды. Акрамя таго, грошы прыносіць і індасамент (перадача правоў па вэксалю) з кампаніяй Pepsi.

- У Майкла Джэксана быў светапогляд бізнэсоўца. Ён увесь час набываў розныя прадпрыемствы, - распавёў выданню Кевін Лайлс, былы кіраўнік кампаніі Def Jam Recordings.

Між тым, паводле некаторай інфармацыі, большая частка грошай, якую прыносіць імя легендарнага артыста, ідзе на забеспячэнне ягоных нашчадкаў - іх адукацыю, вольны час, здароўе і бяспеку.

Нагадаем, у чэрвені 2009 года ў шпіталі Універсітэта Каліфорніі ў Лос-Анджэлесе на 51-м годзе жыцця памёр Майкл Джэксан. Пазней суд прызнаў вінаватым у смерці поп-караля ягонага лекара Конрада Мюрэя, цяпер ён адбывае чатырохгадовы турэмны тэрмін. Паводле версіі абвінавачвання, менавіта ён даў музыканту празмерную дозу прапафолу, які стаў прычынай гібелі спевака. Сам асуджаны не прызнае сябе вінаватым, ягоныя адвакаты сцвярджаюць, што ў спевака была залежнасць ад заспакойлівых лекаў, і ён сам прыняў смяротную дозу прапафолу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках