6 траўня 2024, панядзелак, 22:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя ідэалагічнай «дыверсіі» ў БССР

19

Прайшло больш за 30 гадоў, а гэтую гісторыю працягваюць са смехам успамінаць у асяроддзі фотамастакоў.

У 1980 годзе па замове ЦК у выдавецтве «Беларусь» сталі працаваць над стварэннем раскошнага фотаальбома пра Менск, які планавалася прадставіць пашпартам сталіцы БССР. Кніга павінна была ўсяляць у савецкіх людзей гонар, а замежнікаў прымусіць адчуваць пачуццё захаплення перад дасягненнямі сацыялізму. Грошай не шкадавалі, да працы падключылі больш за дзесятак фотамайстроў, якія здымалі Менск нават з верталётаў.

Паралельна Георгій Ліхтаровіч рыхтаваў свой аўтарскі лірычны альбом пра родны горад. Калі праца над ім ужо завяршалася, аказалася, што з падрыхтоўкай іншага пампезнага зборніка ўзніклі праблемы.

- Больш за дзесятак фатографаў, прыцягнутых да працы, прынеслі ў выдавецтва здымкі з аднатыпных кропак - плошчы Перамогі і плошчы Леніна. Альбом рабіць было няма з чаго, - распавядае «Салідарнасці» Георгій Ліхтаровіч. - Дырэктар выдавецтва Антоненка Міхаіл Антонавіч, цудоўны чалавек, выклікаў мяне да сябе ў кабінет і кажа: Георгій, мне вядома будзе шкада, калі не выйдзе твой аўтарскі альбом, я паважаю цябе як майстра. Але калі не выйдзе вялікі альбом, мяне здымуць з працы. Так на аснове маёй працы пачалі рабіць вялікі зборнік. Аднак калі туды сталі штурхаць трактары, маторныя заводы і герояў сацпрацы, я скалал: хлопцы, калечце маё дзіця без мяне.

Георгій Ліхтаровіч з альбомам «Менск» 1981 года выпуску каля той самай ратонды

У выніку ў вялікім праекце не абышлося без вялікай памылкі. Як успамінае Валянцін Губараў, які працаваў у той час у выдавецтве мастацкім рэдактарам, у апошнія дні перад адпраўкай у друк у альбоме вырашылі замяніць некалькі слайдаў. У ідэалагічны аддзел ЦК іх на ўзгадненне ўжо не насілі.

Фотаальбом пра горад з поспехам надрукаваны 50-тысячным тыражом на добрай паперы з тэкстам на трох мовах і адпраўлены ў гандлёвыя кропкі. Супрацоўнікі выдавецтва працягвалі працаваць з пачуццём выкананага доўгу, пакуль да іх не сталі паступаць бянтэжныя сігналы. А калі яны з дрэннымі прадчуваннем адкрылі альбом на адной са старонак, то схапіліся за галаву.

На здымку быў паказаны выдатны пейзаж насупраць сквера Янкі Купалы. У цэнтры на беразе Свіслачы знаходзілася ратонда. А ўнутры яе стаяла кампанія мужчын, адзін з якіх бессаромна, запракінуўшы галаву, піў віно з рыльца.

 - Нейкі ветэран патэлефанаваў у выдавецтва: «Што вы друкуеце?! У вас на здымках алкаголікі!», - успамінае Георгій Ліхтаровіч. - Спачатку віну спрабавалі павесіць на мяне. Справа ў тым, што па інэрцыі на тытульнай старонцы альбома засталося маё прозвішча (імёны іншых фатографаў паказваліся на апошняй старонцы дробным шрыфтам). Але я да здымка не меў ніякага дачынення, што ўдалося даказаць: я здымаў на стужку «кодак», а фатаграфія была зробленая на іншай. Я ведаю, хто аўтар гэтага здымка. Але не хачу называць яго імя, ён выпадковы чалавек у гэтым жанры.

Аказалася, што калі ў апошнія дні перад друкам замянілі некалькі здымкаў, то ў дробных слайдах не раглядели дэталяў.

- Цяпер гэта ўжо лягчэй успрымаецца, а ў той час падобнае выглядала дыверсіяй. Дырэктар выдавецтва ўчыніў разнос, з усіх паздымалі прэміі, - распавядае Валянцін Губараў. - Але што было рабіць? Амаль 80% штата выдавецтва «Беларусь» раздалі слоічкі з фарбай і адправілі ў гандлёвыя кропкі на месцы зафарбоўваць фігуру або бутэльку колерам неба. Атрымліваўся новы сюжэт. Днём пры сонцы чалавек спрабаваў, мабыць, разглядзець на небе зоркі…

Аднак ахапіць увесь 50-тысячны тыраж супрацоўнікам выдавецтва было, натуральна, нерэальна. І сёння ў шматлікіх жыхароў і гасцей сталіцы захоўваецца на паліцах альбом са здымкам незарэтушаванай савецкай рэчаіснасці.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках