1 траўня 2024, Серада, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маладая сям'я стварыла настольную гульню «Разам!» на беларускай мове

7

На кніжным кірмашы з'явілася ў продажы настольная гульня на беларускай мове «Разам!».

Падобныя забавы ў стагоддзе сацыяльных сетак - самі па сабе феномен, а гульня на беларускай мове - зусім ужо рэдкі выпадак. Карэспандэнт «Інтэрфакса» даведалася ў стваральнікаў «Разам!» Паўла і Вольгі Бераснёвых, навошта і каму патрэбныя гульні на беларускай мове.

«Пачалося ўсё з таго, што мне не хапала беларускай мовы, - кажа Вольга. - Пагаварыла я з Пашам дома на беларускай мове, патроліла прадавачак у краме, але ўсё роўна мне было мала! Таму хацела зрабіць такую гульню ў адным экзэмпляры для сваіх сяброў, але потым вырашылі зрабіць іх некалькі».

Оля кажа, што мэтай было - паказаць людзям, што беларуская мова - гэта проста, а не дзве крайнасці: «трасянка» і чыстая мова, якая многім здаецца складанай у вывучэнні.

Сутнасць гульні ў наступным: удзельнікі павінны растлумачыць адзін аднаму на беларускай мове слова, якое выпала на картцы, не называючы яго. За хвіліну неабходна адгадаць як мага больш слоў. У гульні ёсць як простыя словы - «трава», «сонца», «неба», так і складаныя, напрыклад, «кнігаўка».

Так, лічаць стваральнікі, на асацыяцыях гульцы вывучаць новыя словы і змогуць развіваць сваю мову. Аднак, гэтая гульня наўрад ці спадабаецца дзецям. Яна адносна складаная і для дарослых.

Настольныя гульні добра прадаюцца ў крамах, дзе ёсць магчымасць спачатку паіграць з кампаніяй на месцы, пратэставаць гульню, а потым купляць. На тэставыя гульні часта прыходзіць адна кампанія, якая бярэ простую гульню, потым яны прыводзяць з сабой яшчэ больш людзей і ўжо выбіраюць што-небудзь паскладаней. А падобная настольная гульня як раз падыходзіць для вялікіх кампаній.

Гульня, дарэчы, каштуе каля 200 тысяч. Паша і Оля не лічаць, што гэта дорага, хоць усімі спосабамі спрабавалі зрабіць гульню танней.

Гульню маладая сям'я зрабіла крыху больш, чым за месяц, пры падтрымцы «Арт-Сядзібы».

Павел пакуль не можа дакладна сказаць, ці можна зарабіць грошы на беларускай гульні, але ўпэўнены, што цяперашні тэставы тыраж у 100 асобнікаў сапраўды атрымаецца прадаць. Як пойдзе далей - невядома, бо не зусім зразумела, колькі беларусаў гатовыя гуляць у настольныя гульні на беларускай мове.

«Разам!» - гэта ўжо другая гульня на мове, першую - «Паўстанцы» - выпусцілі ў Беларусі год таму.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках