28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы рыхтуюцца стартаваць на «Тур дэ Франс» і «Джыра д'Італія»

1
Беларусы рыхтуюцца стартаваць на «Тур дэ Франс» і «Джыра д'Італія»

Прадстаўнікі Беларусі рыхтуюцца стартаваць на велагонках "Тур дэ Франс" і "Джыра д'Італія".

Бліжэйшымі днямі ў Еўропе возьмуць старт дзве прэстыжныя шашэйныя велашматдзёнкі.

На 101-й гонцы сэрыі Гранд-тур "Тур дэ Франс" выступіць беларус Васіль Кірыенка. Удзельніцай жаночай гонкі "Джыра д'Італія" стане Алена Амялюсік, паведамляе БелТА.

Самая вядомая і прэстыжная роварная гонка свету "Тур дэ Франс" (ці "Вялікая пятля") стартуе сёлета 5 ліпеня, прычым адбудзецца гэта не ў Францыі, а ў Вялікабрытаніі.

Васіль Кірыенка, які выступае акурат за брытанскую каманду "Скай" ("Sky") стане адзіным прадстаўніком Беларусі ў грамадзе 198 гоншчыкаў. 33-гадовы спартовец не з'яўляецца лідэрам сваёй веласуполкі, аднак выконвае вялікі аб'ём супольнай працы. Ягоная галоўная задача - падтрымка лідэра "Скай" трыумфатара леташняй "Тур дэ Франс" Крыстафэра Фрума.

Гэтым разам Фрум не выглядае відавочным фаварытам у барацьбе за перамогу ў агульным заліку, і прычынай таму ягоныя праблемы са здароўем, бляклы выступ на чэрвеньскай прэстыжнай гонцы "Крытэрыум Дафінэ" і зняцце з уласнай ініцыятыве з "Тырэна-Адрыятыка". Прадбачыцца супрацьстаянне з непрадказальнай развязкай паміж Фрумам, а таксама гішпанцамі Альбэртам Кантадорам ("Tinkoff-Saxo"), Алехандрам Валвэрдэ ("Movistar") ды італійцам Вінчэнцам Нібалі ("Astana BePink").

Вялікі ўклад у леташнюю перамогу на "Вялікай пятлі" Крыстафэра Фрума ўнеслі менавіта ягоныя беларускія калегі са "Скай". Васіль Кірыенка прарабіў вялікі аб'ём чарнавой працы на першым тыдні гонкі. На 9-м этапе ён тады выбыў са спаборніцтваў, калі не змог укласціся ў адведзены ліміт часу. Гэта было звязана са звычайнай фізічнай стомленасцю пасля працы ў пелетоне на лідэра сваёй каманды. У далейшым на горных этапах Фруму дапамагаў яшчэ адзін беларус Канстанцін Сіўцоў, які сам дапяў да фінішу і ў выніковым заліку размясціўся на 90-й пазіцыі. Беларус Аляксандр Кучынскі, які выступае за расейскую каманду "Кацюша", фінішаваў у гонцы на 141-м месцы. Удзельнікі "Тур дэ Франс" 2014 года маюць пераадолець 3656 км на працягу 21-га этапу.

Жаночая "Джыра д'Італія" з удзелам Алены Амялюсік, якая выступае за казахстанскую "Astana BePink", стартуе 4 ліпеня і будзе складацца з 10 этапаў. У пачатку сезону беларуска дамаглася значных поспехаў, выступаючы ў велагонках па дарогах цэнтральнаамэрыканскіх дзяржаў. Не ейным рахунку 2-е месца ў агульным заліку шматдзёнкі "Вуэльта Сальвадор", а таксама годнасць найлепшай гоншчыцы ў яе горнай і спрынтэрскай класіфікацыях. На другой шматдзёнцы "Вуэльта Коста-Рыка" Амялюсік заняла 3-е месца ў агульным заліку, адначасна здабыўшы горную намінацыю. Таксама ёй не было роўных на Гран-пры Сальвадора. Нядзіўна, што на жаночай "Джыра" беларускай спартоўцы давераная роля лідэркі казахстанскай каманды. Яе галоўнымі памагатымі стануць Сільвія Вальсэчы і Сымона Фрапорці.

Напярэдадні старту ў прэстыжных міжнародных спаборніцтвах усе наймацнейшыя гоншчыкі Беларусі, у тым ліку якія выступаюць за замежныя клубы, бралі ўдзел у чэмпіянаце краіны ў велагонках на шашы ў Мазыры. У групавой гонцы перамог прадстаўнік французскай каманды "AG2R La Mondiale" Яўген Гутаровіч. У гонцы з паасобным стартам першынстваваў Канстанцін Сіўцоў, прычым перамога яму дасталася постфактум пасля дыскваліфікацыі за няправільнае праходжанне трасы Васіля Кірыенкі, які паказаў абсалютна найлепшы вынік. Сярод жанчын і ў групавой гонцы, і ў "паасобцы" наймацнейшай сталася Алена Амялюсік.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках